Вы тут

Сяргей ПАНІЗНІК: «Калінавы мост» — повязь чалавечай айкумены з іншасветам...»


У Беларусі шмат хто з пісьменнікаў прыкладаў і прыкладае намаганні для ўсталявання трывалых стасункаў з Украінай, украінскай культурай і літаратурай. Адзін з такіх энтузіястаў — паэт і перакладчык Сяргей Панізнік. З ім гутарыць наш карэспандэнт.

—Споўнілася паўвека, як вы адкрылі для сябе Львоў. Паступіўшы ў вайсковае вучылішча, як хутка пазнаёміліся з украінскай літаратурай? Як хутка адкрылі для сябе ўкраінскіх, львоўскіх паэтаў?

—У 1964 годзе я, тады карэспандэнт салдацкай газеты 120‑й гвардзейскай дывізіі з Уручча пад Мінс-кам, па выкліку прыехаў у Львоў і стаў курсантам факультэта журналістыкі ВВПВ СА і ВМФ. Падчас вучобы стараўся трапіць на літаратурныя сустрэчы, бо Львоў «кіпеў» ад культурніцкіх акцый. Пазнаёміўся з паэтам Уладзімірам Лучуком — выпускніком Львоўскага ўніверсітэта імя І. Франка, аспірантам, супрацоўнікам часопіса «Жовтень», а пазней — Львоўскай навуковай бібліятэкі імя В.Стэфаніка. Прыхільніцай беларускай літаратуры была і жонка Лучука Аксана Сенатовіч, навукоўцы ўніверсітэта Іван Дзенісюк, Мікола Ільніцкі, Уладзімір Маторны…

Ад новых сяброў дазнаўся пра багатыя музейныя і архіўныя скарбы горада, дзе вучылася Алаіза Пашкевіч (Цётка). Камандаванню напісаў заяву на дазвол даследаваць тэмы ўкраінска-беларускіх узаемасувязяў: прысутнасць паэткі-рэвалюцыянеркі Цёткі ў Львове, Максім Багдановіч ва ўкраінскай літаратуры, скарбы Беларускага аддзела ў Львоўскім Нацыянальным музеі, падпольныя выданні КПЗБ у Львове.

Пасля лекцый і самападрыхтоўкі атрымліваў паперку на звальненне і перад адбоем вяртаўся ў казарму з запоўненымі сшыткамі, з адзнятым фотаматэрыялам. Пра свае знаходкі апавяшчаў часопісы «Маладосць». «Полымя», пісаў у рэдакцыі мінскіх газет.

Натхняльнікамі ў паэтычнай творчасці сталі для мяне, у першую чаргу, Лучук і Сенатовіч, а таксама Раман Лубкіўскі, Іван Гнацюк, трохі маладзейшыя за мяне Марыя Барандзій, Галіна Турэлік, Яраслава Паўлычка, паэты з вучылішча Анатоль Таран, Антон Міхайлеўскі… Мае вершы былі крыху прыземленыя, калі з хараством, то — купальскім. У паэтаў Львова шырока гучала грамадзянская тэма (але без настырнасці), і інтэрнацыянальная (але без надрываў, перабораў). Самае галоўнае, што ў маіх творчых пабрацімаў адчуў вялікую сімпатыю да Беларусі. «Багдановіч быў у Львове! Іначай не змог бы Максім з такой любоўю, дакладнасцю апісаць і сам Львоў, і так высока ацаніць нашу гісторыю!» — усхвалявана прамаўляў Раман Лубкіўскі.

—Каго перш-наперш з львавян пачалі перакладаць на беларускую мову?

—У 1965 годзе пазнаёміўся са студэнткай універсітэта Валянцінай Коўтун: шукаў беларусаў і сярод студэнтаў-медыкаў, паліграфістаў, навучэнцаў кансерваторыі… Мы вырашылі стварыць Беларускае зямляцтва імя Цёткі. Нашымі апекунамі сталі выкладчыкі ўніверсітэта, Львоўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Украіны. Сумесна з львоўскімі літаратарамі правялі вечарыны ў гонар Цёткі, М.Багдановіча, І. Свянціцкага. 9 снежня 1966 года ў Будынку вучоных адзначылі 75‑годдзе з дня нараджэння Багдановіча. 26 студзеня 1967 года ў Клубе пісьменнікаў адбыўся вечар перакладу, прысвечаны сучаснай беларускай літаратуры. Пасля майго паведамлення выступілі Аксана Сенатовіч, Уладзімір Лучук, Яраслава Паўлычка і шмат хто яшчэ. Прагучалі пераклады твораў і класікаў, і маладых беларускіх паэтаў.

