Вы тут

Анатоль СУЛЬЯНАЎ: «ДУХОЎНАСЦЬ, МАРАЛЬНЫ СТРЫЖАНЬ УМАЦОЎВАЮЦЬ ПРАФЕСІЯНАЛІЗМ»


З Анатолем Сульянавым мы пазнаёміліся ў ЦК КПБ, дзе я ў той час працаваў памочнікам сакратара Цэнтральнага Камітэта. Ваенныя ў нашу прыёмную заходзілі не часта, а калі і заходзілі, то затрымліваліся ненадоўга. На пытанні адказвалі коратка: «так точно», «никак нет»... Размаўляць з імі было не вельмі цікава.

Але вось аднойчы ў прыёмнай з'явіўся малады, усмешлівы генерал. І паводзіў ён сябе не зусім стандартна. Калі зайшоў да мяне, здзівіўся вялікай колькасці кніг, што ляжалі на маім стале. Ветліва папрасіў дазволу паглядзець. Я быў прыемна ўражаны гэтай непадробна шчырай, не характэрнай для вайскоўцаў цікаўнасцю да мастацкай літаратуры. «Сульянаў... Ці не той гэта Сульянаў, аповесць якога нядаўна выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура»?

— Так, быў такі грэх, — пацвердзіў Анатоль Канстанцінавіч.

Я па-новаму паглядзеў на свайго суразмоўцу. Баявы лётчык, генерал, да таго ж яшчэ і няблага валодае пяром. Мне прыгадалася, як цёпла гаварылі пра яго як пра аднаго з перспектыўных літаратараў нашы вядомыя пісьменнікі Васіль Быкаў, Іван Шамякін. Размова зайшла аб літаратурных навінках. Анатоль Канстанцінавіч выявіў добрую начытанасць і эрудыцыю.

Развіталіся мы амаль па-сяброўску. І з таго часу, вось ужо на працягу амаль трыццаці гадоў, пачуццё глыбокай сімпатыі, шчырай павагі да гэтага незвычайнага чалавека, таленавітага пісьменніка жыве ў маёй душы. Хаця сустракаемся мы рэдка. Затое з вялікім задавальненнем чытаю яго кожную новую кнігу. Анатоль Сульянаў надзвычай шчыры і ў многім аўтабіяграфічны ў сваіх творах. Чытаючы іх, беспамылкова даведваешся, што хвалюе і трывожыць, што радуе і засмучае пісьменніка. У апошнія гады, пайшоўшы ў адстаўку, генерал цалкам аддаўся літаратуры. Прычым паглыбіўся ў зусім новыя для сябе тэмы — напісаў дакументальна-публіцыстычную кнігу пра Пушкіна, гістарычны раман пра Берыю... І стала відавочным: пісьменнік набірае новую вышыню.

І вось я ў невялікім утульным кабінеце, які з усіх трох бакоў застаўлены кнігамі. Насупроць мяне — Анатоль Канстанцінавіч у лёгкім спартыўным касцюме. Усё такі ж усмешлівы, маладжавы. І, гледзячы на яго, рухавага, энергічнага, цяжка паверыць, што яму ўжо восем дзясяткаў.

19-15

«пішу пра тое, што добра ведаю»

— Анатоль Канстанцінавіч, распачнём нашу гутарку традыцыйна. З чаго і як пачаўся ваш літаратурны шлях? Наколькі мне вядома, ваеннаму чалавеку не так проста знайсці вольны час для творчасці. Да таго ж ні навакольнае асяроддзе, ні бытавыя ўмовы не садзейнічаюць гэтаму.

— Так, час вайскоўца распісаны па хвілінах. Асабліва ў лётчыкаў. Словам, не да пісання. Але ж я, калі гаварыць шчыра, у пісьменнікі і не збіраўся. З дзяцінства марыў стаць лётчыкам. Побач з маёй роднай вёскай знаходзіўся ваенны аэрадром. І мы, хлапчукі, пасеўшы дзе-небудзь на ўзгорку, маглі гадзінамі з захапленнем назіраць за палётам крылатых машын. І вось аднойчы мой дзядзька, ваенны прадстаўнік, прыехаў да нас у госці і кажа мне: «Я чуў, ты марыш стаць лётчыкам. А хочаш — мы заўтра паедзем з табой у Кубінку, на аэрадром?» «Вядома ж, хачу!» — заскакаў я ад радасці.

