Ён паклікаў яе ў… ігральны дом. Пры тым, што Ліза гатовая была пайсці за Германам на край свету. Аддала перавагу яму перад харошым, заможным і надзейным жаніхом. Але яго паліла іншая страсць. Як магла скончыцца гэтая гісторыя?
У Пушкіна, які напісаў «Пікавую даму», фінал адзін. У Пятра Чайкоўскага, які ствараў оперу паводле лібрэта свайго брата Мадэста, усё зусім не так. І не магло, напэўна, быць інакш: чалавек, які цалкам аддаецца страсцям, трапляе ва ўладу дэманічных сіл, ён не супраціўляецца ім, а наадварот, песціць сваё жаданне выйграць грошы. У выніку — прайграе душу, жыццё. І не толькі сваё.
Ці мала такіх гісторый сёння? Ды безліч — дэман азарту (зрэшты, і любы іншы) вельмі моцны. Трапіш да яго ў палон — і ўсё, існуеш згодна з яго ўмовамі, у галаве толькі тры карты: тройка, сямёрка, туз. Тры карты, якія могуць перавярнуць жыццё. Такі — так!
У новай версіі «Пікавай дамы» Пятра Чайкоўскага ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь якраз робіцца акцэнт на містыцы, якая суправаджае страсныя натуры, такія, як Герман. Ды і ў Лізы, па сутнасці, свая страсць — да Германа, яна таксама губіць дзяўчыну. Што ўжо казаць пра старую графіню: тая хоць і аддае Богу душу, але наўрад ці ў тым свеце яна трапляе ў добрае месца, калі нават пасля смерці пераследуе і спакушае жывых.
У Чайкоўскага атрымалася свая «Пікавая дама», нават па сюжэце шмат у чым адрозная ад пушкінскай аповесці. Але містыкі хапае — не толькі сюжэтнай. Ёю прасякнутая найперш музыка (некаторыя партыі сталі нават папулярнымі за доўгі час паспяховага існавання на сцэне гэтага твора). Містычны дух павінна была перадаць рэжысёрская канцэпцыя.
— Наша ідэя палягае на трох картах: тройка сямёрка, туз. Як каханне, жыццё, смерць, — тлумачыць рэжысёр-пастаноўшчык Пламен Карталаў, дырэктар Сафійскага тэатра оперы і балета. — Вар'яцкая гісторыя Германа прасякнута містыкай. І для мяне як для рэжысёра было важна дасягнуць спалучэння з музыкай Чайкоўскага, які, як чараўнік, малюе партрэты на сцэне. І наша дзея, наша таямніца заснаваная на партрэтах, што ствараюць салісты сваімі галасамі. Больш важная псіхалогія, характар, які нарадзіўся і развіваўся на вачах, дзіўная шызафрэнічная атмасфера, таму што Герман — прадукт сваіх сяброў. Яму кажуць: «Ты хворы, ты дзіўны…» І ён спачатку не прымае, але потым пагаджаецца: «Я хворы, я дзіўны…» Ён шукае сваё каханне — і вось яно. Але ёсць другі бераг — багацце. Ён хацеў бы ўзяць багацце праз таямніцу трох картаў. І ён прайграе сваё каханне, як карту, графіні і самому сабе. Нам хацелася падкрэсліць умоўнасць таго, што адбываецца: рэальнасць і ірэальнасць, рацыянальнасць і ірацыянальнасць. Хачу выказаць маё задавальненне ад вашых цудоўных артыстаў, таму што дзякуючы ім увасабленне канцэпцыі атрымалася не сумным.
У гэтым, дарэчы, таксама ёсць пэўная заслуга рэжысёра, якога запрасіла да працы над «Пікавай дамай» пасля паказу ў Мінску «Зігфрыда» Рыхарда Вагнера трупай Сафійскага тэатра. Той спектакль будзе доўга помніцца мінскай публіцы, таму што надзвычай працяглую (каля 5 гадзін) оперу слухалі на адным дыханні. Опера Пятра Чайкоўскага «Пікавая дама» — твор таксама маштабны. Містыка з музыкай — само па сабе добрае спалучэнне, каб заінтрыгаваць слухача і трымаць яго ўвагу, але доўгі твор патрабуе ўнутранага руху ў самой пастаноўцы. Рэжысёр яго ўбачыў у развіцці саміх характараў. Напрыклад, адна з выканаўцаў ролі Лізы, заслужаная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна (прызначаны яшчэ Настасся Масквіна, Таццяна Гаўрылава, Кацярына Галаўлёва), прызналася: «Партыя патрабуе шмат эмоцый. Цяперашняя Ліза — вельмі жывы чалавек, у ёй умяшчаецца бура страсцяў. Усё гэта трэба перадаваць голасам, без залішняй тэатральнасці. Наогул у гэтай оперы цяжкая музычная частка. Але такія творы ў рэпертуары павышаюць статус тэатра».
