Вы тут

МУЖЧЫНЫ ЛЮБЯЦЬ ЭГАІСТАК?..


— А я хачу выгадаваць дачку сцервай, — сказала яна.

І растлумачыла:

— Сцервам жыць лягчэй. Мужчыны любяць эгаістак.

20-14

У прыцемках перадвячэрняй пары мяккае святло насценнага бра цёплай плямай разлеглася на маленькім століку, дзе на сурвэтках у прыгожых кубачках астывала кава. Тры суседкі, амаль прыяцелькі, мы не ўпершыню збіраемся — то ў адной, то ў другой, то ў трэцяй — проста так, «на каву».

— Вось на мне ўсё: і кватэра, і дзеці, і гатаванне, і мыццё, і прасаванне, і нарыхтоўкі на зіму, нават рамонт... А што за гэта маю? Ніякай павагі!.. Ат, што і казаць, вы самі добра ведаеце.

Мы ведалі яе мужа — дарослае дзіця, амаль самае бездапаможнае і капрызлівае ў сям'і.

— А гляньце ж... — яна назвала нашу агульную знаёмую, таксама суседку. — Усю кухню на мужа спіхнула, нават мыццё талерак, а сама нафарбуецца і пайшла. А ён яе, кажуць, на руках носіць. Не, мужчыны любяць эгаістак!

— Любяць таго, хто любіць сябе, — ціха прамовіла трэцяя з нас, і я не зразумела: падтрымлівала яна папярэднюю думку ці пярэчыла ёй.

Вось і я згодна з тым, што любяць таго, хто сам сябе любіць, і паважаюць таго, хто сам сябе паважае. Бадай, гэта асноўная выснова, якую я зрабіла для сябе за многія гады сямейнага жыцця. Колькі разоў чула: «Ай-яй-яй, такая яна добрая гаспадыня: і шые, і мые, і смажыць, і вяжа, а ён пайшоў да іншай! Што ім, мужыкам, яшчэ трэба?!.»

А і праўда, што ім трэба? Над некаторымі пытаннямі я задумвалася не раз. Напрыклад, ці трэба жанчыне ўвесь воз хатніх турбот везці на сабе, ці цэняць гэта нашы блізкія ды і наогул ці варта ўсё ўмець? Вось я не ўмею кансерваваць кампоты. Што з мяне возьмеш? Калісьці, дваццацігадовай, мне было страшна падступіцца да гарачых слоікаў з крута завараным сіропам: баялася абварыцца, ды і не магла слабымі рукамі добра прыціснуць накрыўку. А вось мой тады таксама дваццацігадовы муж сваімі дужымі рукамі ўпэўнена і хутка закручваў адзін слоік за другім ды яшчэ смяяўся, якая я палахліўка. Але ж смяецца той, хто смяецца апошнім, праўда?..

Трыццаць пяты год ён гэтыя кампоты круціць. Зараз значна пашырыў сваё майстэрства: вырабляе яблычны сок, марынуе памідоры, агуркі, розныя салаты... Часам думаю, колькі лішняй працы мы, жанчыны, самі ўзвальваем на сябе. Добраахвотна! І яшчэ ганарымся: вось, маўляў, якая я працавітая!.. А здаровы, дужы муж у гэты час ляжыць на канапе і пальцам не варухне, каб дапамагчы. Навошта? Жонка і сама ўправіцца. Праверана часам.

А вы паразважайце, як гэта выгадна — чагосьці не ўмець. Напрыклад, не ўмець рабіць рамонт: маўляў, жанчына — істота пяшчотная, у яе ад фарбаў галава баліць, ды і шпалеры мужу з сынам зручней клеіць. А мыццё бялізны ў машыне? Тэхніка, аўтаматыка, кнопкі — чым не работа для мужчын? Дык не, усё бяром на сябе, крычым: «Ты не так пафарбаваў!.. Ты няроўна шпалеры паклеіў!..» Наш жаночы гонар бярэ верх над жаночай хітрасцю, і мы самі лезем у пастку. Ды і саромеемся нешта не ўмець. А што, маўляў, людзі скажуць: суседкі, сяброўкі, свякроў? А эгаісткі не думаюць, што там хто пра іх скажа. Яны робяць, як ім выгадней, таму ім і лягчэй жыць.

Другую выснову, якую я зрабіла: мужчыны не цэняць нашу жаночую працу так, як бы нам хацелася. Смачна гатаваць, чыста прыбіраць, прыгожа шыць і вязаць, рабіць неверагодныя салаты, гатаваць на зіму смачныя кампоты — усё гэта для іх зусім не ЗАСЛУГА наша, а ўсяго толькі абавязак. Няма ў жонак такіх здольнасцяў — не задаволены, сварацца, кпяць, прымушаюць навучыцца, а ёсць — не заўважаюць.

...Колькі лішняй працы мы, жанчыны, самі ўзвальваем на сябе. Добраахвотна! І яшчэ ганарымся: вось, маўляў, якая я працавітая!.. А здаровы, дужы муж у гэты час ляжыць на канапе і пальцам не варухне, каб дапамагчы.

 

Ды што ім усё ж трэба? Адна калега скардзілася:

— Мой Юрка нейкі дурны: не дае мне працаваць у нядзелю. Як толькі бяруся прасаваць ці пірог пячы, ён злуецца. Хоча, каб ляжала з ім на канапе ў абдымку і тэлевізар глядзела.

— Дык табе горш? Кідай усё і кладзіся на канапу...

— А я не магу, каб у мяне ў шафе была гара непрасаванай бялізны!..

Гаспадынька, утаймуйся! Тая гара, што ляжыць у шафе, на цябе не пакрыўдзіцца за няўвагу, а вось тая, што ляжыць на канапе... Муж можа пакрыўдзіцца і вырашыць, што ты не хочаш падзяляць яго поглядаў, настрою, што цябе не цікавіць тое, што цікавіць яго, і наогул, што інтэлектуальна ты да яго ўзроўню не дацягваеш. Падсвядома ён ужо будзе гатовы да пошукаў той, якая падтрымае і падзеліць яго погляды.

Трэцяе, што хачу вам сказаць: у кожнага чалавека ёсць нейкія недахопы і схільнасці. Высветліўшы з часам у мужа і тое, і другое, не так ужо цяжка да яго прыстасавацца. Адзін любіць добра паесці, затое не патрабуе ў хаце чысціні, як у аперацыйнай. Іншы ж, наадварот, любіць, каб усё блішчэла, а з дня на дзень можа есці адну макарону са смажаным яйкам. Дык для першага лепш пірог спячы, чым лішні раз за пыласос хапацца, а для другога не гатаваць паўдня прысмакі, а за паўгадзіны да яго прыходу прайсціся мокрай анучай па падлозе — і ўсё о'кей!

«Нельга ахапіць неахопнае», — гаварыў мудры Казьма Пруткоў.

Дык і не трэба! Нам, жанчынам, трэба быць мудрэйшымі, а то і хітрэйшымі. І дачок не эгаісткамі гадаваць, а вучыць іх жаночаму розуму.

Тамара БУНТА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.