Вы тут

«Выйду за цябе, калі вырасціш парк дзівоснай прыгажосці»


Нясумная прагулка па Лошыцы

Менавіта такую ўмову мазырская шляхцянка Ядзвіга Кіневіч паставіла перад мужчынам, які прасіў яе рукі. І не толькі парк пасадзіць загадала, але і пабудаваць сядзібу, роўнай якой не будзе ва ўсёй Мінскай губерні. Нічога сабе патрабаванні, сапраўды шляхецкія! Аднак зразумець маладую можна: ёй было ўсяго 14 гадоў, а жаніху — 31. Пакуль той парк вырасціць і сядзібу пабудуе, яна якраз пасталее і будзе гатова да вяселля. Так і атрымалася. Яўстах Любанскі выканаў патрабаванні нявесты, зрабіў дабудовы ў сядзібе ў Лошыцкім парку, пасадзіў экзатычныя дрэвы і, нарэшце, гадоў праз шэсць ажаніўся са сваёй абранніцай.

Аднак фінал у гэтай гісторыі не шчаслівы. Ядзвіга сустрэла на адным з баляў, што ладзіўся ў іх уладаннях, нейкага чалавека (што канкрэтна адбылося паміж імі, гісторыя замоўчвае), а праз два месяцы жанчына скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў рацэ (можа, гэта быў і няшчасны выпадак). Будучы ў вялікай роспачы, муж пасадзіў на беразе ракі абрыкосавае дрэва. А акно ў пакоі жонкі загадаў назаўсёды закласці цэглай — ці то ад суму маладога ўдаўца, ці то ад болю разбітага сэрца...

Пра што помніць чырвоная цэгла?

15-7

Не самы шчаслівы лёс напаткаў і капліцу (алтарню), што ў Лошыцкім парку. Яна была адным з самых старых збудаванняў: яе ўзводзілі яшчэ пры Станіславе Прушынскім, прыблізна ў 1788 годзе. У капліцы вяліся службы. Часам сюды завітваў Станіслаў Манюшка, які любіў іграць на аргане ў суседнім касцёле ў Каралішчавічах. Сутарэнні алтарні выконвалі сваю асаблівую функцыю: у іх хавалі прадстаўнікоў роду Прушынскіх.

Пасля паўстання Каліноўскага, каб знішчыць усякія згадкі пра былыя часы, весці службы ў капліцы забаранілі. У 1905-м іх зноў аднавілі, а ў 1920-м алтарню закрылі канчаткова. У пачатку 1930-х астанкі з сутарэнняў былі вынесены і перазахаваны, а пасля проста разрабаваны. Паколькі многія труны былі свінцовымі, іх адправілі на Лошыцкую машынна-трактарную станцыю і пераплавілі на акумулятары.

Капліца, між іншым, была шасцікутнай. Яе вянчала вежка ў форме шлема. У 1938-м купалы і вежку падарвалі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы захоўвалі ў капліцы боепрыпасы і, адступаючы, паўторна ўзарвалі яе.

Будучы ў вялікай роспачы, муж пасадзіў на беразе ракі абрыкосавае дрэва.

Да нашага часу дайшлі толькі часткі сцен, якія ўсё-такі змаглі выстаяць. Сёння гэта ўлюбёнае месца для фатаграфавання маладых у вясельных строях. Чырвоная цэгла, магутныя сцены, часам адтуліны ў іх — якраз тое, што трэба для добрага фону. І толькі гісторыя памятае, што калісьці гэтае месца служыла для вечнага супакою сваіх уладальнікаў.

Ёсць меркаванне, што, калі капліца ў Лошыцкім парку будзе адноўлена, тады і людзі зажывуць па-іншаму...

Чаму вырашылі паехаць?

Парк плошчай у 100 гектараў, мае гістарычную частку з сядзібай і флігелем. Яго выбіраюць многія ў якасці прыгожага месца для фатаграфавання.

 

Як дабіраліся і ў колькі абышлося?

Ад чыгуначнага вакзала, з прыпынку на вуліцы Кірава, аўтобусам №102 і тралейбусам №6 да прыпынку «Чэрвеньскі рынак». Квіток на грамадскі транспарт у сталіцы цяпер каштуе 3700 рублёў.

15-9

100 гектараў сапраўднай прыроды

Суправаджаў нас падчас падарожжа па Лошыцы, паказваў схаваныя дарожкі, звяртаў увагу на самыя лепшыя пейзажы экскурсавод Анатоль Андрушкевіч. Ён, да таго ж, працуе на прадпрыемстве «Мінскзелянбуд», супрацоўнікі якога шчыруюць у парку. Мы толькі дзівіліся, як такая вялізная плошча можа быць настолькі добра дагледжанай?..

Хочацца адзначыць, што Лошыца — гэта і не парк, і не лес, і не сад, і не месца з даўняй гісторыяй — гэта ўсё разам! Такой прыгажосці даўно не даводзілася бачыць, тым больш у горадзе. Агульная плошча складае сто гектараў. Агляд тэрыторыі раім пачынаць з гістарычнай часткі, тады ёсць шанц, што на ўсё самае адметнае ў вас хопіць сіл.