Аднак адзін з выканаўцаў партыі Германа, народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі (акрамя яго партыю спяваюць Эдуард Мартынюк і малады Васіль Мінгалёў), падзякаваў рэжысёру за тое, што ён пры выкананні псіхалагічных задач не парушаў оперныя каноны.
Так і ёсць: мы бачым усё ж класічную пастаноўку — гэта падкрэсліваюць касцюмы герояў (чамусьці здаецца, што гэта людзі з розных часовых прамежкаў), палацавы антураж (у нейкіх сцэнах) і нават сапраўдны выхад у ложу імператрыцы Кацярыны (Чайкоўскі перанёс дзеянне оперы ў яе эпоху). Але вышэйзгаданая рэжысёрам умоўнасць у нейкіх момантах праступае праз сцэнічны гістарызм (мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка) у больш абстрактных дэкарацыях: такім чынам, ёсць і вобраз Пецярбурга, і адчуванне ўнутраных пакут Германа, і чорны свет, куды ён сыходзіць. На дзіва, усе эпізоды, дзе прыбрана сцэнічная пышнасць, аказаліся спалучальнымі з містычным гучаннем сюжэту і музыкі. Можа, таму, што выкананы ў стрыманых цёмных колерах? Вось дзякуючы ім і разумееш, наколькі сапраўды тры карты могуць пагубіць чалавека, прычым незалежна ад таго, у якую эпоху ён жыве.
Тройка, сямёрка… І дама пік, якая падміргвае — Герману. Але, можа быць, не толькі яму? Мы не бачым. І не адчуваем, што яшчэ некаму. І не ўпэўнены. І для нас гэта гісторыя найперш Германа, які сыходзіць у чорнае, і Лізы, якая таксама там. Чаму яна — таксама загадка, бо, здаецца, істота з чыстай душой, у адрозненне ад Германа і графіні.
Старая графіня ў выкананні Наталлі Акінінай (яшчэ партыю спяваюць Алена Сала, Крыскенція Стасенка, Марына Аксёнцава) атрымалася ракавой жанчынай. Наталля Акініна прызналася: «Я сама гуляла ў казіно: выйгравала і прайгравала… Калі мы сустракаемся з графіняй, яна ўжо амаль мёртвы чалавек, таму што прадала душу д'яблу. Ёй патрэбен нехта, каб перадаць свой сакрэт. У Германе яна бачыць пераемніка. Чаму ж тады падманвае? А таму, што д'яблу верыць нельга…»
Андрэй Галанаў,
дырыжор-пастаноўшчык:
— Для любога тэатра, асабліва на постсавецкай прасторы, «Пікавая дама» нават сярод опер Чайкоўскага стаіць асобна. Не таму, што напісана кампазітарам на адным дыханні (за 44 дні. — Аўт.). Яна хоць і не апошняя опера, але лічыцца вяршыняй опернай творчасці, таму што настолькі тэатральная, у адрозненне ад аповесці Пушкіна, і вельмі складаная. Здавалася б, ну што яе паставіць, калі не трэба нічога прыдумляць (што тычыцца музычных характарыстык герояў), калі ўсё на паверхні, усё зразумела? У тым, што ўсё на паверхні, і заключаецца складанасць. Вядома, без уліку традыцыі гэтая опера не можа ставіцца. У аўтара ёсць 3 рэдакцыі клавіра і 2 рэдакцыі партытуры з яго рэмаркамі, праўкамі, са зменай тэкстаў, з купюрамі. Трэцяя рэдакцыя існавала, але яе так і не выдалі, таму мы можам толькі здагадвацца, якая яна была. Супастаўляючы ўсе нотныя першакрыніцы, трэба было знайсці першапачатковы замысел кампазітара і адрозніць яго ад пажаданняў пастаноўшчыкаў, людзей, з якімі ён непасрэдна працаваў. Мая задача была вярнуцца да першакрыніцы, да таго, чаго хацеў кампазітар. Для мяне першакрыніцай стала першая рэдакцыя твора, якая была выдадзена. Мы прыйшлі да яе, вывучыўшы ўсю перапіску Чайкоўскага таго перыяду (яна шматлікая) і разумеючы недзе падтэкст, які быў неабходны, і цэнзуру гэтых лістоў. Але нават з першакрыніцы ў нас ёсць купіраваныя сцэны. Гэта не тычыцца вялікіх сцэн. Мы ведаем, што ў эстэтыцы таго часу опера не магла ісці без балетных сцэн. У Чайкоўскага ў 3‑й карціне ў балі ёсць балетны дывертысмент, ёсць балетныя нумары, якіх вы не ўбачыце. У нас хор фактычна выконвае функцыі балета. Але, верагодна, мы знайшлі свой погляд на традыцыі. Таму, можа быць, нашым слухачам будзе падавацца ў нечым новае прачытанне, але штосьці здасца звыклым.
Ларыса ЦІМОШЫК.
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».