Вы тут

Італьянскія вакацыі, або дакраніцеся да старажытнай цывілізацыі ў сучасным абліччы


Італія, мабыць, адносіцца да тых краін, наведваючы якія, можна кожны раз адкрываць цалкам новы, невядомы бок жыцця яе жыхароў. Як гэта ўласціва ўсім буйным па плошчы дзяржавам, розніца паміж менталітэтам, паводзінамі насельніцтва, звычаямі і прыродай поўначы і поўдня «боціка» для падарожніка вельмі прыкметная.

Імкнучыся пачаць падарожжа як мага раней, я, маючы ў запасе шэсць гадзін для перасадкі ў аэрапорце, чатыры з іх выдаткавала на знаёмства з горадам Бергама, да цэнтра якога было ўсяго 20 хвілін на аўтобусе. Першая адметная рыса Італіі: аэрапорты, як правіла, знаходзяцца ў самім горадзе, таму падарожнікі, якія прагнуць новых уражанняў, могуць дадаваць новыя кропкі ў свой маршрут у выпадку доўгага чакання наступнага рэйса.

Бергамо (25)

Бергама аказаўся маленькім, утульным, зялёным горадам, які можна з лёгкасцю абыйсці за дзве гадзіны пешшу, пераходзячы з адной вузенькай вулачкі на іншую і часам лавіруючы паміж матацыкламі і мапедамі, што праязджаюць міма. Стары горад на ўзгорку, а хутчэй, уздым туды на фунікулёры, мабыць, асноўная славутасць гарадка. Але гэта ніколькі не памяншае непаўторнасці паху свечак з каталіцкіх касцёлаў, якіх па ўсёй Італіі шмат, і духу гісторыі, які «завіс» у паветры паміж старажытнымі сценамі, асветленымі стылізаванымі ліхтарыкамі!

Існуе меркаванне, што раз у год неабходна пабываць у краіне, у якой раней ніколі не быў. Хоць я ўжо трохі падарожнічала па поўначы Італіі, маё рашэнне паехаць на поўдзень было абгрунтавана простым сцвярджэннем сяброў-італьянцаў аб тым, што Сардзінія — гэта не Італія. Зрэшты, сардзінцы спрабуюць умацаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, баючыся знікнення сардскай мовы, якая, трэба адзначыць, значна адрозніваецца ад італьянскай і мае статус рэгіянальнай мовы Еўрасаюза. Юрыдычна з'яўляючыся аўтаномнай часткай Італіі, другі па памеры востраў Міжземнага мора, павінна прызнацца, сапраўды вельмі адрозніваецца ад кантынента. Сардзінія па форме нагадвае сандалі. Паводле легенды, менавіта ў гэтым месцы Гасподзь ступіў на зямлю, пакінуўшы свой першы след. Ветраны (дадайце 15 градусаў да тэмпературы ў параўнанні з Бергама) востраў у маі-ліпені засяляюць ружовыя фламінга для таго, каб вывесці птушанят і ляцець далей у Афрыку. Пару гадоў таму тут здарылася экалагічная катастрофа, калі бяздомныя сабакі разбілі большасць з адкладзеных яек фламінга. Пасля гэтага ўрад прымае меры па ахове рэдкіх птушак, якія сталі візітнай карткай Кальяры — галоўнага і самага буйнога горада Сардзініі.

Сардзінія мае вялікую колькасць пляжаў і бухт, таму даследаваць усё за адзін раз наўрад ці атрымаецца. Да таго ж востраў немаленькі і мае тры дзеючыя аэрапорты. Акрамя самалёта, на востраў можна дабрацца на пароме за 13 гадзін, напрыклад, з Неапаля. Такі быў мой выбар, што цалкам было апраўдана з улікам тых відаў на бясконцае мора, скалы і астравы, што адкрываліся з палубы нашага вялізнага карабля, які перавозіў людзей і іх аўтамабілі.

Неаполь

Неапаль з самай раніцы быў вельмі шумны ў параўнанні з паўднёвай Сардзініяй.

Шпацыруючы, не, накіроўваючыся па турыстычным маршруцеў Неапалі, так як гэтаму гораду дакладна не падыходзяць дзеясловы са значэннем мернага баўлення часу, ствараецца ўражанне, што сталіца рэгіёну Кампанія пераняла гэтыя рысы ў непрадказальнага і цяпер дрымотнага вулкана Везувія.

Заснаваны грэкамі, якія перажылі іспанскае панаванне на сваёй зямлі, Неапаль захаваў у сабе рысы прысутнасці розных народаў. Нават сёння іспанскія кварталы лічацца больш багатай, развітай часткай горада, «месцамі для турыстаў». У Неапалі варта не забываць аб мерах бяспекі: паўсюль вулічныя ашуканцы і кішэннікі. Нярэдка зладзеі зрываюць жаночыя сумкі, праязджаючы міма на матацыкле, таму мясцовыя кабеты ходзяць з сумачкай цераз плячо на той бок, што бліжэй да сцяны, а не каля дарогі.

