Арганізацыя чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску выклікала неймаверную колькасць станоўчых водгукаў і самых гучных эпітэтаў. Але, каб быць зусім аб'ектыўнымі, давайце звернемся да лічбаў і статыстычных даных. «Звязда» з першых вуснаў даведалася пра фінансавую выгаду ад чэмпіянату, пазітыўны ўплыў спартыўнага форуму на гасцінічны бізнес і змены, якія чакаюць беларускі хакей.
Падлічым плюсы!
Больш за 80 тыс. гасцей падчас чэмпіянату скарысталіся правам бязвізавага ўезду ў нашу краіну. З іх 30 тыс. — прадстаўнікі дзяржаў, з якімі ў Беларусі візавыя адносіны, і больш за 50 тыс. гасцей — з краін СНД. Усяго матчы турніру наведалі 651 846 гледачоў, што з'яўляецца новым рэкордам чэмпіянатаў свету па хакеі. Па словах прадстаўніка кампаніі TіcketPro Антона Кузьміча, запаўняльнасць трыбун на рэйтынгавых гульнях (матчы зборных Расіі, Беларусі, Канады, Чэхіі, Славакіі) склала 100%, на нярэйтынгавых — 80%. Дарэчы, толькі на рэалізацыі білетаў атрымалася выручыць 150 млрд руб., а гэта больш, чым прагназавалася. Па словах кіраўніка беларускай федэрацыі хакея і дырэктара Дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2014 Яўгена Ворсіна, ускосныя даходы пакуль не падлічаны, але ёсць усе падставы лічыць, што турнір цалкам акупіцца.
«Здзівіў таваразварот сувенірнай прадукцыі, — кажа Яўген Ворсін. — Нягледзячы на тое, што асартымент быў не досыць шырокі, а цэны — немаленькія. Што датычыцца арганізацыйных момантаў, то нельга не згадаць цырымонію ўзняцця сцягоў краін — удзельніц чэмпіянату. Нам здавалася, што гэта звычайнае афіцыйнае мерапрыемства, аднак яно выклікала шчыры інтарэс многіх людзей. І цяпер гэтае мерапрыемства можа стаць пастаянным на наступных чэмпіянатах свету. Асобна хачу адзначыць якасную працу медперсаналу. І дарэчы, на турніры не было выяўлена ніводнай станоўчай допінг-спробы, што само па сабе — прыемная адметнасць».
Калі ёсць дзе жыць...
Да чэмпіянату ў Мінску ў чатыры разы павялічылася колькасць месцаў для засялення турыстаў. Да таго ж усе тарыфы былі замарожаны на 1 студзеня 2014 г., дзякуючы чаму ўдалося дасягнуць высокай загрузкі мінскіх атэляў і гасцініц, якая склала 80%. Для параўнання, летась гэты паказчык быў усяго 55%. Фан-вёска падчас чэмпіянату прыняла 17000 гасцей, сярод якіх былі прадстаўнікі экзатычных краін — Ганы, Кітая, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў... Між іншым, як адзначыла намеснік начальніка па турызме кампаніі «Цэнтркурорт» Алена Брок, пастаяльцы фан-вёскі з задавальненнем куплялі экскурсійныя туры, сярод якіх самымі папулярнымі маршрутамі былі Нясвіж і «Лінія Сталіна».
Хэнлан сышоў. Хто на яго месца?
«Яшчэ падчас чэмпіянату Глен Хэнлан спрабаваў пачаць размову аб сваіх намерах пакінуць зборную, але я папрасіў адкласці гутарку да завяршэння турніру, — прыгадвае Яўген Ворсін. — Раней я не чуў, што ён плануе сысці з каманды. Мабыць, Глен з кімсьці і абмяркоўваў свае планы ў красавіку, але гэта быў не я».
Кіраўнік беларускай федэрацыі хакея ўпэўнівае, што канадскі трэнер быў абсалютна задаволены працоўным працэсам і ні ў чым не меў патрэбы. Акрамя, бадай, сям'і побач. Гэта і стала прычынай ад'езду Хэнлана з Беларусі. Бо жонка трэнера — педагог вышэйшай кваліфікацыі — не змагла б рэалізавацца ў Мінску як спецыяліст. Іншая справа — Швейцарыя...
«Мы разумелі, што трымаць Хэнлана сілай — не выйсце. Таму і пагадзіліся на датэрміновае скасаванне кантракта. У гэтай сітуацыі толькі і заставалася паступіць па-людску».
Яўген Ворсін кажа, што ўжо ёсць чатыры кандыдатуры на пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі па хакеі. Сярод іх і беларускія спецыялісты, і тыя, хто працуе ў Расіі. Кіраўнік федэрацыі паабяцаў, што цягнуць з гэтым рашэннем ніхто не будзе: хто стане новым трэнерам беларускай каманды, стане вядома 11 чэрвеня, калі адбудзецца справаздачна-выбарчая канферэнцыя федэрацыі.
Між іншым, беларускі хакей чакае яшчэ адна змена: Яўген Ворсін прыняў рашэнне не балатавацца на пасаду старшыні ФХРБ. Дзеючы кіраўнік федэрацыі патлумачыў гэта так: «Калі зборная правальвалася на папярэдніх чэмпіянатах, усе вінавацілі федэрацыю і мяне ў прыватнасці. Хаця ўсе гэтыя гады я прапаноўваў рэальныя праграмы па развіцці беларускага хакея. Але мяне ніхто не слухаў, і мы ішлі па іншым шляху. Зразумела, калі ўсе клапоцяцца толькі пра сваю пасаду, нічога не атрымаецца. Шчыра кажучы, я ад гэтага стаміўся».
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.