З кожным годам у Ашмянскім раёне рэгіструецца ўсё больш суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у прыватнасці, у сферы гандлю, паслуг і вытворчасці прамысловай прадукцыі. У 2012 годзе распачалі сваю дзейнасць 19 камерцыйных арганізацый, летась — ужо 34. Увогуле на пачатак гэтага года ў раёне было зарэгістравана 210 малых прадпрыемстваў і 544 індывідуальныя прадпрымальнікі.
«Навічкі», якія толькі-толькі пачынаюць свой бізнес на Ашмяншчыне, ужо ведаюць: усе канструктыўныя дзелавыя прапановы, у тым ліку і замежных інвестараў, будуць падтрыманы мясцовай уладай. У гэтым пераканаліся, напрыклад, заснавальнікі замежнага прадпрыемства з абмежаванай адказнасцю «Унісон груп», наладзіўшы кандытарскую вытворчасць у аграгарадку Кракоўка.
Пачыналі армянскія інвестары з выпуску саломкі, потым запусцілі лінію па выпуску розных відаў сушак — не толькі традыцыйных, але і ванільных, з макам, з кунжутам. Але і на гэтым не спыняюцца: ужо закуплена абсталяванне па вытворчасці пясочнага пячэння, міні-кексаў і круасанаў. Больш за 50 рабочых месцаў для мясцовых жыхароў было створана на прадпрыемстве, а з уводам гэтай лініі яны дапоўняцца новымі. Плюс, зразумела, падаткі ў бюджэт. Выгада і ў тым, што падчас вытворчасці выкарыстоўваецца менавіта мясцовая сыравіна — ашмянскія дрожджы, лідская мука, а таксама нашы маргарын, цукар, соль, упаковачныя матэрыялы...
Прычым атрыманая прадукцыя запатрабавана не толькі ў нас — яна мае някепскія экспартныя перспектывы на рынках Расіі і іншых краін. Прафесіяналізм інвестараў і вытворцаў, якія здолелі знайсці выгадную «нішу», падмацоўваецца падтрымкай з боку мясцовай улады. Усе пытанні, што ад яе залежаць, вырашаюцца граматна і без валакіты, зазначае адзін з заснавальнікаў ЗТАА «Унісон груп» Вардан АМІР'ЯН.
Дарэчы, сёлета жаданне працаваць на Ашмяншчыне праявіў і літоўскі інвестар, які збіраецца займацца вытворчасцю пакаёвага абутку. І яму таксама будзе аказана падтрымка. Паводле інфармацыі намесніка старшыні Ашмянскага райвыканкама Галіны ЛЮТКОЎСКАЙ, цяпер вырашаецца пытанне аб размяшчэнні новай вытворчасці ў адным з будынкаў дзяржаўнай уласнасці. Пакуль ён выкарыстоўваецца неэфектыўна, але можа атрымаць «другое жыццё».
Барыс ПРАКОПЧЫК.
У тэму
Васямнаццаці індывідуальным прадпрымальнікам, зарэгістраваным у Ашмянскім раёне, якія займаюцца вытворчасцю тавараў і аказаннем паслуг, прадастаўлена льгота ў выглядзе паніжальнага каэфіцыента ў памеры 0,5 да стаўкі адзінага падатку.
Канструктыўнаму дыялогу дзяржаўных органаў з прадстаўнікамі бізнесу садзейнічае Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры Ашмянскім раённым выканаўчым камітэце. Акрамя таго, на базе мясцовага аграрна-эканамічнага каледжа створаны Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва. Ён аказвае суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва кансультацыйныя паслугі ў атрыманні крэдыту, дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, забеспячэнні доступу да матэрыяльных рэсурсаў.
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».