Вы тут

З добрым словам да сумленнага поспеху...


крочыць дружны калектыў КСУП «Коленскае»

Калі праязджалі па аграгарадку Кольна (які, аказваецца, існуе тут з XVІ стагоддзя як паселішча Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага), у вочы кінулася вялікая колькасць буслянак ля дагледжаных дамоў. Цікава, ці ўплывае гэта хоць неяк на нараджальнасць? «Нараджальнасць тут падняў яшчэ ў 2001 годзе Прэзідэнт, калі прыняў рашэнне будаваць у вёсцы новую сучасную школу», — адказвае Валянцін Карпаў, вопытны і мудры кіраўнік, які ўжо 13 гадоў узначальвае КСУП «Коленскае».

— Як цяпер памятаю, падышоў да мяне і пытаецца: табе лепш камбайны выдзеліць альбо школу адрамантаваць? — працягвае Валянцін Мікалаевіч. — Я кажу: школу, інакш праз колькі гадоў на тых камбайнах не будзе каму ездзіць. І што б вы думалі: праз год адкрылі школу-сад, неўзабаве і камбайны новыя мы атрымалі. Што таіць, былі і незадаволеныя, якія казалі, што пуставаць будзе тая школа. Але, на шчасце, іх прагнозы не спраўдзіліся: класы запоўнены, і ў садок, дзе сёння 30 дзетак — чарга.

BUZHAN2014_HR-1141

Сумленне — лепшы кантралёр

Пакуль дзеці знаходзяцца пад наглядам настаўнікаў і выхавальнікаў, іх бацькі шчыруюць у мясцовай гаспадарцы. Хто на ферме, хто ў полі...

Менавіта ў полі мы і вылавілі Валянціна Мікалаевіча. Зазірнуў сюды на хвілінку, каб паглядзець, як ідзе ўборка, спытацца ў хлопцаў, ці ўсё ў парадку.

— На полі і на іншых аб'ектах я бываю па некалькі разоў на дзень. Гэта неабходна, бо ўсё не прадугледзіш, імгненна трэба часам на месцы прымаць рашэнні, уносіць карэктывы. Як той казаў, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

Пакуль фатограф пабег лавіць кадр, я пацікавілася ў Валянціна Карпава, у якога праз кожныя 5-7 хвілін звінеў мабільны тэлефон, ці практыкуе ён, як некаторыя кіраўнікі, відэаназіранне за сваімі работнікамі.

— Ды што вы, — усміхаецца Валянцін Мікалаевіч. — Наш славянскі народ да ўсяго знойдзе творчы падыход. Закрыюць камеру ці провад адшчыкнуць. Якія б меры кантролю не прыдумалі, яны не дапамогуць, калі не будзе даверу, усведамлення таго, што і для чаго ты робіш. Сумленне — лепшы кантралёр. Таму стараюся настройваць калектыў выконваць сваю працу якасна і своечасова. Не сквапнічаю на заслужаную пахвалу; часам добрае слова стымулюе не менш, чым капейка.

BUZHAN2014_HR-1151

Разам з тым Валянцін Карпаў, дарэчы, эканаміст па адукацыі, разумее, што на адных толькі пахвалах далёка не заедзеш.

— Без матэрыяльнага стымулу сёння нікуды. Стараемся падтрымліваць параўнальна годную зарплату. Сярэднямесячны заробак за ліпень склаў 4 200 тысяч рублёў. У сезон механізатары добра зарабляюць на ўборцы збожжавых, на нарыхтоўцы кармоў, на хімапрацоўцы пасеваў. 13-14 мільёнаў для іх — гэта не мяжа. Зарплата ў нас здзельная, залежыць ад прадукцыйнасці. Калі нехта больш зарабіў, чым дырэктар, страху ў гэтым няма. Нягледзячы на тое, што хлеб наш нялёгкі, у гарачую пару людзі самі імкнуцца зарабіць грошы, нават адмаўляюцца на час уборкі ад выхаднога.

Сеем, як у Ізраілі...

Валянцін Карпаў любіць і, як ніхто, ведае гэтыя палескія мясціны, бо сам родам адсюль, з Чырвонай Зоркі. Менавіта таму, пэўна, у свой час не спужаўся, узначаліў гаспадарку, якая, як ён сам кажа, знаходзіцца на самым дне Герадотавага мора (непраходныя палескія балоты ў сваіх работах узгадваў сам старажытнагрэчаскі гісторык).

