Вы тут

Паломніцтва ў стылі «мілітары»


Пабываць на Сінайскім паўвостраве і не наведаць яго біблейскія мясціны, мне здаецца, было б неяк няправільна. Менавіта таму сапраўднай мэтай маёй паездкі ў егіпецкі Шарм-эль-Шэйх быў... Ізраіль. Дарэчы, сцежку туды менавіта праз Егіпет паломнікі-падарожнікі пратапталі даўно. Праўда, калі ў сектары Газа на зямлі запаветнай пачалося чарговае супрацьстаянне з удзелам баявой тэхнікі, усе сваякі ў адзін голас залямантавалі: толькі не цяпер, пачакай, пакуль там усё супакоіцца. Цяпер дакладна ведаю, што чакаць можна да другога прышэсця. Бо Ізраіль знаходзіцца ў стане чакання вайны або ў стане рэальных баявых дзеянняў практычна пастаянна. Стала зразумелым, чаму такі актуальны заклік «прасіце міру Іерусаліму». І трэба дадаць: Украіне, Егіпту, Лівіі, Сірыі, Іраку...

На ўсёй тэрыторыі Сінайскага паўвострава заўважныя прыкметы ваеннага стану. Аўтобус, які рухаецца ўздоўж Акабскага заліва, час ад часу прытарможвае ля шматлікіх егіпецкіх КПП. Аўтаматчыкі пільна сочаць, каб іх і бранятэхніку не здымалі. Паўсюль збудаванні-хованкі, якія ў неабходны момант могуць стаць агнявымі кропкамі. Сучасныя антэны спецыяльнай сувязі ўсталяваны паміж горнымі вяршынямі. Дарэчы, і звычайная мабільная сувязь працуе паўсюдна вельмі стабільна. Гіды з абодвух бакоў мяжы скардзяцца, што туррынак заўсёды адмоўна рэагуе на любыя баявыя дзеянні. І таму хуценька пераключаюць увагу турыстаў на іншыя тэмы.

 9-2

 Дарэчы, калі толькі пад'язджалі да тэрыторыі Ізраіля, юны арабскі гід адзначыў як ісціну, што не патрабуе тлумачэння: «Мы і Ізраіль — ворагі назаўсёды». Ён застаўся чакаць нас у Егіпце, а мы адчулі ўзаемнасць гэтых адносін ужо на мяжы. Такога пільнага догляду людзей, дакументаў і рэчаў мне не даводзілася бачыць ніколі. Некаторыя з нашай экскурсійнай групы пачыналі нервавацца, і тут іх канчаткова «дабівалі» маладыя ізраільскія памежніцы пытаннямі накшталт: «Ці ўпэўнены вы, што да вашых рэчаў ніхто не дакранаўся падчас руху аўтобуса?», «Ці дакладна ведаеце, што знаходзіцца ў вашым заплечніку?» І тут жа выварочвалі яго змесціва, прасвечвалі, тыкалі нейкімі прыборамі і прамацвалі швы. Між іншым, усе праверкі закончыліся ўрэшце пажаданнямі добрых уражанняў ад наведвання краіны, выказанымі на рускай мове.

 9-3

Кантраст паміж дзвюма суседнімі дзяржавамі відаць нават з акна аўтобуса. Егіпцяне толькі пачынаюць цывілізавана абжываць прасторы ўсходняга ўзбярэжжа Сінайскага паўвострава, дзе многія населеныя пункты (у тым ліку і сучасны Шарм-эль-Шэйх) былі заснаваныя ізраільцянамі. Жыхары ж Ізраіля за невялічкі тэрмін афіцыйнага існавання сваёй дзяржавы паспелі добра асвоіць зямлю, якую вельмі складана назваць глебай: толькі друз і пясок. Пагранічны ізраільскі гарадок Эйлат пры тым жа горна-марскім пейзажы адразу ж нагадвае еўрапейскія населеныя пункты з развітай інфраструктурай. Вялізныя партыі новенькіх аўтамабіляў з Паўднёва-Усходняй Азіі прыбываюць у Эйлацкі прамысловы порт, перапраўляюцца па сушы ў Ашдод і далей морам накіроўваюцца ў Еўропу. Паселішчы-кібуцы ўздоўж аўтатрасы ўражваюць маштабамі распрацаваных і дагледжаных плантацый фінікавых пальмаў, стадыёнамі цяпліц і вялізнымі фермамі, пры якіх працуюць крамы з даражэннай малочнай прадукцыяй.

На працягу далейшага шляху да Іерусаліма мы разглядалі аднастайныя пейзажы ўздоўж Мёртвага мора, па другі, бачны бок якога знаходзіцца Іарданскае Хашыміцкае каралеўства. Разнастайнасці краявідам дадавалі шматлікія прамысловыя прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць змесціва гэтага гіперсалёнага возера. Увогуле склалася ўражанне, што з нетраў унікальнага вадаёма, які знаходзіцца на 423 метры ніжэй за ўзровень мора (самае нізкае месца на Зямлі) вымаецца ўсё, што магчыма, каб ператварыцца ў касметалагічныя прэпараты або ўгнаенні. Магчымасць адчуць на сваёй скуры яго хвалёны лячэбны эфект была дадзена тут жа, на пляжы ля спецыялізаванай крамы, пры гэтым гразь трэба было купіць па 10$ за пачак.

