Наша краіна гатова стаць лепшым месцам для рэалізацыі праектаў амерыканскіх інвестараў
Падзея, якая некаторымі экспертамі была ўспрынята як адліга ў адносінах паміж дзвюма краінамі, можа і сапраўды стаць фактарам змен у беларуска-амерыканскіх стасунках. Прынамсі, з заяў нашага прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча вынікае, што мы цалкам адкрыты для любога супрацоўніцтва і прыехалі з канкрэтнымі прапановамі. Амерыканскі бок быццам таксама не супраць гэтага. У любым выпадку, правядзенне ў Нью-Ёрку беларуска-амерыканскага інвестыцыйнага форуму магло стаць магчымым толькі ў выніку ўзаемных намаганняў і пры гатоўнасці амерыканскага боку садзейнічаць поспеху гэтага мерапрыемства.
Перазагрузка
Спецыялісты ўпэўнены, што Беларусь цікавая для амерыканскага бізнесу з пункту гледжання перспектывы інвестыцый. Гэта тлумачыцца наяўнасцю ў краіне кваліфікаваных кадраў, выгаднага геаграфічнага становішча, асабліва ва ўмовах доступу на велізарны еўразійскі рынак.
Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч вельмі разлічвае на перазагрузку беларуска-амерыканскіх адносін: «Я шчыра веру ў тое, што, можа быць, з пачаткам гэтага мерапрыемства і шэрагу вялікіх мерапрыемстваў палітычнага характару, якія ініцыявала Беларусь, у тым ліку ў галіне мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне, у нас будзе вялікая перазагрузка адносін паміж Беларуссю і ЗША».
Кіраўнік урада падкрэсліў, што беларускі бок гатовы зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб Беларусь стала лепшым месцам для рэалізацыі праектаў амерыканскіх інвестараў. «Мы адкрытыя для дыялогу, гэтак жа, як адкрытая наша краіна, — заявіў ён. — Мы бачым сваю будучыню ў эканоміцы ведаў і інавацыях. Сёння вельмі высокі ўзровень канкурэнцыі, і мы з'яўляемся прыхільнікамі рэальнай адкрытай эканомікі, паслядоўна ідзём гэтым шляхам».
З прыцэлам на фінансавы рынак
«Для нас вельмі важны выхад на фінансавы рынак ЗША, і мы вельмі разлічваем на канструктыўную сумесную працу на рынку фінансаў. Нашы дзяржаўныя і карпаратыўныя аблігацыі надзейна забяспечаны і маюць дастаткова высокі ўзровень прыбытковасці. Нам трэба сумесна ісці ў гэтым кірунку», — лічыць Міхаіл Мясніковіч. У прыватнасці, Беларусь вывучае магчымасць размяшчэння ў ЗША аблігацый на 1 млрд долараў. Па словах намесніка міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, у рамках дэбютных выпускаў беларускіх аблігацый на знешніх рынках ужо ёсць інвестары са Злучаных Штатаў, і яны з'яўляюцца трымальнікамі досыць вялікай долі гэтых каштоўных папер.
Максім Ермаловіч лічыць важнай для беларускіх банкаў і кампаній каціроўку дзяржаблігацый міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі. «Мы гатовы зрабіць амерыканскім інвестарам прапанову і правесці ўсе неабходныя мерапрыемствы, каб размясціць выпуск аблігацый на амерыканскім рынку, чаго мы раней не рабілі», — заявіў намеснік міністра.
Акрамя таго, Беларусь прапануе інвестарам з ЗША прысутнічаць на нашым фінансавым рынку. Беларускія прадпрыемствы рыхтуюцца да таго, каб праз механізмы ІPO прыцягваць рэсурсы з міжнародных фінансавых рынкаў. Зразумела, што і Нью-Ёрк будзе адным з цэнтраў, дзе нашы прадпрыемствы будуць выходзіць на ІPO.
Бізнес без віз?
«Мы дамовіліся з пасольствам ЗША ў Мінску, што будзем усяляк садзейнічаць рабоце МЗС Беларусі і Дзярждэпартамента ЗША», — заявіў прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра магчымасць некаторага павелічэння колькасці работнікаў пасольстваў, у першую чаргу консульскіх работнікаў. «Гэта пытанне знаходзіцца ў стадыі разгляду». Многіх цікавіць, ці можна чакаць візавых паслабленняў, асабліва для прадстаўнікоў бізнесу. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ў гэтым пытанні ёсць пэўныя праблемы, якія неабходна вырашаць сумесна з адміністрацыяй у ЗША. Ён распавёў, што падчас яго візіту ў Нью-Ёрк запланаваны ў тым ліку сустрэчы з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента ЗША.
Нам — сістэмы водаачысткі, ім — трактары?
Сусветна вядомая кампанія Cullіgan ужо рэалізавала шмат праектаў у нашай краіне. Сістэмамі водаачысткі і водападрыхтоўкі, якія выпускае прадпрыемства, абсталяваны шэраг буйных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Яны таксама выкарыстоўваюцца ў тэхналогіі залівання лёду на спартыўных арэнах. Цяпер рэалізуюцца праекты на водазаборах у Мінску. Кіраўніцтва Cullіgan прыняло рашэнне значна пашырыць сваю вытворчасць у Беларусі і стварыць кампанію «Каліган Еўразія». Фактычна яна стане трэцім найбуйнейшым заводам кампаніі ў свеце, прадукцыя якога будзе арыентавана на ўсю еўразійскую прастору. Сёння вытворчыя лініі Cullіgan існуюць толькі ў ЗША і Італіі.
Міхаіл Мясніковіч таксама правёў яшчэ шэраг сустрэч з прадстаўнікамі амерыканскага бізнесу. У прыватнасці, абмеркаваны стан і перспектывы супрацоўніцтва з канцэрнам «Джэнерал Мотарс».
У сваю чаргу, Беларусь можа нарасціць пастаўкі трактароў на амерыканскі рынак. Віцэ-прэзідэнт кампаніі MTZ Equіpment Ltd. Ар'е Прылік сказаў: «У часы СССР на паўночнаамерыканскім рынку прадавалася каля 4 тысяч беларускіх трактароў у год. Мы верым, што зможам вярнуцца на гэты рынак. Сёлета мы прададзім каля 100 трактароў і будзем паступова нарошчваць аб'ёмы», — сказаў прадстаўнік кампаніі. Па яго словах, беларускія трактары больш надзейныя і простыя ў эксплуатацыі, а іх рамонтапрыдатнасць лепшая.
***
Нагадаем, што беларуская дэлегацыя на чале з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам прыляцела ў Нью-Ёрк для ўдзелу не толькі ў інвестыцыйным форуме, але і ў Саміце па клімаце, які пачаўся ўчора. Больш падрабязна пра гэтую падзею «Звязда» раскажа ў найбліжэйшых нумарах.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.