Вы тут

Сямейны альбом для Віцебска


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 22.08.14 г.

___________________________________________________________________________

Выданне, пра якое сёння ідзе гаворка, прадстаўляе аднаго з пачынальнікаў мастацтва фатаграфіі, заснавальніка ўласнага фотаатэлье ў Віцебску і вынаходніка “імгненнага затвора”, які выкарыстоўвалі стваральнікі фотатэхнікі цягам ста гадоў. Серыя “Кніжная лаўка Дома Шагала” не так даўно папоўнілася новым даследаваннем. Гэта праца дырэктара Музея Марка Шагала ў Віцебску Людмілы Хмяльніцкай “Сігізмунд Юркоўскі — фатограф з Віцебска”. Яна выйшла ў сталічным выдавецтве “Чатыры чвэрці”.

Юркоўскі

 

Да з’яўлення гэтай кнігі пра Сігізмунда Юркоўскага было вядома не так шмат. Людміла Хмяльніцкая піша, што ў савецкія часы яго імя было зусім забытае, толькі ў 1950-я гады пра вынаходніцтвы віцебскага майстра сталі пісаць у сваіх работах А. Сыроў і С. Марозаў. У канцы 1960-х некалькі артыкулаў напісаў журналіст і краязнаўца А. Падліпскі (дарэчы, адзін з іх быў апублікаваны ў ліпені 1968 года на старонках газеты “Літаратура і мастацтва”). А ў 1989 годзе ў часопісе “Нёман” выйшаў вялікі артыкул Аляксандра Дзітлова, прысвечаны піянерам айчыннай фатаграфіі. У іх ліку даследчык згадвае і Сігізмунда Юркоўскага.

Для таго каб падрабязна прасачыць няпростую лінію жыцця Сігізмунда Юркоўскага, аўтарцы давялося папрацаваць у архівах і бібліятэках Мінска і Санкт-Пецярбурга, наладзіць сувязь з установамі Польшчы і Швейцарыі. Дапамог і выпадак. У 2010 годзе на адным з інтэрнэт-сайтаў з’явілася падборка фотаздымкаў віцебскага майстра з сямейнага архіва Марыны Праўдалюбавай. Аказалася, што Сігізмунд Юркоўскі быў мужам сястры яе прабабулі. Уладальніца фотакалекцыі на той час не шмат ведала пра свайго знакамітага продка, таму ахвотна адгукнулася на просьбу беларускай даследчыцы даслаць матэрыялы і прадаставіла не толькі копіі фотаздымкаў, але і дакументы, якія беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве.

Цяпер з даследавання Людмілы Хмяльніцкай нам вядома, што Сігізмунд Юркоўскі нарадзіўся ў 1833 годзе ў шляхецкай сям’і. Месца нараджэння не вядомае, а першы горад, з якім звязана імя будучага майстра фатаграфіі, — Магілёў. Менавіта тут 11-гадовы Сігізмунд пачаў навучанне адразу ў другім класе мужчынскай гімназіі. Яшчэ ў дзяцінстве ён пачаў цікавіцца фатаграфіяй, якая ў той час яшчэ толькі пачынала развівацца. Правучыўшыся ў Магілёве шэсць гадоў, Юркоўскі паступае ў Гімназію вышэйшых навук — ліцэй князя Безбародкі ў Нежыне, што на Чарнігаўшчыне. Скончыўшы гэтую ўстанову, ён становіцца студэнтам Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, аднак з-за хваробы не можа працягнуць навучанне і паступае на службу канцылярскім чыноўнікам, а потым пісцом у Магілёў. Праз некалькі гадоў, ужо маючы сям’ю, Юркоўскі падае прашэнне аб звальненні па прычыне хваробы. А паколькі на той час ні ў яго, ні ў жонкі не было родавага маёнтка, то былы чыноўнік з выпускным атэстатам губернскага акцызнага ўпраўлення атрымлівае права пражываць “ва ўсёй Расійскай імперыі”.

Ён выбраў Віцебск. Людміла Хмяльніцкая лічыць, што ўжо на той час Сігізмунд Юркоўскі меў і вопыт вырабу фотаздымкаў, і ўласнае абсталяванне, бо ўжо ў верасні 1966 года ён падае прашэнне аб дазволе адкрыць фатаграфічную ўстанову. І вось тут пачынаецца гісторыя справы ўсяго яго жыцця. У той час у Віцебску мець сваё фотаатэлье лічылася ганаровай і прыбытковай справай. Але не кожны майстар вытрымліваў канкурэнцыю і мог пераадольваць усе цяжкасці і паспяхова весці бізнес. Таму фотамайстэрні праз некалькі гадоў пасля адкрыцця пераставалі прыносіць прыбытак і закрываліся. Але атэлье Сігізмунда Юркоўскага праіснавала амаль 35 гадоў і закрылася толькі пасля смерці майстра ў 1901 годзе. Магчыма, уся справа ў вынаходніцтве — тым самым “імгненным затворы”, што дазваляў фіксаваць аб’екты ў руху, здымаць пейзажы і гарадскія вуліцы і будынкі. Многія з фотаздымкаў Юркоўскага сталі візітоўскай Віцебска: ракурсы, абраныя майстрам для фотаздымкаў, паўтараліся іншымі прыхільнікамі фатаграфіі, а здымкі ператвараліся ў паштоўкі.

Некаторыя работы фотамастака — партрэты і гарадскія пейзажы можна пабачыць у ілюстраваным дадатку да кнігі, арыгіналы здымкаў захоўваюцца ў музеях Беларусі, Расіі, Украіны, многіх прыватных калекцыях і архівах. Гэтая кніга — фактычна першае грунтоўнае даследаванне, прысвечанае Сігізмунду Юркоўскаму. Таму Людміла Хмяльніцкая спадзяецца, што пасля яе выхаду знойдуцца прамыя нашчадкі майстра (вядома, што ў фатографа было пяцёра дзяцей), а таксама асобы, якія пазнаюць на старых здымках сваіх продкаў. Пагартайце кнігу, магчыма і вы пабачыце знаёмы твар прадзядулі ці прабабулі, якія жылі ў Віцебску ў канцы ХІХ ст.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота: Сігізмунд Юркоўскі. Каля 1895 г. Фота з калекцыі М. Праўдалюбавай

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.