Абсалютнай пераможцай у міжнароднай алімпіядзе па рускай мове баранавічанка Юлія Емельяновіч стала дзякуючы... сачыненню пра беларускую
У міжнароднай алімпіядзе па рускай мове выбралі пяць абсалютных пераможцаў. Выпускніца 9 класа баранавіцкай гімназіі №2 Юлія Емельяновіч стала лепшай сярод іх. Адметна, што журы дзяўчына пакарыла не толькі выдатнымі ведамі па прадмеце, але і сачыненнем на вольную тэму пра... беларускую мову.
«Калі страчваецца мова, можа знікнуць нацыя»
1
Юля — з тых дзяўчатак, якія сустракаюцца ўсё радзей. Са стыльнай стрыжкай, прыгожая без касметыкі — сапраўдная. У свае чатырнаццаць любіць Бродскага. Інтэлігентная. Выхаваная. Глыбокая. Цікаўная. Захопленая, здаецца, усім на свеце. «Яна такой нарадзілася, — усміхаецца мама Юлі Таццяна Уладзіміраўна. — Я падтрымліваю яе амаль ва ўсім».
— Алімпіяда навучыла мяне быць прасцейшай і дабрэйшай па жыцці, — расказвае пераможца. — Таму на кожнай алімпіядзе стараюся з некім пазнаёміцца: новыя людзі, думкі, пачуцці абавязкова потым спатрэбяцца.
На апошнім Юліным спаборніцтве было тры абавязковыя конкурсы — сачыненне, вусны лінгвістычны конкурс і іспыт па расійскім краіназнаўстве. З кожнай нацыянальнай каманды (усяго іх удзельнічала 17) выбіралі чалавека, які набраў у іх не сумарна, а паасобку максімальную колькасць балаў. З пяці абсалютных пераможцаў Юлія стала лепшай.
— Мне вельмі спадабалася атмасфера алімпіяды, я пазнаёмілася з самымі рознымі людзьмі. Дзяўчынка з Азербайджана падарыла мне вось такі бранзалет, — Юля здымае з рукі і паказвае ўпрыгажэнне з надпісам «Аzеrbаіjаn». — А я прэзентавала магніты з гербам Баранавічаў.
У нас на нацыянальнай алімпіядзе вельмі моцная канкурэнцыя. Гэта настолькі адчуваецца, што амаль немагчыма паразмаўляць з кім-небудзь з іншай каманды. А тут уразіў дух яднання.
— Няўжо зусім не адчувалася канкурэнцыі?
— Гэта была здаровая канкурэнцыя, не было зайздрасці. Напрыклад, каля нас жылі хлопцы з Літвы, яны дапамагалі нам рыхтавацца да краіназнаўства, а мы ім — да лінгвістычнага конкурсу.
Дзяўчына кажа, што перамога для яе была нечаканай. Яна была ўпэўнена ў сваіх сілах на лінгвістычным конкурсе і нават не рыхтавалася да яго. Адзінае, з-за чаго хвалявалася, гэта іспыт па краіназнаўстве. Але ён аказаўся зусім не складаным. А вось сапраўды цяжка было на конкурсе аратараў, які праходзіў пасля абавязковых іспытаў.
— На падрыхтоўку давалі двое сутак. Я рыхтавалася да сяміхвіліннага выступлення, як на нацыянальнай алімпіядзе. А тут нам адвялі дзве хвіліны і сорак пяць секунд. Я вельмі хвалявалася. Тады ў мяне паднялася тэмпература, і пасля алімпіяды я захварэла.
На аратарскім конкурсе было 8 тэм: 4 па творчасці Льва Талстога і 4 вольныя тэмы, з якіх Юля выбрала «Я хачу расказаць вам пра...».
— Я вырашыла расказваць пра беларускую мову. Бо апошнім часам мяне вельмі хвалюе яе становішча. Бо мова — гэта адна з прыкмет нацыі, і калі страчваецца мова, можа знікнуць і нацыя.
