Вы тут

Беларускае фэнтэзі: ёсць кантакт!


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 11.07.14 г.

_________________________________________________________________________

Калі не лічыць кніг фэнтэзі беларускай пісьменніцы Вольгі Грамыка, вядомых айчынных твораў у такім кірунку напісана няшмат. Але і жанр гэты пакуль што малады. Тым не менш спробы заняць фэнтэзі-нішу ў нашай літаратуры робяцца. Нядаўна выдавецкі дом "Звязда" выпусціў кнігу Эльвіры Вашкевіч "Дарога да Срэбных Вадаспадаў" — цікавы твор і па сюжэце, і па героях.

Вашкевич

3 далёкай планеты, дзе жывуць драконы, на зямлю накіроўваецца кантакцёр. Дзеля канспірацыі яму даводзіцца прыняць выгляд звычайнага тэлеграфнага слупа. Так ён і стаіць: чакае, пакуль нехта, хто ўмее бачыць і адчуваць больш, чым звычайныя людзі, заўважыць яго. Але мінаюць гады, а кантакту няма. Пакуль пад слупом не прызнаюць спатканне ажно два чалавекі з магічнымі здольнасцямі...

Прынамсі, сам пачатак кнігі — з драконам-кантакцёрам — скіраваў мяне да іншага твора — аповесці Паўла Місько "Эрпіды на планеце Зямля". Там на нашу планету таксама прылятаюць кантакцёры, праўда, робаты, а не драконы, з іншай сонечнай сістэмы. Але кніга Паўла Місько скіраваная на дзіцячую аўдыторыю, напісана больш лёгка і не падштурхоўвае да разваг ні пра сутнасць кахання, ні пра асаблівасці жаночай псіхалогіі, ні, тым больш, пра сэнс чалавечага жыцця. Эльвіра Вашкевіч у сваю дастаткова дарослую кнігу імкнулася ўкласці больш глыбокі сэнс.

Пісьменніца падае думкі герояў — дракона і ведзьмы — "наўпрост", так што чытач можа зазіраць адразу ў іх свядомасць. Робіцца гэта дзеля таго, каб той жа чытач суперажываў, адчуваў, напрыклад, як сумуе па радзіме госць з далёкай сістэмы, і зведаў перажыванні жанчыны, якая не можа разабрацца з пачуццямі да свайго настаўніка. Праўда, было б лагічней, калі б думкі дракона-іншапланецяніна і зямной ведзьмы падаваліся па-рознаму. Аўтар выкарыстоўвае адны і тыя ж кароткія няпоўныя сказы, і атрымліваецца, што структура думак, іх ход адзін і той жа — і ў зямнога чалавека, і ў істоты, што сталела за сотні светлавых год ад Сонца.

Але гэты невялікі пралік ураўнаважваецца цікавай кампазіцыяй твора.

Дзеянне развіваецца ў двух кірунках: з аднаго боку, ты разам з драконам- слупом чакаеш, калі ж ён знойдзе жывую істоту, якая ўбачыць яго сапраўдную сутнасць; з іншага — хвалюешся за жанчыну і (тут не ўтрымацца ад параўнання з меладрамай) чакаеш традыцыйнай развязкі калі не са шлюбам, то хоць бы з уз'яднаннем закаханых. Такі скрыжаваны мантаж — эмацыянальна напружаныя, драматычныя часткі пра ведзьму разбаўляюцца аднастайнымі "прыгодамі" няшчаснага кантакцёра — толькі на карысць раману.

Кнігу Эльвіры Вашкевіч "Дарога да Срэбных вадаспадаў" раю перадусім падлеткам, якія любяць фэнтэзі і гісторыі пра каханне, разважаюць пра тое, навошта жыве чалавек. Сёння ў крамах кніг гэтага жанру велізарная колькасць, і лёгка разгубіцца, тым больш калі класічныя творы фэнтэзі ўжо прачытаныя (і не раз). Тут кніга пра дракона і ведзьму будзе якраз. Новае, цікавае, а яшчэ — сваё, беларускае!

Гэлена МАЛАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».