Вы тут

Гістарычны навігатар: «Вялікае Княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах»


...Старажытны картограф Фра Маўро моцна рызыкаваў. Ён ствараў сваю «Планісферу», разумеючы, што выкліча абурэнне ў тых, хто цэнтрам свету бачыў Іерусалім, ад якога ішлі іншыя землі. Ён, манах ордэна камальдулаў з манастыра святога Міхала, што ў Венецыянскай рэспубліцы, вымушаны быў апраўдвацца перад царквой. Тагачаснае ўяўленне пра свет і мысленне людзей было падпарадкавана хрысціянскім каштоўнасцям: галоўнае месца на зямлі — тое, дзе жыў Ісус. І можна верыць у Ісуса, разумець, чаму горад яго ўваскрэсення ставілі на карце ў цэнтр Сусвету, але пры гэтым імкнуцца да праўды геаграфічнай. І можна было паважаць папярэдніка Пталемея з яго «Касмаграфіяй», картамі якога, дарэчы, кіраваўся Калумб падчас падарожжа ў Індыю, але разумець: свет значна больш цікавы, і варта ўдакладняць веды пра яго. Сам Фра Маўро стаў асобай таямнічай, якая да таго ж пакінула на сваёй карце свету 1450 года шмат загадак, якія дагэтуль застаюцца нерасшыфраванымі.

Але яго імкненне да дакладнасці нас можа ўсцешыць: «Планісфера» — першая з вядомых картаў, дзе былі пазначаны землі, на якіх сёння жывём мы. Землі Вялікага Княства Літоўскага на карце адлюстраваны даволі падрабязна і вобразна. Аўтар нанёс не толькі асноўныя водатранспартныя артэрыі краіны, такія як Дзвіна, Нёман, Дняпро і г.д., але і некаторыя дарогі, што злучалі гарады і правінцыі княства. Апроч буйных гарадоў, такіх як Полацк, Смаленск, Віцебск, Гародня, на карту нанесены і зусім не значныя населеныя пункты. Тут мы таксама сустракаем суіснаванне антычных і сучасных тапонімаў як у назвах рэк, так і земляў. З аднаго боку, мы чытаем на карце пра еўрапейскую Сарматыю, Чорную Русь, Чырвоную Русь, якія літаральна суседнічаюць з тапонімамі Літва, а крыху ніжэй знаходзім Белую Русь. Праўда, ужо паводле «Карты мора» Олафа Магнуса мы можам скарэктаваць разуменне таго, што за землі называліся ў той час «Белай Руссю»...

Такія карты (калі дакладна, то іх копіі), якія паказваюць бачанне нашай тэрыторыі ў розныя гістарычныя эпохі сусветнымі і айчыннымі картографамі, сабраны на выставе «Візуальныя вобразы гістарычнай памяці, альбо Вялікае Княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах», якая праходзіць у Мінску ў арт-прасторы «Цэх».

— Старажытныя геаграфічныя карты ўяўляюць сабой унікальныя гістарычныя артэфакты. У іх, як і на карцінах вялікіх мастакоў альбо ў архітэктурных шэдэўрах, мы бачым матэрыяльны злепак мінулага, спынены час, — адзначае адзін з арганізатараў, кнігавыдавец Эдуард Куфцерын. — Сваімі рукамі сярэднявечныя картографы і мастакі стварылі для нас не проста геаграфічныя карты, але своеасаблівыя парталы для перамяшчэння, візуальную машыну часу, якая пераносіць нас у эфемернае мінулае, якое бадай бясследна знікае.

Што сапраўды цікава: ёсць магчымасць прасачыць уяўленне пра землі, на якіх мы сёння жывём, у кантэксце сусветнай і еўрапейскай картаграфіі, у разглядзе перыяду ўласна Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Чатыры тэматычныя блокі, кожны з якіх удакладняе іншыя. А ў спалучэнні — нараджае вобразы далёкай мінуўшчыны.

мы чытаем на карце пра еўрапейскую Сарматыю, Чорную Русь, Чырвоную Русь, якія літаральна суседнічаюць з тапонімамі Літва, а крыху ніжэй знаходзім Белую Русь.

Мы бачым эвалюцыю сусветнай картаграфіі ад таго моманту, калі яна была больш фантастычнай, вобразнай, давала хутчэй уяўленне пра свет, чым яго рэальныя абрысы. І тады складальнікі картаў выступалі асветнікамі альбо нават літаратарамі: чаго толькі вартая Эбстарфская карта, якая хутчэй падобна да сярэднявечнай энцыклапедыі, на якой, апроч геаграфічных аб'ектаў, змешчана больш за 1600 легендаў: апісанні вятроў, прыроды, славутасцяў, расліннага і жывёльнага свету, падзеі царкоўнай і антычнай гісторыі. Вось яшчэ цікава пабачыць «Новую мапу ўсіх земляў свету» 1689 года, складзеную галандцам Герардам ван Шагенам. Дакладна быў чалавек з багатымі ведамі і ўяўленнем на той час, які шчыра дзяліўся з іншымі: уверсе, пад зорным небасхілам з накрэсленымі на ім знакамі сузор'яў, — пейзаж, які ўвасабляе Алімп, дзе бог Зеўс пануе над зямнымі істотамі ў сяброўстве з іншымі багамі, уладарамі стыхій. Аўтар кампазіцыйна і сімвалічна заключыў «зямную кулю» ў прастору трох стыхій — Зямлі, Неба і Мора...