Дарэчы, мая суразмоўца два гады таму заняла першае месца на гарадской алімпіядзе — гэта вышэйшы этап у гэтай узроставай катэгорыі — па роднай мове. У наступныя гады, праўда, пераключылася на іншыя прадметы.
— Нават сярод педагогаў многія лічаць, што беларуская мова прасцейшая за рускую: маўляў, як чуецца, так і пішацца, — працягвае разважаць Юля. — Аднак у беларускай ёсць шмат асаблівасцяў вымаўлення: шыпячыя перад свісцячымі трэба чытаць як свісцячыя, свісцячыя перад шыпячымі — як шыпячыя і так далей. Таму беларуская мова насамрэч больш цяжкая, бо мы не размаўляем і не думаем на ёй.
«Вытрымае не кожны дарослы»
Маці Юліі, Таццяна Уладзіміраўна, прызнаецца, што не так моцна хвалявалася за дачку на міжнароднай алімпіядзе, як на рэспубліканскай.
— Тады ўся падрыхтоўка адбывалася на маіх вачах, працавала шмат людзей — педагогаў, псіхолагаў. Часам падавалася, што ўсё — сілы скончыліся. Тое хваляванне і псіхалагічнае напружанне, што я пабачыла на свае вочы і што падчас алімпіяды нібы лунае ў паветры, вытрымае не кожны дарослы чалавек.
— Да абласной алімпіяды трэба рыхтавацца па матэрыялах, а вось да рэспубліканскай — тут ужо псіхалагічная падрыхтоўка, бо ва ўсіх аднолькавы ўзровень ведаў, — пацвярджае Юлія.
Школьніца лічыць, што перамагчы ёй дапамаглі добрая падрыхтоўка, агульная эрудыцыя і педагогі, якія працавалі з ёй. І, вядома ж, падтрымка бацькоў, якая заўсёды адчувалася.
— У мяне быў шок, і я была вельмі рада, — узгадвае Юля сваю рэакцыю на перамогу. — Для мяне гэта было важна, бо я змагла даказаць, што ведаю рускую мову і не проста так гэтым займаюся. Калі атрымала дыплом, я плакала.
Зрэшты, аднолькава добрыя поспехі ў дзяўчыны і ў дакладных навуках: Юля вучыцца ў фізіка-матэматычным класе, любіць матэматыку за дакладнасць, а фізіку, хімію і біялогію — за тое, што яны тлумачаць будову ўсяго свету. На алімпіяду па матэматыцы школьніца не паехала толькі таму, што тая праходзіла ў адзін дзень з алімпіядай па рускай мове. Таццяна Уладзіміраўна, па-мацярынску шкадуючы дачку, параіла ёй выбраць мову, бо ёй здавалася, што там прасцей. Аказалася — нічога падобнага.
Апроч роднай беларускай, на якой Юля ўсё больш стараецца размаўляць, і рускай, дзяўчына вывучае англійскую, нямецкую і польскую. Захапляецца тэатрам — сёлета ёй паступіла прапанова паступіць у баранавіцкі тэатр-студыю «Паралель». Здавалася б, з такой усебаковай развітасцю перад Юляй адчынены дзверы любых універсітэтаў. Да таго ж, перамогшы ў алімпіядзе, яна атрымала магчымасць бясплатна вучыцца ў любой расійскай ВНУ. Аднак з прафесіяй дзяўчына яшчэ не вызначылася.
— Ужо шмат чаго перадумалі: і перакладчык, і міжнародныя адносіны, і праграміст... Магчыма, не скарыстаюся грантам, бо ён датычыцца толькі гуманітарных спецыяльнасцяў, а буду паступаць у БДУ.
У любым выпадку Юля мае яшчэ два гады на роздум, і за гэты час многае можа змяніцца. Галоўнае, што дзяўчыне ёсць з чаго выбіраць. Напрыканцы размовы яна ўсё ж прызналася: «Я мару вандраваць». Хочацца пажадаць ёй: няхай мары здзяйсняюцца!
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Мінск — Баранавічы.
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.