Вы тут

Сюжэты, навеяныя жыццём


«Звязда» даведалася, што натхняе мастакоў у беларускіх краявідах

 19-10

У мастацкай галерэі горада Бярозы адкрылася выстава карцін удзельнікаў пленэру, які праходзіў летась у аграсядзібе «Шчодры заяц», што на Бярозаўшчыне. На працягу дзесяці дзён, натхняючыся бярозаўскімі (і не толькі) краявідамі, у ім бралі ўдзел мастакі з розных рэгіёнаў Беларусі і, што адметна, розных пакаленняў і творчага ўзроўню.

Так, Міншчыну прадстаўлялі сябры Беларускага саюза мастакоў Мікола Купава і Алесь Шатэрнік і маладая мастачка Паўла Кароткая. У радах бярозаўскіх творцаў — Анатоль Маразюк, Таццяна Зданевіч і Васіль Мастыка. Былі таксама Таццяна Каландырэц з Барысава і Ганна Бахур з Івацэвічаў.

—Не ўсе мастакі, што прынялі ўдзел у пленэры, прафесіяналы. І адной з задач было паказаць ім, што такое сапраўднае мастацтва, — адзначыў падчас адкрыцця выставы Мікола КУПАВА.

—Ідэя правядзення пленэру нараджалася доўгімі зімовымі вечарамі, — распавяла «Звяздзе» гаспадыня аграсядзібы «Шчодры заяц» Марыя ЗАЙЦАВА. — Доўга рыхтаваліся, выбіралі пару года. Мастакі жылі на сядзібе, малявалі наваколле. Таксама была магчымасць павазіць іх па больш аддаленых мясцінах.

На выставе прадстаўлены самыя разнастайныя пейзажы — ад безназоўных куточкаў прыроды да шырока вядомых кляштара картузіянаў, палаца Сапегаў у Ружанах і нават Наваградскага замка. Прыцягвае ўвагу работа Анатоля Маразюка, дзе над руінамі картузіянскага кляштара мастак намаляваў людзей у вобразе свіней. Сімвалічна і красамоўна, калі ўжывую ўбачыць тое, як засмецілі тэрыторыю манастыра.

—З цягам часу, калі прыязджаеш у родныя мясціны, заўважаеш, што адлегласці становяцца карацейшымі, чым падаваліся ў дзяцінстве. Усё гэта ўспрымаеш як спадчыну і хочаш неяк яе занатаваць, таму што мы пойдзем у лепшы свет, а яна застанецца, і застанецца ў такім выглядзе, як на гэтых карцінах. А заўтра ўжо яна будзе іншай, — задуменна канстатавала адна з аўтараў ідэі і куратар выставы Алена АЎТУШКА.

Адна з тэм экспазіцыі — купальская — узнікла, калі можна так сказаць, незапланавана. Правядзенне пленэру якраз выпала на час, калі адзначаюць старажытнае язычніцкае свята, і пасля гэтага з'явіліся дзве карціны. Напісаныя ў адным і тым жа месцы двума рознымі мастакамі — Міколам Купавам і Анатолем Маразюком, палотны — яскравае сведчанне таго, наколькі па-рознаму кожны творца можа бачыць адну і тую ж з'яву.

Адметна, што адна з удзельнікаў пленэру — Ганна Бахур — ад нараджэння мае інваліднасць. Вольны час яна прысвячае маляванню, піша выключна прыроду. На адкрыццё выставы Ганна прыехаць не змагла, тым не менш і яе імя не абдзялілі належнай увагай.

—Калі ўбачыш яе прамяністыя вочы, пагутарыш з ёй, пачынаеш захапляцца, і нават думаеш не пра тое, што ты можаш ёй дапамагчы, а пра тое, што яна дапамагае табе. Такі пазітыўны чалавек! — зазначыла Марыя Зайцава.

—Мы працавалі з вялікім натхненнем, — падсумаваў Мікола Купава. Згодна з міжнароднымі нормамі, тым, хто прымаў пленэр, мастакі дораць па два свае творы. Так што некаторыя прадстаўленыя тут работы неўзабаве больш нельга будзе ўбачыць нідзе, акрамя сядзібы.

Варта адзначыць, што часткова выстава ўжо была прадстаўлена ў Бярозе і Мінску. Але тады яна была яшчэ зусім «сырая», а цяпер, да канца завершаная, яна вярнулася ў край, дзе і нарадзілася. Тут, у старажытных мурах галерэі мастацтваў, яе можна будзе ўбачыць ажно да 1 верасня.

Дзіяна СЕРАДЗЮК,

г. Бяроза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».