Ці вось яшчэ цікавы вобраз: карта Еўропы 1598 года паказвае наш кантынент у выглядзе жаночай фігуры. Нездарма за ёй замацавалася назва «Каралева Еўропа». Дык на гэтай карце тэрыторыя тагачаснай Літвы бачыцца часткай цела Еўропы. Карта, безумоўна, алегарычная, нават для таго часу. Таму што яшчэ ў 1544 годзе фламандскі картограф і георгаф Герард Меркатар выдаў карту Еўропы, дзе былі выпраўлены памылкі, што паўтараліся ў картаграфіі яшчэ з часоў Пталемея. Меркатар лічыцца адным з пачынальнікаў сучаснай картаграфіі. Але нам ён асабліва цікавы тым, што ў 1595 годзе стварыў карту, арыгінальная назва якой у перакладзе з лацінскай мовы гучыць як «Літва». Яго праца лічыцца першай геаграфічнай выявай Вялікага Княства Літоўскага (альбо найстаражытнейшай картай Беларусі). Таксама гэтая карта сведчыць пра тое, што нават пасля Люблінскай уніі 1569 года, якая паклала пачатак адзінай федэратыўнай дзяржаве, вядомай як Рэч Паспалітая, у Еўропе Літву ўспрымалі як самастойную дзяржаву, што знаходзіцца ў саюзе з Каралеўствам Польскім.

— Гэтая выстава дае панараму, ілюструе, як ад фантастычнай картаграфіі рабіўся пераход да выяў, якія імкнуліся да дасканаласці, — адзначыў навуковы рэдактар Алег Дзярновіч. — Наогул, для нас картаграфія ХVІІ — ХVІІІ стагоддзяў важная, бо мы бачым, як акрэсліваюцца ўсходнія, паўднёвыя, часткова заходнія межы нашага краю. Але асабліва адметная ў гэтым сэнсе так званая «Радзівілаўская карта».

Яе поўная назва — «Вялікае Княства Літоўскае і іншыя суседнія рэгіёны з іх дакладным апісаннем». Аўтары — Тамаш Макоўскі і Гэсэль Герытс — стваралі яе па замове князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла па мянушцы Сіротка. Надрукавана карта была на яго сродкі ў Амстэрдаме ў 1613 годзе вядомым выдаўцом Вілемам Блаў. Арыгінал гэтай карты захоўваецца ва ўніверсітэцкай бібліятэцы шведскага горада Упсала. Але ў нас ёсць магчымасць паглядзець і ўявіць, якой бачылі сваю краіну буйныя магнаты і палітыкі таго часу Радзівілы.

Менавіта дзякуючы Мікалаю Радзівілу практычна адразу пасля стварэння ім у 1586 годзе Нясвіжскай ардынацыі і атрымання княскага тытулу пачаліся нябачаныя да яго па маштабе тапаграфічныя і гідраграфічныя даследаванні на землях ВКЛ. Вынікам стала вельмі падрабязная і максімальна дакладная на той час карта ВКЛ. Не дзіва, што Радзівілаўская карта лічыцца адной з лепшых у Еўропе ў ХVІІ стагоддзі.

Радзівілаўская карта лічыцца адной з лепшых у Еўропе ў ХVІІ стагоддзі.

29-19

Цікава, што вялікі патрыёт Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Радзівіл абазначыў на карце дзве мяжы ВКЛ — да Люблінскай уніі 1569 года і пасля яе. Мноства надпісаў на ёй распавядаюць пра розныя гістарычныя падзеі, асаблівасці мясцовасцяў, звычаі народа і г.д. Напрыклад, з апісання Падлесся (Палесся) мы даведваемся, што яго жыхары сушылі рыбу на ветры і гандлявалі ёю ў іншых землях. У другім надпісе аўтары карты нібыта просяць прабачэння перад гледачамі за недакладнасць абазначэння прамежкаў у некаторых абласцях з-за балоцістай мясцовасці, што не дазваляла зрабіць дакладны прамер...

Недакладнасці на картах — яшчэ адзін цікавы момант для разважанняў. Аўтар прыгожай карты «Еўропа, новае апісанне Вілема Блаў» (1650 года) паказаў на ён ВКЛ, якое прасціраецца ад мора да мора і паўстае своеасаблівым усходнім фарпостам Еўропы, які аддзяляе яе ад Азіі. Вось дык памылка — і ад таго самага чалавека, які меў дачыненне да выдання дакладнай Радзівілаўскай карты!.. Мо таму і «вярнуў» ВКЛ страчаныя паўднёвыя землі, што ведаў аб прэтэнзіях на іх буйных магнатаў, таго ж Мікалая Радзівіла Сіроткі, які заказваў у яго карту. Картограф — таксама чалавек, які мае свае прыхільнасці і асабістыя адносіны. Хоць дакладнасць на той час ужо была важнай. Дакладнасць, дарэчы, дапамагае нам зразумець па картах часоў Рэчы Паспалітай, напрыклад, 1799 года, балючы перыяд падзелу краіны.

Існаванне краін, іх межы ў пэўныя гістарычныя перыяды, змены абрысаў — тое, пра што сведчаць карты. І тое, што дае ўяўленне пра гістарычны працэс, які прывёў да нашых сучасных межаў. Чаму ўсё было так, з якіх прычын? Пра гэта таксама ёсць падставы паразважаць, агледзеўшы выставу копій сусветных значных і знакавых картаў.

...Мы бяром у рукі карту, калі трэба зарыентавацца, зразумець, дзе знаходзішся, каб вызначыцца, куды рухацца далей. Нездарма выстава будзе суправаджацца іншымі мерапрыемствамі і дыскусіямі, адна з якіх пазначана так: «Дзе ў свеце плыве Беларусь?»

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».