І вось мы на аэрадроме. Дзядзька падвёў мяне да машыны, якая якраз рыхтавалася да палёту. І раптам усе застылі па стойцы «смірна». Аказалася, падышоў камбрыг, які і збіраўся ляцець на гэтым самалёце. Убачыўшы мяне, камбрыг з усмешкай пацікавіўся: «А што тут робіць юны баец?» Дзядзька растлумачыў, што вось, маўляў, хлапчук улюбёны ў авіяцыю, марыць быць лётчыкам. «Ну што ж, мара — справа добрая, — ухвальна ўскудлаціў мой чуб камбрыг. Раптам ён здымае з галавы пілотку і падае мне: — Трымай, баец. На памяць, каб хутчэй збылася твая мара».

Гэты каштоўны падарунак і стаў паваротным момантам у маім жыцці. Дзіцячая рамантычная мара перарасла ў цвёрдую і самую запаветную мэту. У 1943 годзе, калі я скончыў 7 класаў і мне споўнілася 17, вырашыў паступаць у Маскоўскую спецшколу Ваенна-паветраных сіл. Напісаў пісьмо на імя начальніка школы і неўзабаве атрымаў паведамленне аб маім залічэнні. Так пачаўся мой шлях у ваенныя лётчыкі.

— А ў літаратуру?

— У літаратуру я прыйшоў праз журналістыку. Дапамог выпадак. Калі я быў курсантам Армавірскага вучылішча лётчыкаў-знішчальнікаў, аднойчы наша аддзяленне здавала экзамен па радыёсувязі. 3 25 курсантаў 22 атрымалі «пяцёркі». Начальнік вучылішча палкоўнік Шубін не паверыў і прыйшоў экзаменаваць курсантаў сам. Вынікі пацвердзіліся!

Пасля гэтага камандзір батальёна падпалкоўнік Кукарын выклікаў мяне і, як рэдактару баявога лістка, даручыў напісаць пра нашы «пяцёркі» ў акруговую газету. Я настрачыў цэлых тры старонкі і адаслаў у Растоў, у газету «Красное Знамя». А праз некалькі тыдняў днявальны раптам крычыць на ўсю казарму: «Сульянаў, твой артыкул у газеце на першай старонцы!» І праўда — пад загалоўкам «22 пяцёркі» стаіць сціпла ў ражку паласы заметка радкоў на сто і маё прозвішча пад ёю. А неўзабаве прыйшло і пісьмо з рэдакцыі, у якім мяне запрашалі да супрацоўніцтва.

— А калі ўпершыню прыйшла думка напісаць літаратурны твор?

— Гэтая думка прыйшла не мне, а майму настаўніку, таленавітаму журналісту Усеваладу Карамышаву. Ён у тыя гады, калі я вучыўся ў Маскоўскай ваенна-палітычнай акадэміі, быў рэдактарам нашай акадэмічнай шматтыражкі і ўсяляк заахвочваў мае журналісцкія спробы. Ён жа з адабрэннем адгукнуўся і на маё першае апавяданне, якое я даслаў яму. «Кідай страчыць заметкі, — быў яго прысуд. — Пішы апавяданні». Лёгка сказаць — пішы. Але калі? Першыя два гады службы пасля заканчэння акадэміі я наогул працаваў без выхадных. Але потым, дзякуй Богу, справа патроху стала наладжвацца, і я ўзяўся за пяро зноўку. Некалькі маіх апавяданняў апублікаваў часопіс «Советский воин». Але часцей за ўсё я друкаваўся ў нашай армейскай газеце «Часовой Севера».

І вось калі я ўжо, здавалася, набыў у сваіх колах пэўную вядомасць і прызнанне, раптам нечаканая непрыемнасць. Камандуючы нашай паветранай арміяй, выступаючы на ваенным савеце, даволі рэзка прайшоўся па маёй персоне. «Падпалкоўнік Сульянаў актыўна выступае ў друку, — з раздражненнем сказаў ён. — Але галоўная ваша задача, таварыш Сульянаў, не заметкамі займацца, а вучыць, выхоўваць лётны састаў». Калі таму ж камандуючаму прынеслі спіс, каго трэба заахвоціць да Дня друку, мяне ён са спіса выкрасліў. І тады я зразумеў, што ў арміі займацца літаратурай нельга. Я стаў пісаць «у стол». А калі ўжо праслужыў у палку некалькі гадоў, аўтарытэт мой вырас (наш полк стаў лепшым з дзевяці палкоў арміі), вось тады я зноў дазволіў сабе друкавацца. І неўзабаве, у 1967 годзе, нават выдаў першую кнігу апавяданняў «На земле и в воздухе».

