Вы тут

Гучыць песня ў Астане


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" №37

___________________________________________________________________________

Больш як 230 нашых суайчыннікаў з 13 краін прыехалі ў Мінск на Другі фестываль мастацтваў беларусаў свету, каб паказаць выканальніцкае майстэрства, натхніцца поспехамі і дасягненнямі этнічнай радзімы, атрымаць новыя імпульсы для развіцця беларускіх суполак за мяжой. Сярод гасцей-землякоў быў і старшыня Беларускага культурнага цэнтра “Радзіма” са сталіцы Казахстана Астана, кампазітар Дзмітрый Астаньковіч, які пагадзіўся даць “ЛіМу” невялікае інтэрв’ю.

прыгодзіч

― Дзмітрый Валер’евіч, адкуль вашы карані?

― З вёскі Коўшава, што на Мсціслаўшчыне. Там жылі мае дзед і бабуля, якія мелі шляхетнае паходжанне. Мусіць, з-за гэтага і пацярпелі. У 1930-я гады дзеда адправілі на будаўніцтва Беламорканала. А бабуля, каб уратаваць сям’ю, з’ехала спачатку ва Узбекістан, а пасля ў казахскі горад Чымкент, дзе выйшла замуж у другі раз. Нарадзіўся мой бацька, а пасля і я. Усё свядомае жыццё мы пражылі ў Казахстане? І да сённяшняга дня ў Беларусі не былі.

― Адкуль ведаеце беларускую мову?

― Дзякуючы сустрэчам і размовам з беларусамі, якія жывуць у Астане. Вельмі многае мне даў у гэтым сэнсе Віталь Астанковіч з Магілёва. Бачыце, у нас амаль аднолькавыя прозвішчы. Пазнаёміліся па інтэрнэце. Віталь ― падпалкоўнік міліцыі, вялікі прыхільнік роднага слова, актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці. Адшукаўшы мяне ў сеціве і дазнаўшыся, што я кампазітар, прапанаваў творчае супрацоўніцтва. Дасылае мне вершы беларускіх паэтаў ― Рыгора Барадуліна, Алеся Бадака, Івана Ждановіча. Вось такім чынам і ваш верш “Дзве крыніцы” трапіў да мяне, і я напісаў песню, якую выконваў тут, у Мінску, на гала-канцэрце. Мне вельмі прыемна, што яна была цёпла сустрэта шматлікімі слухачамі.

― Дзякую. Мне таксама прыемна. Дзмітрый Валер’евіч, а як вы прышлі ў музыку?

― У Чыкменце скончыў музычную школу і музычны каледж, паступіў у Алмаацінскую кансерваторыю, а дыплом атрымліваў ужо ў Акадэміі музыкі ў Астане. Член Саюза кампазітараў Казахстана і Саюза кампазітараў Беларусі. Напісаў больш як 20 песень на словы беларускіх аўтараў. Яны часта гучаць не толькі на вечарынах нашай суполкі, але і ў розных аўдыторыях Астаны і іншых гарадоў. Казахі вельмі хораша прымаюць беларускія песні.

― А ці пішаце вы казахскія песні?

― Пішу. Цто цікава, мае калегі не раз гаварылі, што ў маіх казахскіх песнях выразна чуюцца беларускія матывы. Гены ёсць гены. Дарэчы, працаваць з беларускімі тэкстамі намнога лягчэй, мелодыі льюцца з душы нібы самі сабой.

― Вы працуеце толькі ў песенным жанры?

― Не, у мяне шмат сімфанічных, камерна-інструментальных твораў. Проста песня ― мой самы любімы жанр.

― Раскажыце пра дзейнасць культурнага цэнтра, які ўзначальваеце.

― “Радзіма” аб’ядноўвае больш як сто актывістаў. А ўсяго ў Астане каля 2000 беларусаў. Мы часта збіраемся разам, ладзім творчыя вечарыны, канцэрты, круглыя сталы, святы. Харавы калектыў суполкі “Вясёлка” вельмі папулярны ў Астане. Мы вельмі ўдзячныя супрацоўнікам беларускага пасольства, якія аказваюць нам актыўную дапамогу.

― А якім вы ўбачылі Мінск?

― Вельмі спадабаўся! Чысты, прыгожы, прасторны, зялёны горад. Еўрапейскі! Ды і вёскі, у якіх мы пабывалі, пакінулі самыя лепшыя ўражанні. Радасць і шчасце перапаўняюць маё сэрца ад таго, што людзі на роднай зямлі жывуць добра. Гэтымі пачуццямі я буду цяпер актыўна дзяліцца і з членамі нашай суполкі, і з усімі жыхарамі Казахстана.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».