У падзяку Уладзіміру Лучуку я пачаў перакладаць яго экспрэсіўныя, смелага зместу вершы, якія ўзбуджалі самасвядомасць, далучалі да тэм агульнасусветных, заклікалі і Бацькаўшчыну любіць, і ўзносіць дабрыню кожнага чалавека. Ён жа параіў мне ўзяцца за пераклады вершаў Івана Франка.

А яшчэ ў 1966 годзе Іван Дзенісюк перадаў мне некалькі вершаў паэта трагічнага лёсу — Багдана-Ігара Антоныча (1909–1938). Творчасць яго толькі пачалі адкрываць. Перакладзеныя радкі гучалі для мяне як запавет: «Слухай, свайго сына Бацькаўшчына кліча//самым простым, непаўторным, вечным словам». У выдадзеным Скарынаўскім цэнтрам маім зборніку «Сустрэча роднасных сусветаў» (1997) пераклады пачыналіся вершамі Антоныча.

—Ці бачылі львавяне ў вашай асобе выразна беларускага паэта?

—Уладзімір Лучук на пачатку нашага знаёмства сказаў: «Мы хочам бачыць у табе творчага беларуса». Львоў быў горадам шматаблічным. Кожная нацыянальная суполка выяўляла свае этнічныя асаблівасці. Па падліках Лучука, у Львове пражывала каля 7 тысяч беларусаў. Ён і ад нас чакаў працы для самавыяўлення, называючы зямляцтва «Беларускім брацтвам». Уладзіміру было важна, каб і я быў прыкметным у дыфузіі культур. Падтрымліваў мяне і стараўся, каб мая творчасць была прадстаўлена і ў часопісе «Жовтень», і ў львоўскіх газетах. У красавіку 1967 года мяне запрасілі на семінар творчай моладзі Львоўшчыны ў г. Драгобыч. Шчыраваў разам з Антонам Шмігельскім, Міколам Ільніцкім, Пятром Засэнкам, Уладзімірам Лучуком, Міколам Пятрэнкам, Марыяй Барандзій, Яраславай Паўлычкай.

Ласкава прымалі мяне на пагасцінства ў кватэрах Лубкіўскага, Лучука, Івана Крып'якевіча. Удава Іларыёна Свянціцкага Анісся Мацвееўна даверыла перагледзець і сфатаграфаваць старадрукі, прыдбаныя ў Беларусі яе мужам (каля 100 кніг з 20 даўніх друкарняў). Зафіксаваў на фотастужку старонкі Скарынаўскай Бібліі, Статута ВКЛ… Зычлівасць і спрыянне львавян уражвалі да глыбіні душы.

Стаўленне да Беларусі было ў львавян вельмі высокае. Вось такі прыклад: у верасні 1966 года газета «Вільна Україна» «запрасіла ў госці» газету «Звязда». Беларускай тэматыкай былі запоўнены публікацыі ў многіх нумарах часопіса «Жовтень». Аднаго разу ў Львоўскім музеі ўкраінскага мастацтва, дзе Іларыёнам Свянціцкім быў створаны Беларускі аддзел, пабачыў слуцкі пояс з меткай: «Mе fесіt Sluсіае». Напісаўся верш «Мяне стварыў Львоў».

—Крышачку падрабязней раскажыце пра анталогію маладой беларускай паэзіі, якая 45 гадоў назад выйшла ў Кіеве… Як лічыце, ці магчыма сёння рэалізаваць падобныя праекты?

—І ў нашай, і ва ўкраінскай міфалогіі прысутнічае сімвал «калінавы мост». Ён злучаў берагі межавай ракі, звязваў чалавечую айкумену з іншасветам. Пазней сімвалічны пераход па міфалагічным калінавым мосце пачаў успрымацца як рэальная пераправа.

У 1969 годзе ў Кіеве была выдадзена анталогія маладой беларускай паэзіі «Калинові мости» (укладальнік Грыгорый Кочур, рэдактар Пятро Засэнка). Там былі прадстаўлены пераклады вершаў 43 нашых паэтаў. Я, да прыкладу, удзячны Івану Гнацюку, Майі Львовіч, Раману Лубкіўскаму. Сярод актыўных перакладчыкаў зноў жа былі львавяне.