— І нарэшце адчулі сябе пісьменнікам?

19-14

— Ну што вы! Да гэтага было яшчэ далёка. Толькі праз пятнаццаць гадоў, працуючы ўжо ў Мінску, я выдаў раман «Расколотое небо», прадмову да якога напісаў Васіль Быкаў. І тут, у гэтым кароткім уступным слове, вядомы пісьменнік даў майму сціпламу твору такую характарыстыку: «Я не ведаю ў сучаснай савецкай літаратуры іншага аўтара, які б з такім грунтоўным веданнем і зайздросным пранікненнем у самае запаветнае пісаў аб Узброеных Сілах краіны».

З любоўю і нянавісцю зямною

— Анатоль Канстанцінавіч, ёсць тры кнігі, якія ў вашай творчасці стаяць нібыта асобна. Гэта — «Маршал Жуков. Слава. Забвение. Бессмертие», «Пушкин, Элиз Кутузова и Долли Фикельмон», «Арестовать в Кремле». Яны выраслі не з асабістага вопыту. І нават не з асабістых назіранняў. Што ж стала прычынаю іх з'яўлення?

— У кожнай з гэтых кніг свая гісторыя. Пра маршала Жукава, напрыклад, упершыню з'явілася думка напісаць недзе на пачатку перабудовы. Менавіта тады на выдатнага палкаводца сталі выліваць цэбры бруду. Невыносна было слухаць, як з экранаў тэлевізараў так званыя дэмакраты, якія не нюхалі пораху і блізка не ведалі, што такое вайна, глуміліся з герояў Вялікай Айчыннай, абвінавачвалі ва ўсіх смяротных грахах таленавітых савецкіх военачальнікаў, і ў першую чаргу Георгія Канстанцінавіча Жукава.

Я зразумеў: больш маўчаць не змагу. Пра Жукава я ўжо многае ведаў. І не па чутках, а, што называецца, з першых рук — ад тых, хто побач з ім ваяваў, працаваў. Яшчэ ў канцы 1960-х я блізка пазнаёміўся з генерал-лейтэнантам Цялегіным. Ён звёў мяне з маршалам Ракасоўскім, з якім мы аднойчы правялі на рыбалцы цэлых паўдня. Гэта ўсё людзі, якія блізка ведалі Жукава. І яны мне расказалі вельмі шмат цікавых эпізодаў з жыцця легендарнага палкаводца. Самі вядомыя, таленавітыя военачальнікі, яны, тым не менш, гаварылі пра Жукава з захапленнем, з нязменным піетэтам.

Тое ж самае я чуў з вуснаў маршалаў Баграмяна, Рудэнкі, Чуйкова, з якімі мне давялося мець цесныя зносіны падчас іх прыезду ў Мінск з нагоды 35-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І вось у адзін з вечароў, калі маршалы адпачывалі ў заслаўскай рэзідэнцыі, размова зайшла і пра Жукава. Яны расказалі шмат цікавых фактаў, якія сведчылі пра мудрасць і празорлівасць яго палкаводчага генію. Словам, у тыя дні я падкаваўся грунтоўна. Дзякуй Богу, што ўсё пачутае я пасля старанна занатаваў, яшчэ, праўда, нічога не маючы на ўвазе. Проста так, на ўсякі выпадак.

Калі нарэшце я цвёрда вырашыў, што буду пісаць пра Жукава, стаў паглыбляцца ў тэму — перачытаў процьму спецыяльнай літаратуры, не адзін дзень праседзеў у розных архівах, сустрэўся з дзясяткамі франтавікоў. Асабліва каштоўнай для мяне была сустрэча і грунтоўная размова з асабістым шафёрам Георгія Канстанцінавіча Аляксандрам Бучыным.

— Я ўважліва і з вялікай цікавасцю чытаў вашу кнігу. У ёй вы сапраўды многія рэчы расставілі па сваіх месцах. І ўсё ж на адно пытанне я адказу не знайшоў, а яно цяпер узмоцнена мусіруецца ў пэўных колах.

— Вы, мабыць, маеце на ўвазе пачатак вайны?

