Вы тут

Хто адкажа за банкет?


Як карэспандэнт «Звязды» ледзь не засталася без кавярні на ўласным вяселлі

 Надумаўшы ўзяць шлюб, першае, што мы з жаніхом зрабілі пасля займання чаргі ў ЗАГСе, — гэта знайшлі кавярню для правядзення вясельнага банкета. Не люблю адкладаць важныя справы на апошні момант: лепш вырашыць пытанне загадзя, чым не вырашыць яго ўвогуле ды яшчэ і атрымаць праблемы. Але, як давялося пераканацца на ўласным вопыце, нават перастрахоўка не гарантуе іх адсутнасці.

Рана ўзрадаваліся

Пошукі пачалі ледзь не за год да ўрачыстасці, а за 9 месяцаў да яе ўжо вызначыліся. Адзін са сталічных рэстаранаў-бістро, які з гонарам заяўляе пра наяўнасць страў «сапраўднай беларускай кухні», адпавядаў усім нашым пажаданням: прыгожыя інтэр'еры, прымальныя цэны, зручнае размяшчэнне. Ветлівая адміністратар паказала нам залу, узяла нумары нашых тэлефонаў і сказала ні пра што не турбавацца і прыходзіць за два тыдні да вяселля, каб скласці меню.

«А як жа перадаплата? Можа быць, варта заключыць дагавор?» — здзівіліся мы, бо разлічвалі пакінуць грашовы задатак, каб замацаваць бронь. «Мы дзяржаўная ўстанова і не маем права браць з людзей грошы, не аказаўшы ім паслуг, — патлумачылі нам і запэўнілі: — Будзьце спакойныя, ваша месца ўжо ніхто не зойме».

Мы расслабіліся: адна з самых важных спраў вырашаная. І пачалі «змагацца» на іншых вясельных «франтах». А галаўнога болю ў маладых нямала: знайсці вядучага, падабраць строі, набыць пярсцёнкі, узгадніць праграму, зрабіць запрашэнні, прадумаць афармленне інтэр'ера...

10-26

Менавіта для таго, каб абмеркаваць дэталі афармлення банкетнай залы, за месяц да даты вяселля я вырашыла наведаць кавярню. І тут здарылася тое, пра што я нават падумаць не магла. Спачатку адміністратар (якую я дагэтуль не бачыла) сказала, што ў кавярні няма залы, разлічанай на 75 чалавек. «Як жа няма, калі мы яе браніравалі?» — пытаюся. «Ёсць на 68, максімум — на 70». — «Выдатна, — адказваю, — нам яна падыходзіць».

Пагартаўшы нататнік з запісамі, жанчына раптоўна пацікавілася: «Вы Крысціна?» — «Не, я Дзіяна». Пачынаю сумнявацца ці то ў цвярозасці ўласнай свядомасці, ці то ў цвярозасці свядомасці адміністратара. І тут высвятляецца, што ў дзень нашага свята зала, якую мы выбралі, забраніравана... іншымі людзьмі. Зазіраю ў нататнік і бачу: імя і нумар тэлефона майго жаніха запісаны мала таго што алоўкам і з памылкай, дык насупраць яшчэ пазначана і іншая, у два разы меншая зала! Як так атрымалася, мне патлумачыць не змаглі, бо запісвала нас «дзяўчына, якая тут ужо не працуе». А мая суразмоўца рэгістравала людзей пасля таго, як яе папярэдніца звольнілася. Далей сітуацыя становіцца яшчэ больш камічнай (хаця тады яна ўспрымалася як абсурдная): адміністратарка тэлефануе людзям, якія забраніравалі нашу залу; замест таго, каб усё патлумачыць, прынесці прабачэнні і прапанаваць у якасці кампенсацыі нейкае рашэнне, яна пытаецца, ці ўсё ў іх застаецца ў сіле і... прапануе пад'ехаць скласці меню. А мне адказвае: «Ну не можам жа мы адмовіць людзям толькі з-за таго, што атрымалася накладка!» Выдатнае абыходжанне з кліентамі! На якой падставе адмаўляюць нам, якія знайшлі гэтае месца нашмат раней? Толькі з прычыны непрафесіяналізму персаналу ў арганізацыі? Тады адказнасць за сваіх служачых павінна несці сама арганізацыя, і гэта ніякім чынам не павінен быць галаўным болем заказчыкаў!

