Вы тут

Чытаць – здорава!


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 11.07.14 г.

___________________________________________________________________________

Ілюстратар, мультыплікатар і пісьменнік, які жыве ў горадзе Сірак’юс (штат Нью-Ёрк) Філ МакЭндру кажа, што яму заўсёды падабалася маляваць і гэта быў адзіны занятак, які жадаў мець да канца жыцця. Ён прызнаецца, што досыць шчаслівы, бо менавіта ў маляванні атрымалася зрабіць кар’еру. Філ натхняецца абсурднымі сітуацыямі, выдумляе адмысловыя “Кніжныя коміксы” ў выглядзе гутарак пра асобныя творы, малюе ілюстрацыі для часопісаў, газет, працуе ў галіне мультыплікацыі. Сёння мастак адказвае на пытанні “Кніжнага свету”. З ласкавага дазволу аўтара ў перакладзе на беларускую мову мы таксама публікуем яго “Супервідавочныя сакрэты, якім, на жаль, не вучаць у мастацкай школе” (стар. 10).

Фил МакЭндрю

 

— Многія мастакі, каб адпачыць ад малявання, пішуць апавяданні, раманы. Ведаю, што вы таксама аўтар кніг. Што лепш дапамагае адпачываць: маляванне ці пісьменніцтва?

— Мне сапраўды падабаецца і маляваць, і пісаць. Але другое ўспрымаю больш як выклік сабе. Я малюю ўжо вельмі даўно, таму здольны нырнуць у працэс і атрымліваць задавальненне без аніякіх перасцярог. Што да стварэння гісторый, тут я не такі ўпэўнены. Таму, мяркую, маляванне больш дапамагае адпачываць, але і стварэнне тэкстаў мяне вельмі ўзрушвае, таму я часта гэта раблю ў вольны час.

— Пра што вашыя кнігі? Каго вы разглядаеце ў якасці мэтавай аўдыторыі?

— Мая першая кніга “Плачучы перад з тваім сабакам ды іншыя гісторыі” (Crying In Front Of Your Dog And Other Stories) — гэта зборнік кароткіх, смешных коміксаў. Яны прысвечаны розным тэмам, але ўсе маюць адну мэту: прымусіць людзей смяяцца. Кожны можа стаць іх чытачом.

— Ці можна сцвярджаць, што ілюстрацыя для часопіса, газеты — асобны жанр? Што яго вылучае?

— Калі даюць заданні ствараць ілюстрацыі для часопісаў ці газет, звычайна гэтая праца мае рэдактарскую прыроду — ты спрабуеш “букет” інфармацыі ператварыць у разумны, цікавы, чытэльны, пазнавальны вобраз. Гэта заўсёды выклік, ты пастаўлены ў цвёрдыя межы тэрміну здачы матэрыялу.

— Калі вы працуеце над ілюстрацыяй да пэўнага тэксту, то імкняцеся, каб карцінка цалкам паўтарала яго асноўную думку ці можаце ў алегарычнай форме прадставіць тую ці іншую ідэю?

— Гэта залежыць ад праекта. Некаторыя заказчыкі маюць вельмі дакладнае ўяўленне пра тое, што і як павінна быць намалявана. Але часам выбар застаецца за мастаком: як інтэрпрэтаваць тэкст і ператвараць асноўныя ідэі ў вобразы.

— Якія тэксты вы асабліва любіце ілюстраваць? Ці маеце любімыя тэмы і вобразы?

— Мне надта падабаюцца смешныя і дзіўныя тэксты. Таксама люблю загадкі, складаныя сітуацыі, калі трэба намаляваць нешта новае, складаных персанажаў ці сюжэт. Цікава працаваць над героямі з недахопамі, якія ў той жа час  мілыя і сімпатычныя.

— Ці можа аўтар тэксту ці рэдактар уплываць на працэс стварэння вобразаў або фінальны вынік?

— О так, некалькі разоў я ўдзельнічаў у праектах, падчас працы над якімі знаходзіўся пад уплывам. Часам ён добры, часам кепскі.

— Колькі патрэбна, каб намаляваць ілюстрацыю да пэўнага тэксту?

— Усё залежыць ад праекта: былі заданні, дзе я меў толькі некалькі гадзін на выкананне працы, і былі выпадкі, калі на маляванне даваліся месяцы.

— Традыцыйнае для “Кніжнага свету” пытанне: ці любіце вы чытаць? Хто ваш любімы аўтар?

— Так, люблю. Маю шмат любімых пісьменнікаў. З ліку апошніх прачытаных кніг магу вылучыць творы Алісы Націнг, а Джэк Пендарвіс ужо даўно з’яўляецца маім улюбёным аўтарам.

— Вы працуеце ў розных жанрах: ствараеце вокладкі для часопісаў, ілюстрацыі да кніг, малюеце мультфільмы, коміксы. Складана пераключацца, пераходзіць ад аднаго стылю і жанру да іншага?

— Па шчырасці, я зусім не думаю пра стыль, проста імкнуся, каб кожны праект, над якім працую, выглядаў як мага больш весела і цікава. Часам, калі пераключаюся з працы для кліента на працу для сябе, даводзіцца траціць некаторы час на тое, каб перафакусіравацца. Гэта ў творчым плане вельмі розныя працэсы.

— Ці важна для мастака мець уласны стыль?

— Думаю, добра, калі праца пазнавальная, але ў той жа час лічу, што ўкладваць шмат думак і сіл у стыль — кепская звычка. Проста малюйце файныя рэчы, і хай ваш стыль развіваецца натуральным чынам.

— Сёння ў Беларусі шмат гавораць пра папулярызацыю чытання. Вы стварылі асобны “Комікс пра кнігі” (Book Comic). Ці можна сцвярджаць, што яго мэта — зацікавіць людзей чытаннем і кнігамі?

— Не, я не заклікаю людзей чытаць, але спадзяюся, што яны працягваюць гэта рабіць. Кнігі — гэта здорава!

— Як наконт папяровых кніг? Ведаю, што вы стваралі ілюстрацыі да самаробнай кнігі “Дзве сястры” (Two Sisters), што выйшла накладам усяго ў пяць асобнікаў. Якая была мэта гэтага праекта?

— Сапраўды, я працаваў над гэтай кнігай разам з Эмай ДэМілтай. Яна папрасіла мяне праілюстраваць уласную прозу. Эма сама сканструявала кнігу. Праўда, яна мае наклад усяго пяць асобнікаў. Мы проста хацелі папрацаваць разам над нечым вясёлым і атрымаць задавальненне. Я хацеў бы ілюстраваць больш яе апавяданняў.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.