— Так. Чаму мы ўсё ж пацярпелі ў першыя дні вайны такое сакрушальнае паражэнне? І чаму вінаватым аказаўся адзін камандуючы Заходнім фронтам Паўлаў? Ці няма тут пэўнай віны і Жукава як начальніка Генеральнага штаба Чырвонай Арміі?

— Віна Паўлава ў той катастрофе, якую мы перажылі на пачатку вайны, відавочная і несумненная. Чуйкоў расказваў, што ў сакавіку 1941-га ён, будучы камандуючым 4-й арміяй, штаб якой у той час базіраваўся ў Кобрыне, на ваенным савеце акругі ўзняў пытанне аб тым, каб з улікам складаных і напружаных абставін на германа-савецкай граніцы вывесці з Брэсцкай крэпасці дзве дывізіі ў летнія лагеры.

«Ты што? — накінуўся на яго Паўлаў. — Немцы ж адразу ўсё засякуць. Раз мы выводзім войскі, значыць, рыхтуемся да вайны. Ты што, правакацыю хочаш учыніць? Ды за такія рэчы...» Словам, Чуйкову дарма гэта не абышлося: неўзабаве яго адхілілі ад камандавання арміяй і накіравалі ў Кітай саветнікам.

Альбо другі факт, сведкам якога быў генерал Капец, у той час камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі Беларускай ваеннай акругі. Паветраная разведка сведчыла, што да нашых граніц сцягваюцца вялікія танкавыя групоўкі. Пра гэта далажылі Паўлаву. Той раздражнёна выслухаў і з'едліва папракнуў: «Панікёры! А вы ад страху не абапісаліся?»

Больш за тое, калі літаральна за чатыры дні да пачатку вайны Паўлаву пазваніў Сталін і запытаўся, як сітуацыя, паколькі ёсць даныя, што немцы сцягваюць свае войскі да нашых граніц, той запэўніў, што ніякіх груповак няма. Гэта ўсё правакацыйныя плёткі. Не дзіўна, што савецкія войскі на Заходнім фронце сустрэлі нападзенне фашыстаў кепска падрыхтаванымі. Ды і сам камандуючы для вядзення такіх маштабных аперацый неабходнага вопыту не меў.

Не, я не скажу, што Жукаў бязгрэшны. Памылкі былі. Але памылка памылцы — розніца. Пралікаў, якія б ракавым чынам паўплывалі на ход баявых дзеянняў, я, напрыклад, не ведаю. А вось паспяховых, пераможных аперацый на яго рахунку мноства.

«Мне шанцавала на добрых людзей...»

— Анатоль Канстанцінавіч, вам можна шчыра пазайздросціць: вы сустракаліся з многімі вялікімі людзьмі, з некаторымі з іх сябравалі. Пра мемуары не думалі?

— Не, пакуль не думаў. Хаця, вядома, расказаць ёсць аб чым. Мне ў жыцці шанцавала на добрых людзей. Ужо на самым пачатку сваёй ваеннай кар'еры я трапіў нампалітам да цудоўнага чалавека, выдатнага камандзіра, палкоўніка Сакалова. Полк, у які мы былі прызначаны амаль адначасова, трапіў у няміласць да вышэйшага камандавання: у ім здарыліся дзве авіякатастрофы. Дык вось, першае, што заявіў Сакалоў, прыняўшы камандаванне палком, «больш тут катастроф не будзе». Вось чаму за станам самалётаў, рознай наземнай тэхнікі Сакалоў сачыў прыдзірліва і строга. Але яшчэ больш прыдзірліва ён ставіўся да падрыхтоўкі лётнага саставу. Ніводзін пілот не мог быць дапушчаны да палётаў, калі выяўлялася хоць бы самая дробная загана. Вучыўся я ў Сакалова не толькі лётнаму майстэрству, але і ўменню працаваць з людзьмі, быць сабраным і валявым у экстрэмальных сітуацыях. Гэта быў мой сапраўдны Настаўнік.

І другая яркая асоба, з якой мне пашчаслівілася судакрануцца і якая пакінула свой след у маім жыцці — гэта Аляксандр Іванавіч Пакрышкін. Праслаўлены паветраны ас, тройчы Герой Савецкага Саюза. У нашу дывізію, дзе я быў начальнікам палітаддзела, ён як намеснік камандуючага войскамі ПВА прыехаў з праверкай.

Я вырашыў звярнуцца да Пакрышкіна з просьбай:

— Аляксандр Іванавіч, зайдзіце на хвілінку ў нашу школу.

