Іх шасцёра. Пакуль што шасцёра: Павел, Ганна і дзеці. Філіпу 11 гадоў, Івоне — 7 гадоў. Столькі ж споўнілася Адэлі, а малодшай, Алівіі, — 4. І ўсе з нецярпеннем чакаюць з'яўлення на свет пятага дзіцяці — Паўлінкі.
Вядомы акцёр, рэжысёр Павел Харланчук сёння вельмі запатрабаваны — выступае на сцэнах Купалаўскага тэатра і Тэатра-студыі кінаакцёра, робіць уласныя пастаноўкі, шмат здымаецца ў кіно. Ганна — таксама выпускніца Акадэміі мастацтваў, служыла ў драматычным тэатры імя Максіма Горкага і тэатры Беларускай арміі, але цяпер змяніла акцёрскую прафесію на прафесію мамы і захавальніцы сямейнага агменю. У сям'і ўсе размаўляюць на беларускай — не ў пагоні за трэндам, а таму, што адчуваюць гэта правільным; удзельнічаюць усе разам у навагодніх і калядных пастаноўках. «Тое, што мы ёсць сям'я, — гэта самая галоўная перамога і дасягненне ў маім жыцці», — часта гаворыць у інтэрв'ю Павел, які ў свой час без ваганняў узяў двайное прозвішча ў знак павагі і кахання да жонкі. Карыстаючыся выпадкам, выводзім з ценю і Ганну.
— Аня, вы вельмі моцная і мужная жанчына — з чатырма дзецьмі, у чаканні пятага, сабрацца на конкурс «Сям'я года»… Як асмеліліся на гэта?
— З адміністрацыі Мінскага раёна запыталі, ці згодны мы, — і Паша пагадзіўся. Усё залежала найперш ад яго, бо ён зазвычай вельмі заняты ўлетку. Гэта час актыўных здымак, падчас якіх мы тату дома амаль не бачым… І ўсё адно так атрымалася, што менавіта на дзень правядзення конкурсу Паша быў заняты адразу ў некалькіх здымках, у Расіі і ў Беларусі, таму давялося ехаць без яго. Па шчырасці, прыехаць з чатырма дзецьмі, цяжарнай — гэта ўсё не складана.
—?!
— Насамрэч. Галоўная складанасць — у падрыхтоўцы, калі трэба ўсіх дзяцей «пастроіць», патлумачыць, што за чым неабходна рабіць, адрэпеціраваць конкурснае выступленне. Вось з гэтым — так, давялося папрацаваць.
…У наш час мець чатырох дзяцей і вырашыць нарадзіць пятае — сёння не тое што рэдкасць, а амаль грамадзянскі подзвіг. Але толькі не для Паўла і Ганны, якія адразу, яшчэ больш за 10 гадоў таму, хацелі вялікую сям'ю.
— Мы не адчуваем, быццам гэта цяжар, — круціць галавой Аня, — гэта ж наш свядомы выбар.
— Вы не афішуеце, але і не ўтойваеце, што дваіх дзетак узялі з дзіцячага дома. Няўжо і гэты этап прайшлі бязбольна?
— З імі было складана, канешне. Першы год адаптацыі даваўся няпроста. Філіп ужо быў дарослы і закрываўся ўнутры сябе. Трэба было прыкласці шмат намаганняў, каб ён адкрыўся, даверыўся нам; а маленькая Івона, наадварот, усе эмоцыі выплёсквала вонкі — тату не прызнавала, мужчын наогул не падпускала блізка, вады баялася… Што дапамагло справіцца? Напэўна, вера. Я заўсёды кажу, што без Бога немагчыма мець тую любоў, з якой трэба падыходзіць да гэтай справы. Бо палюбіць чужых дзяцей вельмі складана. Я ведаю сем'і, якія бяруць дзіця і проста змагаюцца з пачуццём уласнай нелюбові, і я іх вельмі разумею. У нас, спадзяюся, атрымалася па-сапраднаму палюбіць дзяцей, і мы — сям'я. Хоць Філіп і Івона ведаюць, што яны не родныя, але яны — таксама нашы дзеці.
— Ці не бывае часам крыўдна, што давялося фактычна ахвяраваць акцёрскай кар'ерай дзеля выхавання дзяцей?
