Як дэпутат дапамагае аднаўляць манастыр
У Оршы захавалася шмат цікавых помнікаў гісторыі, сярод якіх і Куцеінскі мужчынскі манастыр, заснаваны яшчэ ў 1620 годзе. У свой час ён быў не толькі вядомым рэлігійным, але
і культурна-асветніцкім цэнтрам. Менавіта там кнігадрукар і асветнік Спірыдон Собаль надрукаваў першы на тэрыторыі нашай краіны буквар. У 1930‑я гады пад ціскам савецкай улады жыццё там цалкам спынілася, але пра манастыр не забылі. З канца мінулага стагоддзя і па сёння там ідуць рэстаўрацыйныя работы. Аднаўленне манастыра — адзін з наказаў выбаршчыкаў дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Аршанскай гарадской выбарчай акрузе № 26 Людміле ДАБРЫНІНАЙ.
На перспектыву
—Думаю, наш выбаршчык ацэньвае працу ўлад перш за ўсё па тым, як развіваецца горад, як развіваецца сацыяльная сфера, як вырашаюцца пэўныя праблемы людзей, якія звяртаюцца па дапамогу, — расказвае Людміла Дабрыніна. — Орша — гэта старажытны горад, буйны прамысловы і чыгуначны цэнтр. Ён цікавы яшчэ і тым, што ў апошнія гады развіваецца асабліва актыўна.
Людміла Анатольеўна заўважае, што неад'емнай часткай дэпутацкіх абавязкаў з'яўляецца праца над значнымі праектамі, якія няхай і немагчыма рэалізаваць за кароткі час, але ж яны маюць для людзей асаблівае значэнне.
—Дэпутат павінен ведаць, чым жывуць выбаршчыкі, што сёння хвалюе людзей. У той жа час асабліва важна працаваць, што называецца, «на перспектыву», брацца за складаныя задачы, якія патрабуюць не аднаго года мэтанакіраванай працы.
Для Людмілы Дабрынінай такой працай стала аднаўленне Свята-Богаяўленскага Куцеінскага мужчынскага манастыра, якому летась споўнілася 390 гадоў.
Копію першага буквара прэзентуюць у Оршы
—Сёння па зваротах жыхароў горада можна зрабіць вывад: людзі хочуць, каб дэпутат прыклаў намаганні ў аднаўленні гэтага манастыра, які з'яўляецца не толькі цэнтрам праваслаўя, але і цэнтрам культуры. Менавіта тут, на тэрыторыі манастыра, быў выдадзены першы на тэрыторыі Беларусі буквар.
Прэзентацыя таго самага буквара адбудзецца ў хуткім часе на Міжнародных Куцеінскіх чытаннях. Зараз ёсць у электронным выглядзе яго копія, якую, па словах суразмоўцы, прыйшлося даволі доўга шукаць. З гэтай копіі і будзе зроблена факсімільнае выданне буквара.
—Ужо створаны папячыцельскі савет па аднаўленні манастыра, куды ўваходжу і я. Савет актыўна працуе па вырашэнні самых розных пытанняў, сярод якіх — дамагчыся падтрымкі з боку царквы, каб у Оршы рэгулярна праходзіў Рэспубліканскі фестываль праваслаўя.
У аднаўленні манастыра дапамагае і Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Навукоўцы ўжо правялі археалагічныя раскопкі ў фундаменце надваротнай званіцы. Людміла Дабрыніна ўпэўнена, што канчатковая рэканструкцыя манастыра зробіць яго сапраўдным цэнтрам культуры.
Пенсіянеры супраць рэкламы
Што да больш «дробнай» у параўнанні з такім глабальным праектам работы, то Людміла Дабрыніна падкрэсліла: у працы дэпутата ёсць тры асноўныя кірункі — заканатворчая дзейнасць, дапамога ў сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і праца з выбаршчыкамі. Па яе словах, людзі прыходзяць з рознымі праблемамі — праўда, за апошнія гады характар зваротаў змяніўся:
—Паменшылася колькасць зваротаў, якія тычацца пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Часцей людзі звяртаюцца з пытаннямі сацыяльнага характару: працаўладкаванне, забеспячэнне жыллём і яго прыватызацыя.
Людміла Дабрыніна з задавальненнем адзначае, што людзі часам прыходзяць і з канкрэтнымі прапановамі па зменах у заканадаўства.
—Значная частка маіх наведвальнікаў — людзі пажылога ўзросту, якія любяць глядзець тэлевізар. Дык вось, пенсіянеры лічаць, што тэлеканалы вельмі загружаны рэкламай. Апошняя часта перарывае трансляцыю кінафільмаў, тэлесерыялаў.
Нягледзячы на тое, што Орша знаходзіцца даволі далёка ад мяжы з Украінай, на апошнім прыёме да дэпутата звярталіся і людзі, якія пераехалі з Украіны да сваякоў і прасілі дапамогі ў працаўладкаванні.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.