— Ніякіх школ! — запратэставаў камандуючы арміяй, двойчы Герой Савецкага Саюза Гулаеў. — Мы і так спазняемся.

— Пачакай, Коля, — мякка звярнуўся да яго Пакрышкін. — Давай усё ж на хвілінку завітаем.

Зайшлі. Уваходныя дзверы вісяць на адным завесе. У класах холадна, хлопцы і дзяўчаты сядзяць у куртках. Пакрышкін дапытліва паглядзеў на мяне. Давялося патлумачыць, што на рамонт няма грошай. Аляксандр Іванавіч незадаволена пакруціў галавою, а пасля сказаў:

— Вось што, камісар. Скажы дырэктару школы, каб напісаў пісьмо на імя глаўкама, а я пісьмо перахаплю і далажу яму асабіста.

Усё так і зрабілі. І школу праз год пабудавалі новую.

— Анатоль Канстанцінавіч, а ці праўда, што вы бралі інтэрв'ю ў Юрыя Гагарына?

— Была такая справа. Я тады вучыўся ў Ваенна-палітычнай акадэміі. І вось у адзін з дзён рэдактар нашай шматтыражкі Усевалад Карамышаў дае мне заданне ўзяць інтэрв'ю ў Гагарына. Ён вечарам будзе выступаць у Цэнтральным доме Савецкай Арміі. І ўручае мне запрашэнне. Прыйшоў я ў ЦДСА за дзве гадзіны да пачатку сустрэчы. Хаджу па розных кабінетах, спрабую дамовіцца, каб памаглі сустрэцца з Гагарыным — ніхто нічога не абяцае. І тут ідзе мне насустрач знаёмы маёр, з якім мы разам здавалі ўступныя экзамены ў акадэмію. І я ўспомніў, што ён якраз працуе ў ЦДСА. Расказваю яму пра сваю праблему.

Прыйшлі ў рэстаран.

— Вунь столік накрыты, — паказвае налева ў кут. — Гэта для Гагарына. Садзіся па суседстве і чакай. Калі цябе кадэбісты не вытураць — усё будзе ў парадку.

Сядзеў хвілін сорак. Двое ў цывільным некалькі разоў падазрона паглядвалі на мяне, але не чапалі. І раптам з'ўляецца Гагарын. Я імкліва падняўся яму насустрач.

— Таварыш маёр, дазвольце прадставіцца: маёр Сульянаў!

Гагарын нават крыху сумеўся:

— А ты чаго тут?

— Атрымаў заданне ўзяць у вас інтэрв'ю.

— Дык мне ж трэба перакусіць.

— Вы ешце, а я вам буду задаваць пытанні. Іх у мяне не шмат.

— Добра. Валяй!

Такім ён мне і запомніўся, Юрый Аляксеевіч Гагарын — просты, абаяльны хлопец, без усялякай позы і арэолу велічнасці. Хаця яго ўжо ведаў увесь свет.

— А з вядомых дзеячаў мастацтва вам даводзілася з кім-небудзь сустракацца?

— Безумоўна. Вось, напрыклад, народны артыст СССР Яўген Мацвееў. Я з ім сустракаўся два дні запар. У нас у Мінску, на Заслаўскім вадасховішчы, здымаўся фільм «Емяльян Пугачоў». У галоўнай ролі — Мацвееў. Здымалі эпізод, калі рускія войскі акружылі Пугачова і ён выходзіць з чаратоў з узнятымі рукамі. А дзень выдаўся халодны. Сонца няма. Спатрэбіўся дубль. Лезці немаладому ўжо чалавеку ў ледзяную ваду яшчэ раз і стаяць там па пояс — значыць рызыкаваць здароўем. Трэба было нешта прыдумаць. Выручылі мы, ваенныя. Прывезлі спецыяльны касцюм супрацьхімічнай абароны. Ён лёгкі і ваду не прапускае. Мацвееў апрануў яго, наверх кажушок — і ў возера. Аднак холадна ўсё роўна. Калі эпізод знялі, мы бачым, што ў артыста зуб на зуб не трапляе. Вырашылі сагрэць яго народным, правераным спосабам: налілі паўшклянкі гарэлкі. Якім жа цікавым апавядальнікам аказаўся Яўген Сямёнавіч! Ён жа таксама хацеў быць лётчыкам у свой час. Але яго накіравалі на курсы пяхотных камандзіраў. А пасля і наогул лёс павярнуўся ў іншы бок. І дзякаваць Богу. Яшчэ невядома, які з яго выйшаў бы камандзір, а вось артыст атрымаўся выдатны.