Самым нечаканым у горадзе было бездакорна чыстае метро. Яго можна параўнаць з музеем. Дабрацца з паверхні да падземнага цягніка ў нас заняло хвілін дзесяць, але ніколі яшчэ такі доўгі шлях да метро не быў гэтак прыемным! Рознакаляровая зіхатлівая плітка, насценны жывапіс, імітацыя зорнага неба, выявы грэчаскіх багоў і жоўты (які пакрысе пераходзіць у сіні) колер сцен пры апусканні на эскалатары ніжэй за ўзровень мора не дадуць сумаваць па дарозе.

Характэрны пейзаж гарадскога квартала складаецца з вузкіх вуліц без раздзяляльных палос для пешаходаў, матацыклаў і машын, што істотна абцяжарвае рух апошніх; маленькіх «сямейных» крамачак і піцэрый (бо Неапаль лічыцца месцам нараджэння першай піцы); вузкіх вокнаў з аканіцамі і вывешанай для сушкі і ўсеагульнага агляду бялізны. Незлічоная колькасць касцёлаў, у асноўным выкананых у стылі барока, — бясконцае поле для даследаванняў дапытлівых гасцей горада.

Napoli (50)

Менавіта грэкі заснавалі Нэапаль (Neapoli) і далі яму такое імя, што ў перакладзе азначае "Новы горад".

Napoli (245)

Фасад ЦарквыДжезу Нуово, упрыгожаны рэльефамі ў выглядзе маленькіх пірамідак (Gesu Nuovo)

Званне самай містычнай царквы свету я прысудзіла б царкве Святой Марыі, заступніцы душ. Стварылі царкву некалькі багатых італьянцаў, адной з мэт якіх было хаваць жабракоў у яе падзямеллі. З часам пахаванняў стала больш, і жыхары горада выдумалі легенду пра тое, што любы ахвотны можа законна ўсынавіць чэрап і косці любога жабрака. У абмен на гэта дух нябожчыка будзе ахоўваць і прыносіць поспех свайму «ўсынавіцелю». Каля царквы нават устаноўлены жалезны чэрап. Згодна з легендай, калі яго пагладзіць, можна прыцягнуць поспех. Такая царкоўная працэдура была дазволена да 60-х гадоў мінулага стагоддзя. «Усынавіцель» таксама абавязаўся збудаваць унутры царквы нешта накшталт хаткі з дахам для абранага чэрапа, маліцца за яго душу і... сабраць увесь яго шкілет, што не ўдавалася, па зразумелых прычынах, нікому. Аднак, калі меркаваць па латарэйных білетах і іншых падарунках, што ляжаць каля астанкаў і сведчаць аб выйгрышы, легенда паходзіць на праўду.

Яшчэ адным здабыткам Неапаля з'яўляюцца яго знакамітыя кандытарскія з фірменнымі італьянскімі прысмакамі (сфальятэле, ромавыя бабы і іншыя).

Італьянцы пераважна вегетарыянцы. Іх рацыён складаецца з мучных вырабаў (спагеці, паста, піца, сэндвічы), бясконцай колькасці сыроў, якія адпавядаюць густу нават самых прыдзірлівых, а таксама агародніны і садавіны.

quatro (104)

 Кухня па-неапалітанскі гэта, альбо залішне для ўспрымання беларусаў салодкія дэсерты, альбо залішне салёныя асноўныя стравы.

Тырэнскае мора, якое абмывае заходняе ўзбярэжжа Італіі, значна цяплейшае за Міжземнае на Сардзініі. Па ўсім узбярэжжы краіны ёсць цудоўная магчымасць атрымаць асалоду ад яе неверагоднай прыгажосці, палюбаваўшыся прыродай, блакітным морам, разнастайнасцю ландшафтаў, горнымі ўцёсамі і краявідамі вёсак, раскіданых на пагорках, узяўшы напракат яхту або лодку. Аднак для гэтага спатрэбіцца вялікая кампанія. Амалфітанскае ўзбярэжжа — жамчужына рэгіёна Кампанія, аб'ект Сусветнай спадчыны з 1997 года — уключае гарады Амалфі, Сарэнта і Пазітана, дарагія і казачныя па прыгажосці. Асабліва лашчаць позірк захапляльныя віды Пазітана, якія выклікаюць жаданне фатаграфаваць пейзаж пасля кожнага кроку.


Пазітана - адна з рыбацкіх вёсак Амалфітанскага ўзбярэжжа
Amalfi coast (118)

Невыпадкова Італія была калыскай узнікнення Рымскай імперыі! Паўсюль тут можна дакрануцца да помнікаў архітэктуры і напамінам пра старажытныя цывілізацыі. Ад'язджаючы з Італіі, я зразумела: у мяне няма знаёмага пачуцця, што я паглядзела краіну. У Італію трэба вяртацца зноў і зноў, каб спазнаць усе яе грані. Да таго ж італьянцы вельмі прыязныя і гасцінныя, з задавальненнем распытваюць пра Беларусь. Многія з іх нават не ведалі, што наша краіна не ўваходзіць у Еўрасаюз. Найбольш папулярная тэма, асабліва ў гутарках з сардзінцамі, якія ніколі не бачылі снег, звязана з надвор'ем і прыродай нашай краіны. Ці змагла я прывыкнуць і палюбіць бязладны, неахайны і вясёлы Неапаль? Наўрад ці. Ён саступае Сардзініі па якасці жыцця, але ў гэтым горадзе (дарэчы, як і рэгіёне Кампанія) адназначна варта пабываць!

 

Алеся Вараб'ёва,

 

фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.