«І што нам цяпер рабіць, калі да вяселля застаўся месяц, усе месцы на сезон ужо занятыя, праграма спланавана з улікам банкета, а запрашэнні з адрасам кавярні ўжо разасланы гасцям, у тым ліку іншагароднім?» — пытаюся, яшчэ не верачы, што нашы планы зруйнаваныя ўшчэнт. «Не ведаю, — абыякава адказвае адміністратар. — Магу толькі па-філасофску пераканаць вас у тым, што ўсё, што робіцца, — да лепшага...»

Праўда, апроч філасофстваванняў, мне прапанавалі на выбар дзве іншыя залы: адну ў той жа кавярні, другую — у суседняй. Аднак абодва варыянты мяне не задаволілі, ды і ўсялякае жаданне адзначаць свята нараджэння нашай сям'і ў гэтай установе пасля інцыдэнту знікла...

Намеснік дырэктара скрушна ківаў галавой: маўляў, у нас такое ўпершыню, і мы будзем сачыць, каб больш падобных сітуацый не паўтарылася.

Дайце  кнігу скаргаў!

Вырашыўшы не пакідаць справу на самацёк, наступны раз мы з жаніхом прыехалі ў кавярню, каб паразмаўляць з дырэктарам. Кіравала намі жаданне атрымаць хоць нейкія разумныя тлумачэнні, а таксама зрабіць што-небудзь для таго, каб падобных выпадкаў больш не здарылася. Прыехаўшы на месца ў час прыёму грамадзян (як было пазначана на сайце), мы звярнуліся да ахоўніка. Магутнага выгляду малады чалавек спачатку прапанаваў нам паразмаўляць з адміністратарам, пасля па рацыі запытаўся ў некага, ці на месцы дырэктар. Далей, нічога не тлумачачы, папрасіў пачакаць. Нарэшце, набегаўшыся з залы ў залу, ахоўнік прамовіў: дырэктара на месцы няма, яе кудысьці адвезлі, а машына вярнулася сюды. (Цікава, чаму дырэктар дзесьці раз'язджае ў час прыёму грамадзян?)

Ісці мы не збіраліся, таму спачатку да нас выйшла ўжо знаёмая мне адміністратарка, якая не магла ўцяміць: чаму ж нам не падышлі іншыя залы, якія яна прапанавала? Пасля да нас усё ж выйшаў намеснік дырэктара і патлумачыў, што дырэктар зараз з намі размаўляць не можа, бо ў яе на прыёме чалавек. Аднак! Дык дзе ж усё-такі знаходзілася таямнічая кіраўніца?.. Зрэшты, убачыць яе нам так і не давялося.

Слухаючы нашу версію падзей, намеснік дырэктара скрушна ківаў галавой: маўляў, у нас такое ўпершыню, і мы будзем сачыць, каб больш падобных сітуацый не паўтарылася. «Гэтага мы і хочам!» — узрадаваліся мы і... прапанавалі занесці свае заўвагі і пажаданні ў кнігу скаргаў і прапаноў. Бо на словах паабяцаць можна што заўгодна і забыцца пра гэта, а напісанае, як той казаў, застаецца. А часам і мае плён, бо на запісы ў кнігах скаргаў павінны адказваць, да таго ж іх правяраюць. «Калі вы і напішаце, то мы не адкажам вам нічога новага, — спрабаваў пазбегнуць пісьмовага звароту намеснік дырэктара. — Тое ж самае, што кажу вам зараз». Аднак мы настойвалі, і доўга супраціўляцца прадстаўнік адміністрацыі не мог: даволі хутка кнігу нам прынеслі. Разгарнуўшы яе, адзначыла, што апошні запіс быў зроблены літаральна ўчора. Мы ўнеслі свае прапановы: падбіраць кампетэнтны персанал, рэгулярна праводзіць з ім інструктаж, заключаць дагаворы з кліентамі... Мы ж не са скаргамі і абвінавачваннямі. Мы — з канкрэтыкай і па-добраму.

«А дырэктар — на месцы...» — немаведама для чаго паўтарыў на развітанне наш суразмоўца і пабег па сваіх справах. Нам жа засталося чакаць адказу...

Зрэшты, ён прыйшоў у адпаведны тэрмін, і ў ім, апроч выказвання спачуванняў, паведамлялася, што нашы прапановы прыняты да ўвагі.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».