Ну вось, і з намі такое адбылося...
— Антон, у садок спознімся! — прыспешваю я малога.
— Не, мама, давай лепш прыдумаем іншую ідэю...
Безумоўна, і ў кніжках, і ў інтэрнэце я не раз чытала пра тое, што дзіця з часам можа адмовіцца хадзіць у садок, нават калі адразу ніякіх праблем з наведванем гэтай установы не ўзнікала. Але чамусьці была ўпэўнена, што нас падобнае абміне. Дык самаўпэўненасць рэдка застаецца без пакарання...
Насамрэч праблема ў нас была зусім не ў садку. Дакладней, не зусім у садку. Напярэдадні Антонаў бацька зноў з'ехаў у сваю працяглую камандзіроўку. І сын, ужо ведаючы, што тату ён пабачыць няхутка (звычайна гэта месяцы праз тры-чатыры), як толькі мог, пачаў выказваць пратэст. Адмаўляцца спаць, есці, гуляць, апранацца, чысціць зубы... А цяпер яшчэ і наведваць садок.
Мужавы камандзіроўкі дагэтуль застаюцца праблемай, знайсці вырашэнне якой я ніяк не магу. Ні маляванне календароў пад дэвізам «чакаем тату», ні штодзённыя сюрпрызікі, якія муж быццам перадае для Антона разам з пілотамі самалётаў і капітанамі караблёў, ні іншыя мае прыдумкі — нічога не працуе. Сыну проста дрэнна. Па-сапраўднаму, па-даросламу дрэнна. І прызвычаіцца да гэтай, ужо даволі звычайнай сітуацыі ў нашым жыцці, ён ніяк не можа. Але ж у нас крэдыт за кватэру і розныя, пакуль мала яму зразумелыя, дарослыя «абавязацельствы»...
Як правіла, тыдні праз тры сынава жыццё (і маё адпаведна) пачынае наладжвацца. Трэба толькі набрацца цярпення. Але да сітуацыі з садком я ўсё ж не была гатовая.
Да пэўнага моманту Антон там не ствараў праблем нікому. Але калі першы раз зароў, патрабуючы тату, выхавальніца патэлефанавала мне і прапанавала яго забраць. Калі я прыйшла, яна раздражнена ўпікала Антошку: «Сціхні! Не палохай дзяцей!» Сын, на якога ніколі не павышалі голасу, роў яшчэ гучней... І вось цяпер ён катэгарычна не жадае ісці да «злой Кацілаўны» (Кацярыны Мікалаеўны). І няважна, што яна, магчыма, была галодная і не выспалася (так я спрабую патлумачыць Антошку яе незадаволенасць) — дараваць ёй ён не хоча.
«Кацілаўне» я таксама спачуваю. Надвор'е наладзілася, дзеці перасталі хварэць, яна ж — адна, ніякай нянечкі ёй у дапамогу ў нашым садку няма. А ты паспрабуй накарміць і апрануць-распрануць 20 малых адначасова...
Значыць, трэба перацярпець і гэта, вырашыла я. І ў садок мы не пайшлі... Штодня я прапаноўвала сыну распавядаць пра «садзікаўскіх» сяброў і цацкі, з якімі ён там гуляў. Разам з ім згадвала пра дзятлаў і вавёрак, якія жывуць на дрэвах вакол садка, пераглядала мультфільм пра хлопчыка Камарова і кіно пра «вусатага няня»... Калі дакладна, дык усё гэта мы рабілі не ўдваіх, а ўтраіх, разам з лялькай Машай, асобай надзвычай капрызлівай. Вось тут я не цырымонілася, нарэшце дазволіўшы сабе рабіць з лялькай усе тое, што мне хацелася зрабіць з Антонам, калі сілы трываць ягоныя капрызы былі на зыходзе... Гульня сыну вельмі спадабалася. І недзе праз тыдзень «Кацілаўне» было даравана.
А яшчэ праз тыдзень у сына, мяркуючы па ўсім, пачаўся славуты «крызіс трох гадоў». Размаўляць па-людску ён амаль перастаў, на ўсе выпадкі пакінуўшы сабе ўсяго тры фразы.
— Антон, нельга малаціць паравозам па люстэрку, яно можа разбіцца.
— А я хачу!
— На вуліцы лужыны, калі ласка, абуй боцікі.
— Не хачу!
— Давай, я дапамагу табе дастаць гэты самалёт.
— Я сам!
І караскаецца на збудаваную ім піраміду са стала, крэсла і кубіка, каб дацягнуцца да цацачнага самалёта, прычэпленага да жырандолі... Добра, я не перашкаджаю. Толькі на ўсялякі выпадак далёка не адыходжу... Потым паказваю яму шрам на руцэ, які ў мяне застаўся на памяць пра разбітае бабуліна люстэрка (насамрэч гісторыя са шрамам была іншай, але да яе, магчыма, яшчэ дойдзе)... У шкарпэтках Антон нават да бліжэйшай лужыны не дабіраецца, хаця я, прыхапіўшы з сабою невялічкую коўдру, вельмі на гэта разлічвала... Урэшце я пачынаю паводзіць сябе, як Аліса ў Залюстроўі, прапаноўваючы Антошку зусім не тое, што мне ад яго трэба. І ўвесь час мы змагаемся то з драконамі, то з «бамбукамі», якія грунтоўна дапамагаюць сыну (і найперш мне) зрабіць процьму не самых прыемных і не надта вясёлых спраў...
Завітаўшы да нас у госці, мой бацька зазначае:
— У вас тут проста вар'ятня нейкая.
Ды не, вар'ятня — гэта калі дзіця бясконца плача і ные, а ў нас — тэатр!
Цяпер штораніцы сын горда бяжыць у садок, у гэтае цудоўнае месца, куды дарослым уваход забаронены. Маіх сціплых акцёрскіх здольнасцяў хапіла, каб ён выдатна засвоіў, што там — толькі яго тэрыторыя, не мая і не татава... І мне шчыра шкада Танюшку, якую прыводзяць у садок амаль заўжды ў той жа час, калі туды заяўляемся мы з Антонам. «Калі ты будзеш зваць маму, выхавальніца зробіць табе ўкол. А калі будзеш плакаць, па цябе ніхто не прыйдзе», — застрашваюць яе дарослыя кожны раз...
Не памятаю, дзе я гэта прачытала, але есць думка, быццам «крызіс трох гадоў» — рэпетыцыя больш сур'ёзнага падлеткавага крызісу. Маўляў, наколькі ўдала бацькі здолеюць паразумецца з малечай, якая ўпершыню ўсведамляе сваю самастойнасць, настолькі ж гладка (ці нягладка) будуць складвацца пазнейшыя адносіны з іх «калючым» падлеткам. Не ведаю, як і што будзе складвацца ў нас надалей, але падсцяліць саломкі загадзя я не супраць.
Дарэчы, яшчэ раз пра кніжкі. Імкнучыся захаваць сваё і сынава псіхічнае здароўе (сваё — у першую чаргу), рознай педагагічнай літаратуры і інтэрнэт-форумаў з калектыўным досведам я праглядаю сапраўды шмат і пастаянна. Дык вось, самае разумнае і дзейснае, што траплялася мне дагэтуль у сучасных замежных аўтараў і так званай «сусветнай павуціне», ёсць у кніжках аднаго не надта сучаснага і не надта замежнага аўтара. Я пра Антона Макаранку, парады якога, здаецца, узялі на ўзбраенне самыя папулярныя сучасныя псіхолагі...
Марына Беразенская.
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.