Вы тут

Гісторыя на сценах


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 25 ліпеня 2014 г.

___________________________________________________________________________

Будынак Рэйхстага адлічвае сваю гісторыю з канца ХІХ стагоддзя. Ён будаваўся цягам дзесяці год па праекце нямецкага архітэктара Паўля Валота. Першая і Другая сусветныя войны, падзел Берліна і “Халодная вайна” пакінулі свой след на яго сценах: Рэйхстаг неаднаразова рамантаваўся, перабудоўваўся, аднойчы яго нават хацелі спаліць. Сёння тут праходзяць пленарныя пасяджэнні Бундэстага, а сам будынак, упрыгожаны сучасным купалам з аглядавай пляцоўкай, прываблівае мноства гасцей Берліна. Тут можна пабачыць фрагмент старажытнага тунэля, па якім члены ўрада пераходзілі з аднаго будынка ў іншы, металічную урну для галасавання і мноства іншых цікавостак, звязаных з гісторыяй нямецкага Бундэстага. Але не толькі гэтым цікавы Рэйхстаг. Яго сцены захоўваюць сапраўдныя сведчанні адной з самых яркіх падзей Другой сусветнай вайны — узяцця Рэйхстага савецкімі салдатамі 9 мая 1945 года.

рэйхстаг

Калі ў 1996 — 1999 гадах па праекце англійскага архітэктара Нормана Фостэра ў Рэйхстагу адбывалася перабудова і перапланіроўка, са сцен былі зняты панэлі. Вось тады ўсе пабачылі надпісы, зробленыя савецкімі салдатамі ў 1945 годзе. Было прынята рашэнне іх рэстаўрыраваць, закансерваваць і даследаваць.

— Пры рэстаўрацыі гэтыя надпісы былі закансерваваны спецыяльным растворам. З цягам часу пачарнелыя сцены былі ачышчаны сухім сціснутым паветрам, і цяпер у нас ёсць магчымасць пабачыць іх у арыгінале, — распавяла супрацоўніца службы наведвальнікаў Германскага Бундэстага Карын Фелікс. — Гэтыя надпісы застануцца тут назаўжды. Гэта вельмі важна. Ведаючы пра значэнне, якое маюць надпісы на сценах Рэйхстага для наступных пакаленняў, асабліва людзей, якія жывуць на прасторах былога Савецкага Саюза, я задалася мэтай каталагізаваць і задакументаваць надпісы, што захаваліся, і ўсё тое, што можна прачытаць і расшыфраваць.

“Калі гісторыя ажывае” — такую назву мае кніга спадарыні Карын, якая хутка пабачыць свет у Германіі і ў Расіі — у перакладзе на рускую мову. Гэтае даследаванне доўжылася 13 гадоў. Сёння многія надпісы расшыфраваны, даследчыца асабіста знаёмая з некаторымі аўтарамі, іх дзецьмі і ўнукамі. Часам загадкавыя надпісы ўдавалася расшыфраваць падчас экскурсій у Рэйхстагу.

— У асноўным на сценах напісаныя прозвішчы. Салдатам гэта важна было, маўляў, я таксама тут быў. Таксама часта пазначаецца родны горад. Тут былі людзі з Ташкента, Кіева, Сібіры, Беларусі, іншых мясцін, — адзначае спадарыня Фелікс. — Часам пры даследаванні надпісаў мне адкрываліся гісторыі сем’яў і лёсы людзей, якія прайшлі вайну. Неяк я праводзіла экскурсію для жанчын — былых вязняў канцлагера. Яны ціха стаялі і разглядалі надпісы. Пасля да мяне падышла жанчына і сказала: “Муж мне распавядаў, што нешта напісаў на сцяне Рэйхстага”. Я запыталася прозвішча і вельмі хутка знайшла надпіс: “Носов”. Жанчына спалохалася, што з-за слабога зроку не здолее разгледзіць яго, але, пабачыўшы вялікія літары, вельмі ўзрадавалася. “Мне было пятнаццаць гадоў, калі я была ў лагеры, — распавяла яна, — а мужу было шаснаццаць, калі ён пайшоў на фронт. Мы вярнуліся дадому, ажаніліся, у нас нарадзілася дачка. Праз 60 гадоў пасля вайны Сяргей памёр”. Надпіс яна пабачыла пасля яго смерці.

Гітлер не любіў будынак Рэйхстага. Ён бываў тут толькі двойчы. А падчас вайны месцам размяшчэння яго штаба ўвогуле быў бункер. Сталін пра гэта ведаў, але ўзняцце савецкага сцяга над Рэйхстагам стала прыгожым сімвалам перамогі. Сцены будынка сёння захоўваюць не толькі надпісы. Па іх чытаецца гісторыя. Тут бачна, куды траплялі кулі, дзе раней былі лесвіцы, лаўкі. Будынак Рэйхстага быў узяты савецкімі салдатамі з паўночнага боку, таму там захавалася асабліва шмат надпісаў.

— Неяк падчс экскурсіі адна жанчына заўважыла на сцяне надпіс з трох літар: “САН”. Яна аслупянела, бо пазнала подпіс свайго бацькі, Сюзюкіна Аляксандра Мікалаевіча. Жанчына здзівілася, бо да самай смерці бацька нічога не распавядаў пра вайну і пра тое, што нешта напісаў на сцяне Рэйхстага, — зазначыла спадарыня Карын. — А неяк маленькая дзяўчынка пазнала на сцяне малюнак, фота якога вісіць на сцяне ў яе бабулі. Гэта выява сэрца з імёнамі “Галіна — Анатоль”. Я спыталася яе прозвішча, але дзяўчынка спалохалася і заплакала. Сваё імя яна не назвала. Але цяпер мы ведаем, што гэты надпіс зрабіў чалавек з горада Калінін.

Пра гісторыю расшыфроўкі надпісаў спадарыня Карын можа весці гаворку бясконца доўга. За кожным з іх, нават самым маленькім, — лёсы людзей, якія прайшлі вайну. Таму надзвычай важна гэтыя сведчанні гісторыі захоўваць і вывучаць.

— Я не хачу пісаць гісторыю занава, — разважае даследчыца. — Я хачу толькі паказаць людзей, якія стаяць за гэтымі надпісамі, з павагі да іх лёсаў і перажытага імі ў час Другой сусветнай вайны.

Яшчэ не ўсе сакрэты сцен старажытнага будынка раскрытыя. Запытайцеся ў дзядуль, якія ваявалі і дайшлі да Берліна, можа, і яны пакінулі надпіс на сцяне Рэйхстага ў 1945 годзе?

Марына ВЕСЯЛУХА

Берлін — Мінск,

фота аўтара

Спадарыня Карын Фелікс распавядае пра сваё даследаванне надпісаў на сценах Рэйхстага. 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.