Вы тут

На касцях будаваць не будуць


Пагалоска пра будаўніцтва ў Валожыне дома для супрацоўнікаў свінакомплексу на месцы пахавання расстраляных яўрэяў усё не сціхае. Таму «Звязда» вырашыла разабрацца, што ж насамрэч адбываецца ў райцэнтры.

Аказалася, гэтая гісторыя — не з вясёлых. Пэўны час таму ў Валожыне было выбрана месца для будаўніцтва жылых дамоў для супрацоўнікаў свінакомплексу. Выбар праекціроўшчыкаў паў на стадыён. Былі знесены бетонныя пліты, агароджы, футбольныя вароты. І ўсё б нічога: стадыён — не парк, ім можна ахвяраваць. Аднак мясцовыя актывісты на чале з Георгіем Каржанеўскім пачалі сцвярджаць, што акурат на гэтым самым месцы ў часы Вялікай Айчыннай вайны была яма, у якую скідвалі пахаваных яўрэяў. Таму будаваць тут нельга, бо тое, што ўзведзена на чужых касцях, наўрад ці прынясе некаму шчасце.

21-12

Даказваючы, што страшны выпадак адбыўся менавіта тут, грамадскасць спасылалася на кнігу Мечыслава Новіка «Крывавы след нямецка-фашысцкай акупацыі ў гісторыі Валожынскага раёна». У ёй апісаны расстрэл яўрэяў на гэтым месцы ў лістападзе 1941 года. Аднак да такой інфармацыі не ўсе хацелі прыслухоўвацца.

Каб усё-такі звярнуць на сябе ўвагу, грамадскасць збірала подпісы супраць будаўніцтва дамоў на гэтым месцы, ладзіла санкцыянаваныя пікеты. Відаць, няпростай была гэтая барацьба: Георгій Каржанеўскі месяц таму памёр ад сардэчнага прыступу... Магчыма, проста не вытрымаў эмацыйнай нагрузкі і перажыванняў.

На месцы стадыёна ўсё-такі пачалі капаць. Хадзілі чуткі, што спачатку гэта рабілася выключна сваімі сіламі, без удзелу пэўных спецыялістаў. Аднак да працы нарэшце быў далучаны спецыяльны пошукавы батальён Міністэрства абароны. Гэта адмысловае падраздзяленне, якое займаецца археалагічнымі раскопкамі якраз на вайсковых пахаваннях.

Падчас раскопак сапраўды былі знойдзены шматлікія астанкі людзей, а таксама рэшткі абутку і вопраткі. У Валожынскім райвыканкаме паведамілі, што ўсе астанкі і рэчы перанакіроўваюцца ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, для правядзення экспертызы, — каб высветліць, чые насамрэч гэта астанкі. Пазней яны будуць перазахаваны ў іншым месцы, дзе ўжо ёсць пахаванні мірных жыхароў.

Намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Пётр БІБІК адзначыў:

— На гэтым месцы ніякага будаўніцтва не плануем. Магчыма, тут будзе парк у гонар ахвяр вайны. У Валожыне шмат месцаў, ёсць перспектыўны план развіцця горада, таму і для новага дома знойдзецца іншая зямля.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?