— Яшчэ пры маім жыцці на месцы тых палёў, што цяпер засяваем, было балота ці непраходны лес, — кажа Валянцін Мікалаевіч. — І сёння зямля там спецыфічная, пясчаная, не надта ўрадлівая. Таму, каб выглядаць не горш за іншыя гаспадаркі мы, як у Ізраілі, па два разы за сезон сеем і, адпаведна, збіраем па два ўраджаі з аднаго і таго ж поля. З пачатку сакавіка сеялкі ў нас не спыняюцца. Стараемся трымаць зямлю ў абароце. Нельга, каб яна прастойвала, бо тады ўсе нашы намаганні будуць дарэмныя.

З сельгасугоддзяў КСУП «Коленскае» — 1300 га займаюць поймы. Таму гаспадарка вельмі залежыць ад капрызаў надвор'я.

— Пойма Прыпяці — непрадказальная рэч, асабліва ў нашай зоне, — падкрэслівае Валянцін Карпаў. — Вельмі часта, у прыватнасці, пасля моцных дажджоў, нам нічога не застаецца, як прыпыняць работу. Нават калі з асфальту дождж сышоў, пойма усё яшчэ залітая. Гектары лічацца, а прадукцыю з іх узяць нерэальна...

Тым не менш «Коленскае» ў лідарах у раёне па надоях малака. А яны, не сакрэт, у многім залежаць ад якасці кармоў.

— Кармамі сёлета я задаволены, — кажа Валянцін Мікалаевіч. — Ужо нарыхтавалі больш як у 2 разы, чым летась. Самае галоўнае, што гэта якасныя травяністыя кармы першага класа: са шматгадовых траў, у тым ліку з люцэрны і канюшыны. Яны нашмат больш пажыўныя, чым чыста злакавыя. Да верасня нам неабходна яшчэ мінімум 3-4 кармаадзінкі нарыхтаваць на травяністых кармах. З верасня пачнецца яшчэ адна бітва — па нарыхтоўцы кукурузных кармоў. 1900 га адносна 1100 га мінулага года ўдалося пасеяць. Гэта таксама сур'ёзны аб'ём. Ставім перад сабой задачу забяспечыць сябе круглагадзічным запасам кармоў. Тады наступны год будзе нашмат прасцейшы, бо не трэба будзе залежыць ад прыродных фактараў пры арганізацыі догляду жывёлы.

BUZHAN2014_HR-1114

Валянцін Карпаў, прызнаўся, рады, што сёлета прынялі рашэнне падводзіць агульныя вынікі ўборкі ўраджаю.

— Мы штогод усёй краінай ушаноўваем лідараў жніва. Але не меншай увагі заслугоўваюць і іншыя людзі, якія паказваюць найлепшыя вынікі па надоях малака, па нарыхтоўцы кармоў... Паверце, убраць кукурузу не менш складана, чым ячмень ці пшаніцу. Людзі шчыруюць не толькі на ўборцы збожжа, таму вылучаць адзін від работы няправільна. Каб не атрымалася так, што сёння нам трэба ўшаноўваць малочніка, бо ён смятану робіць. А той, хто малако для той смятаны здабывае, заўсёды застаецца ўбаку.

— Валянцін Мікалаевіч, нягледзячы на ўсе цяжкасці, гаспадарка на добрым рахунку ў раёне, дэманструе добрыя вынікі і па ўборцы збожжавых, і па нарыхтоўцы кармоў, і па надоях малака. У чым сакрэт?

— Дарэчы, мы першымі ў раёне завяршылі ўборку збожжавых і дапамагалі суседзям. У любой працы галоўнае — правільна арганізаваць працэс. Двойчы на дзень у нас праходзіць планёрка. Вечарам абмяркоўваецца план наступнага працоўнага дня, размяркоўваецца тэхніка. Раніцай, зыходзячы з умоў надвор'я, карэктуецца. Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці, як той казаў... Дарэчы, хоць на тэрыторыі гаспадаркі маецца рыбгас «Чырвоная зорка», мы выкапалі ў садзе гаспадаркі і сваю сажалку, карпаў запусцілі. Прадаём іх пераважна мясцовым людзям. Яны ведаюць, што рыба добрая, ды і танней абыходзіцца.

Акрамя таго, не эканомім грошы на абслугоўванні і рамонце тэхнікі, здароўі людзей, вяртаецца да майго пытання Валянцін Карпаў. — Стараемся правільна эксплуатаваць і аператыўна рэагаваць на паломкі, каб мінімум прастою тэхнікі быў. Гэта проста неабходна. Бо я не першы год жыву і ведаю, што абыякі двойчы робіць, а сквапны двойчы плаціць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».