Пад такім дэвізам пройдуць урачыстасці ў Будславе
Традыцыйныя мерапрыемствы ў гонар прастольнага свята Будслаўскага абраза Божай Маці адбудуцца ў Будславе 4—5 ліпеня. Названы абраз — адзін з найбольш ушанаваных у каталіцкай царкве і вядомы многімі цудамі. Пакланіцца яму штогод збіраюцца шматлікія паломнікі з усіх куткоў Беларусі і з-за мяжы. У прыватнасці, летась Будслаў наведалі больш як 40 тысяч вернікаў.
Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мядзельскага райвыканкама Валянціна Зуеўская, сёлета ўрачыстасці пройдуць пад дэвізам «Марыя — узор малітвы». Адметнасцю святкавання стане прыбыццё крыжа Сусветнага дня моладзі. Рэліквія зроблена ў 1984 годзе і знаходзілася каля галоўнага алтара базілікі святога Пятра ў Ватыкане. Затым Папа Ян Павел ІІ уручыў яго маладым людзям як сімвал любові Хрыстовай да чалавецтва. З таго часу крыж падарожнічае па ўсім свеце. У Беларусі святыня будзе знаходзіцца да 12 ліпеня і пабывае ва ўсіх каталіцкіх дыяцэзіях.
Галоўнае богаслужэнне ў будслаўскім касцёле Унебаўзняцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца 5 ліпеня аб 11 гадзіне раніцы. Яго правядзе апостальскі нунцый у Беларусі архіепіскап Клаўдыя Гуджароці. У набажэнстве прыме ўдзел Мітрапаліт Мінска — Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы Тадэвуш Кандрусевіч.
2 ліпеня ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску ён блаславіў верапаломнікаў, што накіраваліся ў Будслаў, а таксама праехаў з імі на веласіпедзе частку шляху.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.