Ад аўтобуснага прыпынку «Чэрвеньскі рынак», праз невялікі праход у агароджы (адразу за ім будзе інфармацыйны шчыт, на якім распісаны ўсе цікавінкі Лошыцы), вы трапляеце на старажытную ліпавую алею. Па ёй калісьці ў госці да Любанскіх на сваіх карэтах ездзілі яснавяльможныя пані і паненкі. Кажуць, гэтым ліпам каля 300 гадоў, і яны адны з самых старых у краіне. Зусім хутка ўбачыце домік вартаўніка (недалёка ад капліцы), у якім доўгі час жыў садоўнік Васіль Сямашка. Тут жа і старажытныя пілоны — слупы ўваходнай брамы, з масіўнымі жалезнымі варотамі на іх.

Прайшоўшы наперад, а пасля павярнуўшы налева, можна трапіць акурат да сядзібы Любанскіх. Цяпер у ёй заканчваецца рэстаўрацыя і плануецца адкрыць музей. Перад фасадам разбіты вялікі газон, які аблюбавалі сабе юныя мастакі для пленэраў і іншыя ахвотныя пацешыць вока і душу маляўнічымі відамі. Побач з сядзібай — аўтэнтычны флігель, які вельмі добра захаваўся. У ім ужо цяпер дзейнічае музей.

Абышоўшы флігель, можна трапіць да ракі Свіслач. Перад вамі паўстане яшчэ адно вельмі рамантычнае месца — востраў кахання. Тут таксама любяць многія фатаграфавацца ў любы сезон. Трапіць на востраў можна па драўляным мосце.

Побач знаходзіцца высокая мураваная альтанка, з замкамі маладых на парэнчах. Пайшоўшы ў адваротны бок, убачыш зграбныя лавачкі і бялюткія пергалы над імі. Дарэчы, пергалы — гэта металічныя канструкцыі, якія ставяцца для таго, каб з часам іх абвілі расліны і над лавачкамі ўтварыўся натуральны шацёр. На супрацьлеглым беразе ракі ўздымаюцца вялізныя старажытныя будынкі бровараў колішніх уладальнікаў Лошыцы, аднак цяпер гэтая тэрыторыя ўжо не адносіцца да парку.

Усё вакол не толькі зелянее, але і спявае, стракоча — жыве сваім, не парушаным чалавекам, жыццём.

Калі прагуляцца да канца па гэтай дарожцы ўздоўж ракі, павярнуць налева, пакінуўшы флігель па левую руку, то хутка можна ўбачыць яшчэ адну алею, шчыльна атуленую нізка схіленымі дрэвамі. Яшчэ адно новае загадкавае аблічча гэтага парку!.. Аднак будзьце пільнымі, не прапусціце вельмі ўтульнае месца з правага боку. Гэта невялічкія ўзгорачкі, пакрытыя травой, якія пакажуцца адразу пасля крутых схілаў. За імі, удалечыні, відаць вялізныя дрэвы і гмахі Серабранкі. Тут можна адчуць сябе так, быццам выехаў з горада некуды на прыроду. Усё вакол не толькі зелянее, але і спявае, стракоча — жыве сваім, не парушаным чалавекам, жыццём.

Налюбаваўшыся сапраўднай прыродай, можна прайсці далей па алеі, звярнуць налева і ўбачыць... бяскрайні яблыневы сад! Раней ён меў прамысловае значэнне: яблыкі з яго выкарыстоўвалі на панскіх броварах, чым і тлумачыцца такая вялікая прастора, занятая яблынямі. Аднак у наш час гэтая садавіна даступная кожнаму, хто захоча паласавацца ёй летняй парой.

Далей, за садам, зона для масавых гулянняў, клумбы, сцэна і цэнтральны ўваход у Лошыцу.

15-8

У заморскай прыгажуні моцны абаронца!

Пабываўшы ў парку, натуральна, нельга не звярнуць увагу на дрэвы, якія ў ім растуць. Тут шмат тыповых для Беларусі парод: ліпы, дубы, лістоўніцы. Аднак часам можна сустрэць і экзоты: гэта сасна Веймутава, крымская сасна, манчжурскі арэх, манчжурскі абрыкос. Расце і канадскі топаль — дрэва, якое за 15 гадоў можа «нарасціць» такі ствол, які іншыя падобныя прадстаўнікі флоры — толькі за 100 гадоў.

Самая незвычайная расліна ў парку, якая мае, да таго ж, тры ствалы, — гэта магнолія кобус. Радзіма дрэва — далёкая Японія, поўнач Карэі, дзе цёпла і вільготна. Дэндролагі доўга здзіўляліся, як яна можа цвісці ў Беларусі, спрабавалі неяк размножыць, рассадзіць ці прышчапіць, але нічога не атрымлівалася. Ёсць толькі адно тлумачэнне такой жыццяздольнасці ў халодным клімаце гэтага дрэва. З паўночнага боку за ім расце таўшчэзная таполя — яна затуляе сабой магнолію, хавае ад халодных вятроў. Вось такі моцны абаронца ў заморскай прыгажуні!

Цвіце магнолія ў канцы красавіка. Яе кветкі бледна-ружовага колеру, маюць пяць пялёсткаў. Нечым яны нагадваюць лілеі, што растуць у вадзе. Відовішча гэта сапраўды дзіўнае і надзвычай прыгожае.

Ёсць у гэтага месца свае легенды: пра Ядзвігу Кіневіч, якая, не могучы знайсці супакой сваёй душы, блукае па алеях, і пра нейчы цень, што часам з'яўляецца ў тумане над ракой. Але, ці праўда гэта, прыходзьце праверыць самі...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».