За 2 дні магілёўскія праваахоўнікі канфіскавалі кантрабанднай гарэлкі і брагі амаль на 80 мільёнаў рублёў
Не атрымалася падзарабіць на расійскай гарэлцы жыхару Паўночнай Асеціі, грузавік якога затрымалі ў Бабруйскім раёне.
— У мужчыны былі дакументы на перавозку піламатэрыялаў з Уладзікаўказа ў Бабруйск, але ў прычэпе за дошкамі аказалася гарэлка больш чым на 30 мільёнаў рублёў без акцызных марак Рэспублікі Беларусь, — паведаміў падрабязнасці намеснік начальніка ўпраўлення ДФР КДК па Магілёўскай вобласці Аляксандр Шаройкін. — Нелегальны груз канфіскаваны, а з правапарушальніка ў бюджэт спагнана 15 мільёнаў рублёў штрафу.
Тым часам у Мсціслаўскім раёне на дарозе, якая мяжуе з Расійскай Федэрацыяй, супрацоўнікі аддзяленняў мясцовага РАУС праверылі падазроны мікрааўтобус «ІVECO TURBO DAІLY». У ім пенсіянер з Салігорскага раёна вёз 800 бутэлек расійскай гарэлкі на агульную суму амаль 45 мільёнаў рублёў. Кантрабанда канфіскавана, а правапарушальніка чакае штраф да 40 базавых велічынь.
Адказваць па законе прыйдзецца і чатыром жыхарам шклоўскіх вёсак Карасі і Падгайцы. Мясцовыя «вынаходнікі» займаліся вытворчасцю ўласнай «гарэлкі». Па словах намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку УАПП УУС Магілёўскага аблвыканкама Вячаслава Каўтунова, у іх канфіскавана амаль 300 літраў брагі. Парушальнікаў таксама чакае штраф у памеры ад 5 да 30 базавых велічынь.
Дарэчы, з пачатку года супрацоўнікі міліцыі пазбавілі самагоншчыкаў вобласці 50 тон брагі, 137 тон фальсіфікаванай алкагольнай прадукцыі і 68 самагонных апаратаў. На вытворцаў «вадкай валюты» складзены 951 пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.