Вы тут

Мы — каманда


Шматдзетныя бацькі Ірына і Мікалай Бядуліны і іх пяцёра дзяцей сталі на Магілёўшчыне «Сям'ёй года». Цяпер яны спадзяюцца годна выступіць на рэспубліканскім конкурсе.

Ва ўсякім разе робяць для гэтага ўсё магчымае. Наколькі адказна яны ставяцца да сваёй місіі, упэўнілася асабіста. На рэпетыцыю ў ДК вобласці вялікая сям'я з'явілася ў поўным складзе. І гэта нягледзячы на тое, што дзве старэйшыя дачкі — Таццяна і Наста — сёння жывуць далёка ад бацькоўскага дома. Маці з бацькам для іх па ранейшаму самыя аўтарытэтныя людзі, якіх яны паважаюць і імкнуцца не падводзіць.

Выхаваць пяцёра дзяцей — подзвіг, але Ірына і Мікалай не бачаць у гэтым нічога гераічнага. Наадварот, кажуць, што, напэўна, кожны з іх не змог бы адчуць сябе паўнацэннай асобай, калі б не іх любімыя дзеці.

— Мне да сваёй бабулі яшчэ далёка, — смяецца Ірына. — У яе наогул было 12 дзяцей! Старэйшая дачка Таццяна нават імя атрымала ў гонар шматдзетнай бабулі. Яна таксама марыць аб вялікай і дружнай сям'і. Зараз выхоўвае сына Ілью і пасля заканчэння МДУ імя Куляшова працуе ў Чавусах настаўніцай. 18-гадовая Настасся — студэнтка другога курса БНТУ і ў Магілёў прыязджае толькі «на пабыўку». Акрамя вучобы, яна яшчэ паспявае прафесійна займацца спортам і нават падпрацоўваць. На выхаванні бацькоў застаюцца 10-гадовы Сярожа, 8-гадовы Юра, і двухгадовы Аляксандр, які ўжо ходзіць у дзіцячы садок. Сям'я вялікая і мама лічыць недазваляльнай раскошай сядзець дома, трэба дапамагаць бацьку зарабляць грошы.

Ірына — жывы прыклад таго, што нават пры такім вялікім сямействе жанчына можа атрымаць добрую адукацыю і самавызначыцца. У яе аж тры дыпломы, два з якіх аб вышэйшай адукацыі. Працуе начальнікам участка сувязі на прадпрыемстве «Магілёўхімвалакно». На рабоце яе шануюць за адказнасць і прафесіяналізм. Не адстае ад жонкі і муж. Ён майстар аварыйнай службы магілёўскага «Гаргаза». Апошнія 15 гадоў удзельнічае ў прафспаборніцтвах і заўсёды дэманструе высокія вынікі. «А бачылі б вы, які ён гаспадар, — ганарыцца мужам Ірына. — Шмат чаго карыснага зрабіў сваімі рукамі, і па доме дапамагае. Раней у нас шмат рознай жыўнасці было, а зараз трусы засталіся ды куры. Нявыгадна буйную жывёлу трымаць».

Усіх Бядуліных аб'ядноўвае цяга да ведаў. Нават галава сямейства — студэнт Горацкай акадэміі. «Год таму, калі Таццяна яшчэ вучылася ва ўніверсітэце, у сям'і было аж трое студэнтаў, — усміхаецца Ірына. — Цікава было назіраць, як бацька і дочкі рыхтуюцца да экзаменаў. Кожны нешта вучыць, вакол кнігі, сшыткі».

Нават пры вялікай загружанасці бацькі паспяваюць жыць інтарэсамі дзяцей. А тыя заўсёды ім дапамагаюць па гаспадарцы. Нават малы Аляксандр не застаецца ўбаку: ён жа таксама мужчына, павінен браць прыклад з бацькі.

А яшчэ тут вельмі паважаюць спорт. Калісьці Мікалай займаўся лёгкай атлетыкай і біятлонам. Сёння спартыўную эстафету працягваюць дзеці. Сярожу падабаецца гандбол, а яго старэйшая сястра, прыгажуня Наста, наогул займаецца ім прафесійна. Нядаўна нават ездзіла на спаборніцтва ў Германію. Дзяўчына наогул баявая — раней цікавілася футболам і каратэ. Займала прызавыя месцы па вольнай барацьбе і іншых відах спорту. І гэтыя навыкі ёй часам вельмі дапамагаюць у жыцці. (На жаль, зараз не ўсе хлопцы — прыклад для пераймання, некаторых прыходзіцца і на месца ставіць.)

А як добра спявае Таццяна! Яшчэ на раённым этапе конкурсу яе талент прыйшоўся вельмі дарэчы, яна пакарыла сваімі спевамі ўсіх слухачоў.

Старэйшыя сыны Бядуліных — Юрый і Сяргей — у вольны ад вучобы час займаюцца ў школе лепкай. Іх вырабы таксама дадалі балаў сям'і і наблізілі да перамогі. Неабыякавым засталося журы і да радаводу сям'і. Іх дрэва, зробленае з празрыстага полікарбанату, уражвала сваімі памерамі. Столькі родных не назбіралася ні ў каго!

У гэтым годзе Ірына атрымала ордэн Маці, што дадало адказнасці. «З гэтага, можна казаць, і пачалося наша сцэнічнае жыццё, — усміхаецца яна. — У 44-й школе, дзе вучацца дзеці, нам прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе на званне лепшай сям'і, і мы вырашылі яшчэ раз выпрабаваць сябе. А паколькі наш дэвіз: «Зрабіць па максімуме добра тую справу, за якую ўзяліся», імкнёмся нікога не падвесці. Група падтрымкі ў нас вельмі вялікая. Нам дапамагалі і відэаролікі зняць, і ідэі цікавыя падказвалі. Наша заслуга — гэта 20-30% справы. Астатняе зрабіла каманда».

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».