З народнай артысткай СССР Віяй Артманэ я пазнаёміўся ў Ленінградзе. Дарэчы, на здымках усё таго ж «Емяльяна Пугачова». Я прыйшоў на здымачную пляцоўку, спадзеючыся, што там будзе Яўген Мацвееў. Але яго не аказалася. Салтыкоў пазнаёміў мяне з Артманэ, якая выконвала ролю Кацярыны ІІ. Вечарам пайшлі ў рэстаран — Аляксей Салтыкоў, Пётр Глебаў, Вія Артманэ і я. Але здарылася непрадбачанае: да нас, у кампанію, прываліла яшчэ чалавек пяць, незапрошаных. Артманэ гэта абурыла: «Якое хамства!» І пакінула нас. Пасля рэстарана я ўзяў пляшку каньяку, закуску і пайшоў да яе ў нумар. Аднак яе дачка катэгарычна заявіла, што яна хоча глядзець тэлевізар і мы сваімі размовамі будзем ёй перашкаджаць. Нам нічога не заставалася, як пайсці ў нумар да мяне. І мы прасядзелі да дзвюх гадзін ночы. Артманэ ўразіла мяне сваёй эрудыцыяй. А назаўтра, калі мы пайшлі ў Эрмітаж, яна праявіла незвычайныя веды па гісторыі, ювелірных упрыгажэннях і іншых рэчах. На жаль, у гэтага знаёмства працягу не адбылося.

І жыццё, і праца, і захапленне...

— Вы аднойчы сказалі, што кніга для вас — гэта і жыццё, і праца, і захапленне...

— Я дадаў бы яшчэ: і мая пастаянная, нязменная любоў. Гэтую любоў мне яшчэ ў раннім дзяцінстве прывіў бацька. Спачатку розныя казкі, прыгодніцкія аповесці чытаў мне ён, а пасля, калі я ўжо стаў школьнікам, чытаў самастойна. Бібліятэка ў нашай школе была невялікая, але дапамог выпадак. Школьны юнацкі гурток за свае дасягненні трапіў на ўсесаюзную выставу і быў удастоены прэміі — бібліятэкі ў тры тысячы тамоў. Вось ужо дзе быў прастор для маёй душы! Я тырчаў каля гэтых кніг дзень і ноч. Нават калі даводзілася пасвіць кароў, я што-небудзь пачытаць браў з сабою. Без перабольшання магу сказаць, што з кнігаю я не расставаўся нідзе і ніколі.

— А любімыя кнігі, любімыя літаратурныя героі ў вас ёсць?

— Мая першая любоў — Паўка Карчагін. Пад яго ўздзеяннем фарміраваўся мой юнацкі свет, выпрацоўваліся першыя навыкі сілы волі, мужнасці. Ды хіба толькі мой? Усё наша пакаленне можна назваць карчагінцамі. У пасляваенныя гады такім жа ўсеагульным кумірам быў Аляксей Мярэсьеў з «Аповесці пра сапраўднага чалавека». Кім ён быў для нас, лётчыкаў, я нават сказаць не магу. Грыгорый Мелехаў з шолахаўскага «Ціхага Дона» вучыў мяне іншым, але не менш важным рэчам — цаніць шчырасць і вернасць у каханні, быць патрыётам бацькоўскай зямлі, не дзяліць свет на чорнае і белае, таму што ў ім ёсць мноства іншых фарбаў. Крыху пазней увайшлі ў маё жыццё героі кніг Дастаеўскага, Талстога, Тургенева. Глыбокія філасофскія праблемы, складанейшыя агульначалавечыя праблемы, над якімі яны біліся, пакутавалі, станавіліся часткаю і маіх напружаных разважанняў. Да любімых кніжак я вяртаюся пастаянна. Перачытваю для падзарадкі хаця б старонак пяць-шэсць. Адна з такіх кніг, што заўсёды ў мяне пад рукой, — «Капітанская дачка» Пушкіна. Да яе я ўжо звяртаюся як пісьменнік, памятаючы высокую ацэнку Л.М. Талстога: «Вось як трэба пісаць!»

— Анатоль Канстанцінавіч, я разумею: вы — рускі і цікавіцеся перш за ўсё рускай літаратурай. Але, разам з тым, ужо не адзін год жывяце ў Беларусі і, напэўна, добра ведаеце і беларускую літаратуру.

