Вы тут

Арт-суполка змагаецца за лёс сядзібы


Вёска Грушаўка Ляхавіцкага раёна вядомая беларусам як радавое котлішча старажытнага рыцарскага беларускага роду Рэйтанаў. Апошнім часам яна ўсё часцей згадваецца ў СМІ. І гэта не выпадковасць, а плён працы групы энтузіястаў, якія стварылі арт-суполку імя Тадэвуша Рэйтана. Яе ўдзельнікі імкнуцца папулярызаваць веды аб прадстаўніках гэтага роду — грамадска-палітычных, вайсковых, культурных дзеячах, а таксама клапоцяцца пра сядзібны комплекс Рэйтанаў у Грушаўцы (мараць стварыць там культурны цэнтр, прывабны для турыстаў), а таксама апякуюць мемарыяльную спадчыну роду ў розных кутках Беларусі.

Суботнікі, пленэры, летнікі, фестывалі, супрацьаварыйныя работы, вечарыны і канферэнцыі, артыкулы і мастацкія выставы — гэта няпоўны пералік тых мерапрыемстваў, якія праводзіць арт-суполка. Мінуў год з часу яе заснавання, а ў дадатак да вышэйпералічанага праведзена каласальная навуковая праца ў нашых і замежных архівах. Вынікам гэтага сталі сапраўды сенсацыйныя адкрыцці — напрыклад, абвергнуты 200-гадовы міф, звязаны з датай нараджэння нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана. Насамрэч ён нарадзіўся ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада 1740 года і названы ў гонар святога Тадэвуша, а зусім не 20 жніўня 1742 года, як у 1820 годзе напісаў старабеларускі гісторык і публіцыст Юльян Нямцэвіч.

15-13

Гэта ўсё падводзіць нас да таго, што ў наступным, 2015 годзе, мы маем выдатную нагоду адзначыць на рэспубліканскім узроўні, як і належыць, 275-ю гадавіну з дня нараджэння слаўнага сына зямлі беларускай, Тадэвуша Рэйтана, імя якога з'яўляецца сімвалам шчырага патрыятызму нават па-за межамі Беларусі.

І рыхтавацца да юбілею мы пачынаем ужо ў гэтым годзе. Крок за крокам мы набліжаемся да фестываляў у Пружанах, Грушаўцы, Мінску, а таксама да вялікай мастацкай выставы, прысвечанай гэтаму чалавеку, якая адбудзецца напрыканцы 2014 года ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Тадэвушу Рэйтану, 32-гадоваму беларускаму шляхціцу, давялося ўзначаліць невялікую патрыятычную грамаду, якая падчас надзвычайнага Варшаўскага сейма 1773 года адчайна спрабавала не дапусціць падзелаў Рэчы Паспалітай абодвух народаў, не даць адняць ад Вялікага Княства Літоўскага ўсходнія землі сучаснай Беларусі з гарадамі Полацк, Невель, Віцебск, Мсціслаў, Магілёў...

Апрача Тадэвуша, які ва ўзросце 39 гадоў стаў, хутчэй за ўсё, ахвярай змовы сваіх нядобразычліўцаў, іншыя прадстаўнікі роду паспелі шмат чаго добрага зрабіць для нашай зямлі, як і апошнія Рэйтаны, якія будавалі школы для дзятвы, развівалі гаспадарку краіны і бралі на выхаванне шматлікіх сірот, даючы ім «другі шанц».

Дарэчы, у гэты самы час вырашаецца далейшы лёс сядзібы. Ці стане яна казіно-фазэндай сумніўных асоб ці, як таго патрабуюць інтарэсы нашай краіны, будзе жыць культурным жыццём, узвялічваючы подзвіг Тадэвуша Рэйтана, слаўнага сына Бацькаўшчыны, адначасова ствараючы добры імідж нашай Беларусі? Мы выбіраем другое. А вы?..

Зміцер Юркевіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.