Тэмпература паветра была 42 градусы, далёка за трыццаць была і вада ля берага. Калі мы зайшлі, намазаныя гразёю, у ваду, адчулі сябе паўжывымі тушкамі ў салёным булёне-кіпні. Прычым Мёртвае мора яўна выпіхвала целы вонкі, відаць, каб мы не зварыліся канчаткова. Задавальненне сумніўнае, затое карысць для здароўя, кажуць, неверагодная...

Менш за ўсё, калі падымаешся ў Іерусалім, хочацца думаць пра палітыку... Але, магчыма, уласная недасканаласць не давала мне магчымасці пераключыцца на тэмы вечнасці і паглыбіцца ў стан высокага сузірання. У храме, які лічыцца сэрцам хрысціянскага свету, мабільнік нашага экскурсавода раптам завыў сірэнай. Не, гэта не арыгінальны гук выкліка абанента — гэта сапраўдная анлайн-трансляцыя сігнала трывогі ў сектары Газа. Ларыса ўсталявала на мабільнік спецыяльную праграму, бо ўпэўнена, што павінна ведаць, калі ў яе роднай краіне існуе небяспека для суайчыннікаў. Дарэчы, жанчына прыехала на зямлю запаветную больш за 30 гадоў таму з украінскага Краматорска.

— Маю школу ўжо разбамбілі, — кажа яна з горыччу. — І там вайна, і тут вайна...

Тую ж думку ля славутай Сцяны плачу спрабуе данесці да нас стары ў хасідскім капелюшы, які эмігрыраваў у свой час з Грузіі. Ён імкнецца завязаць кожнаму на запясце чырвоную нітку — сведчанне пра грашовае ахвяраванне-дапамогу сем'ям яўрэйскіх вайскоўцаў, што загінулі ў сектары Газа. Патрыятычная бела-сіняя сімволіка (пад колер сцяга Ізраіля) — на ўсёй вялікай прасторы плошчы перад Сцяной плачу. Тут сем'і са шматлікімі дзецьмі, якія бесклапотна валяюцца на бруку. Маладыя дзяўчаты (некаторыя ў вайсковай форме) запіхваюць паперкі з просьбамі да Бога ў старажытныя расколіны. Тут вядуцца эмацыйныя размовы на розных мовах свету, у якіх прысутнічае асаблівы пад'ём патрыятызму і нацыянальнай еднасці. Кажуць, такія ідэі заўсёды карыстаюцца папулярнасцю, калі побач вайна.

Нам, славянам, якія прыехалі пакланіцца славутым хрысціянскім святыням, вельмі складана асэнсаваць, што Віфлеем, які фактычна з'яўляецца прыгарадам Іерусаліма, — гэта ўжо тэрыторыя іншага рэгіянальнага ўтварэння пад афіцыйнай назвай Палесцінская нацыянальная адміністрацыя, або скарочана — Палесцінская аўтаномія. Яшчэ больш цяжка ўцяміць, у які момант мы пераадолелі дзяржаўную мяжу з ёю. Аднак факт ёсць факт, і на Ясельнай плошчы ля ўвахода ў храм Раства Хрыстовага стаіць машына-пікет з плакатамі ўжо ў падтрымку... жыхароў Палесціны, якія загінулі ў сектары Газа.

У яўрэяў і арабаў, якія жывуць на адной невялічкай геаграфічнай прасторы, гістарычна склаліся вельмі своеасаблівыя стасункі. Лакальныя канфлікты, войны, інтыфады перамяжоўваліся заключэннем перамір'яў і дамоўленасцяў аб крохкім міры. Больш-менш жыццяздольнай схемай суіснавання двух народаў зараз стала аўтаномія палесцінскіх арабаў у межах дзяржавы Ізраіль на пэўных умовах. Як толькі адзін з бакоў іх парушае, непазбежна пачынаюцца ваенныя сутыкненні.

Яшчэ адно сакральнае для ўсіх хрысціян месца знаходзіцца недалёка ад горада Іерыхон, на тэрыторыі Палесцінскай аўтаноміі. Тут уздоўж і ўпоперак на вялізных прасторах правага берага ракі Іардан нацягнуты калючы дрот. Стацыянарныя шыльды з надпісамі «Ваенная зона, не фатаграфаваць» і «Міны» растлумачваюць сітуацыю. Калі мы выйшлі з аўтобуса, сутыкнуліся з вялізнай групай узброеных ізраільскіх вайскоўцаў, якія прыехалі для аховы гэтай прыгранічнай з Іарданіяй тэрыторыі. Дарэчы, у ніжнім цячэнні вузкая біблейская рака ўяўляе сабой натуральную мяжу. І атрымліваецца, менавіта ў яе жоўтую ваду ты акунаешся пад пільнымі позіркамі людзей з аўтаматамі, якія стаяць на берагавым узвышшы. Да Іарданіі, дзе таксама ўладкавана купальня, метраў дзесяць. Сімвалічныя драўляныя поручні ў самой вадзе — усё, што аддзяляе цябе ад іншай краіны.

Самае цікавае, што ў Ізраілі, дзе час ад часу ідуць ваенныя дзеянні, а па горадзе трох монатэістычных рэлігій Іерусаліме ходзяць узброеныя вайскоўцы, мы адчувалі сябе абсалютна бяспечна. На вуліцы ўсталяваны банер: усмешлівае дзіця і подпіс: «Дзякуй за тое, што вы нас абараняеце». Прызнацца, склалася ўражанне, што спакой утрымліваецца менавіта за гэты кошт. Упершыню падумала, што гэта добра. У такой сітуацыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».