— Многіх аўтараў не толькі ведаю, але і люблю. Пра Васіля Быкава я ўжо гаварыў. Люблю чытаць і перачытваць Івана Шамякіна, з якім у мяне таксама былі блізкія, сяброўскія адносіны. Паланёны цудоўнымі раманамі Івана Мележа. Мне здаецца, ніхто з нашых пісьменнікаў так ярка і так поўна не раскрыў душу беларуса-палешука, як ён. А што тычыцца гістарычнай прозы, то тут няма роўных Уладзіміру Караткевічу.

— Вось мы ўсё аб прозе ды аб прозе. А ці ёсць у вашай душы месца паэзіі?

— Ёсць, і немалое. Сам я, праўда, вершаў не пісаў, але паэзію вельмі люблю. Калісьці, паўтаруся, я мог на памяць чытаць некаторыя паэмы А.С. Пушкіна. І сёння помню цэлыя раздзелы з паэмы Твардоўскага «Васіль Цёркін». З беларускіх аўтараў вельмі люблю Максіма Танка. Яго зямная, па-народнаму вобразная і мудрая паэзія не можа не хваляваць, не саграваць чалавечую душу. Падабаецца глыбокая, філасофская лірыка Пімена Панчанкі. 3 ім мы, дарэчы, жылі ў адным пад'ездзе і не раз бавілі вечары за сяброўскім сталом. Многа ў свой час сустракаўся з Генадзем Бураўкіным. Калі ён узначальваў Дзяржтэлерадыё, я па яго запрашэнні нават вёў на тэлебачанні перадачу пра армейскія будні. Генадзь Мікалаевіч — паэт Божай міласці.

Аптымізм — уласцівасць душэўнага здароўя

— Анатоль Канстанцінавіч, азіраючыся на пройдзены жыццёвы шлях, як бы вы маглі яго ахарактарызаваць? Ці быў ён для вас прамым, лёгкім, бясхмарным?

— Прамым, бадай, быў. Хмар у маім жыцці хапала. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Здаралася, трапляў у цяжкія пераплёты. Аднойчы быў падняты ноччу па баявой трывозе. Неабходна было выявіць паветранага парушальніка. Намацаўшы цэль, я захапіўся пагоняй і забыўся на паказанні прыбораў. Спахапіўся, калі паліва было ўжо на зыходзе. А я над вялікай акваторыяй. Паведаміў на камандны пункт аб тэрміновым вяртанні. Цудам дацягнуў да аэрадрома, і ледзь колы дакрануліся пасадачнай паласы — рухавік заціх. Калі тэхнікі падбеглі да самалёта, я ўсё яшчэ сядзеў у кабіне, выціраючы халодны пот.

— А ўвогуле, у чалавеку што вы цэніце больш за ўсё?

— Прыстойнасць. І яшчэ — абавязковасць. Складана мець справу з чалавекам, які не трымае свайго слова.

— Што ж, трэба прызнаць, дабіліся вы многага. Атрымалі высокае званне генерала. Займалі ў армейскай іерархіі салідныя пасады. Сталі пісьменнікам, кнігі якога выдаюцца вялікімі тыражамі і чытаюцца на ўсёй постсавецкай прасторы. Ушанаваны многімі літаратурнымі прэміямі і дзяржаўнымі ўзнагародамі. Прызнайцеся, вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

— Безумоўна.

— А таго, што я пералічыў — кар'ера, слава, — дастаткова для шчасця?

— Не, недастаткова. Любімая праца, прызнанне — рэчы, безумоўна, важныя. Але для поўнага шчасця патрэбны і другі бок жыцця — асабісты. Я маю на ўвазе добрую, моцную сям'ю. У мяне ў гэтым плане поўны парадак. З жонкай пашанцавала. Таісія Іванаўна — інтэлігентны, вельмі прыстойны чалавек, цудоўная маці. Ажаніліся мы па каханні і вось паўвека ўжо жывём разам. Выхавалі дваіх дзяцей, у нас трое ўнукаў.

— Анатоль Канстанцінавіч, над чым працуеце сёння?

— Як і кожны творчы чалавек, я прымхлівы, таму не люблю гаварыць пра свае планы. Скажу толькі, што гэта будзе дакументальная рэч. Я ўсё больш і больш схіляюся да такога роду літаратуры.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?