— Ёсць такі момант, можа быць. Я б сапраўды хацела больш рэалізавацца ў прафесіі, бо дзеля гэтага доўга вучылася, я актрыса, якой цікава іграць у тэатры, здымацца ў кіно… Яшчэ з трыма дзецьмі я працавала — проста брала іх з сабой. Зараз гэта немагчыма. Але я не шкадую, бо разумею: тое, што я цяпер раблю, — нашмат важнейшае, чым мая кар'ера, чым наогул любыя прафесійныя дасягненні. Такое нейкае ўнутранае адчуванне, бачанне вынікаў маёй працы. А мяркую, ніхто не аспрэчыць, што выхоўваць дзяцей — вялікая праца. І яна не тое каб кампенсуе прафесійную недарэалізаванасць — гэта нават немагчыма параўноўваць! Да таго ж мы ездзім з тэатральнымі пастаноўкамі па школах, садках, дзіцячых дамах; 5 гадоў існуе пастаўлены Паўлам цудоўны спектакль «Маё сэрца б'ецца» ў межах праекта «У абарону жыцця» — толькі што зрэдку ён цяпер ідзе. Але, думаю, нешта будзе адбывацца ў гэтым рэчышчы, і я сыграю яшчэ не адну ролю.
— Вы з Паўлам — жывое абвяржэнне тэорыі аб нетрываласці студэнцкіх шлюбаў. І ўсё ж дзве творчыя, эмацыянальныя асобы ў сям'і — спалучэнне няпростае. Як захоўваеце лад у доме?
— У нас ёсць такое правіла, якое падказаў аднойчы мудры чалавек, і мы ім карыстаемся. Без яго ў свой час хто ведае, што было б і як атрымалася… Фармулюецца яно вельмі проста: «хто павінен папрасіць прабачэння, калі вы пакрыўдзіліся адно на аднаго?» Мы, вядома, сталі разважаць: напэўна, той, хто вінаваты. А правільны адказ — «я». У сэнсе, кожны павінен ісці на прымірэнне першым.
— Проста гучыць і не заўжды проста рэалізуецца. Ці атрымліваецца ў вас?
— Атрымліваецца. І ў мяне такое адчуванне, што чым далей, тым яшчэ бліжэй мы робімся, тым нам больш не хапае адно аднаго. Не магу сказаць, быццам у сям'і мы дзве такія эмацыянальныя асобы, паміж якімі непазбежныя канфлікты. Паша прыходзіць дадому, адыграўшы ўсе эмоцыі на пляцоўцы, і хоча простага, спакойнага баўлення часу з блізкімі. І мы яго штораз вельмі чакаем. Тым больш, з улікам таго, што цяпер адбываецца ў свеце, наколькі кожны дзень дарагі і наколькі трэба цаніць адно аднаго — гэтае разуменне ў нашай сям'і вельмі моцнае.
— Прадбачу адказ на пытанне, як вы выхоўваеце дзяцей: у любові.
— Так, у любові, — усміхаецца. — Але і ў строгасці, бо любоў таксама строгая. І калі ты любіш, то ў пэўны момант караеш, накіроўваеш дзіця, засцерагаеш ад памылак. Дзеці ўсё адно маніпулююць, зрушваюць усталяваныя рамкі. Таму трэба іх у пэўны час з любоўю, але і строгасцю, спыніць у чымсьці, пакараць — але пакаранне павінна адпавядаць правіне. І мне здаецца, што ў іх таксама ёсць разуменне, што мы іх любім заўжды і ўсякімі і што наша строгасць — толькі частка вялікай бацькоўскай любові. Прычым яшчэ вельмі важна, што Паша — насамрэч наша падтрымка і апора, і самы моцны тыл, які можна ўявіць; у нас аднолькавыя погляды на выхаванне, і тата для дзяцей ста-
працэнтны аўтарытэт.
— Пасля перамогі ў абласным этапе конкурсу вы трапляеце ў рэспубліканскі фінал, які ўбачыць мноства людзей. Магчыма, некага ваш прыклад падштурхне да важных рашэнняў ва ўласнай сям'і. Якую думку хацелася б данесці да іншых сем'яў?
— Што сям'я — гэта найвялікшая каштоўнасць, і праз яе Бог дае новае жыццё. Таму цаніце гэты час, у які вы разам, вельмі беражыце адно аднаго. І яшчэ вельмі хацелася б, каб дзеці не былі для нас цяжарам. Цяпер распаўсюджаны стэрэатып, што дзеці — гэта так складана, так цяжка, «як вы іх пракорміце?»… Усё гэта мы чуем пастаянна. А трэба ўсвядоміць іншае: як сказана ў Бібліі, дзіця — гэта ўзнагарода, якая нам даецца звыш. І за пэўны адрэзак часу, даволі кароткі, мы маем шанц укласці ў дзіця ўсё тое, што ўмеем і ведаем самі, і адправіць у жыццё. Калі ўзяць на сябе гэтую адказнасць і несці яе з радасцю, потым вы абавязкова ўбачыце плён сваёй працы і пакінеце, мабыць, самы значны след на зямлі…
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота аўтара і з архіва герояў
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.