Я і сёння стаю на калінавым мосце нашага пабрацімства. Мы шмат разоў сплачвалі доўг за сапраўдны подзвіг украінскіх творцаў 45‑гадовай даўніны. А берагі межавай ракі чакаюць і з нашага боку не віядука, пантона, а ўзнёслай цвердзі. Хай пройдуць па новым мосце са сваімі перакладамі новыя нашы творцы. Украіне гэта ой як патрэбна. А напоўніць змест анталогіі на ўзаемнасць — тэкстаў знойдзецца. Вось ляжаць падкінутыя мне калісьці аркушыкі Уладзіміра Марука. А вось з чэшскай Прагі перанесліся па калінавым мосце пераклады вершаў І.Франка, здзейсненыя беларускім студэнтам Віктарам Вальтарам, аўтарам рамана «Роджаныя пад Сатурнам»…

—Як многа з выдадзенага пасля ў вашай першай кнізе «Кастры Купалля» было напісана ў Львове?

—Мой першы зборнік адрэдагаваў на грамадскіх пачатках Рыгор Барадулін. І па сённяшні дзень удзячны майму Настаўніку. Кніжачка трапіла ў Львоў перад выпускнымі экзаменамі. Толькі частка з львоўнага паэтычнага набытку аказалася на старонках выдання — лірычныя, непрэтэнцыёзныя творы з нясмелымі згадкамі гістарычных падзей. А я ж вучыўся ў львавян апяваць высокую грамадзянскую пазіцыю, вызначаць нацыянальны каларыт сваёй існасці і без псеўдапафасу пісаць пра садружнасць народаў. Не ўсё з напісанага я змог данесці Барадуліну. З львоўскай гушкалкі па сёння выбіраю яшчэ не выцвілыя радкі.

Цікава, што львоўскі верш «Песня Украіне» займеў ці не чатырох перакладчыкаў. Заканчваўся ён такімі радкамі: «Я сінявокім краем ганаруся, куды б вандроўны вецер ні паслаў.Не жыў бы ў сэрцы сум па Беларусі, —я Украіну б роднаю назваў».

У 1967 годзе мяне направілі служыць ва Уручча пад Мінскам, але развітацца з горадам Льва так і не давялося. У 1968 годзе я быў запрошаны ў г. Мікалаеў на Фестываль маладых паэтаў братніх рэспублік. У тыя дні атрымаў падарунак ад львавяніна Дзмітра Паўлычкі — яго зборнік «Гранослов» з такім дароўным надпісам (у прыблізным маім перакладзе): «Сэргіеві Панізніку, майму беларускаму братові, з любоўю ад першага погляду і з вялікаю надзеяю на заўтрашні дзень твайго жыцця і жыцця Беларусі. Д.Паўлычка. Мікалаеў. 8.VІІ.68.» Больш чым праз 40 гадоў госцю Мінска, Герою Украіны я паказаў гэты аўтограф, і на яшчэ адной старонцы «Грано-
слова» атрымаў дапаўненне: «Дарагі Сяргею! Я не забыў Цябе, але ўсё ж згадаў не адразу нашу сустрэчу ў Мікалаеве, твае вершы і пераклады. Як добра, што Ты азваўся і прыгадаў мне той дзень, які сведчыць, што Беларусь была ўжо тады глыбока ў маім сэрцы разам з Табою! Д.Паўлычка. Мінск. 6.2.2009».

—Што болей за ўсё з тагачаснага жыцця ў Львове трымаецца ў памяці?

—У архіве польскамоўнага часопіса «Сыгналы» (1933–1939) быў знойдзены стос здымкаў нашых літаратараў, перасланы з Вільні. Глядзеў на фота Максіма Танка ў вышыванцы. Пераймаючы экспрэсію львоўскіх пісьменнікаў, з гумарам падумаў: «А чаму б мне не быць падобным хаця б знешне на Яўгена Іванавіча? І вось мая кашуля з народным арнаментам лагодна суседзіцца са святочным уборам львавян. Яшчэ больш запаважалі беларускае слова мае слухачы. Згадаў такое для ўсмешкі. А вось пад здымкам у зборніку «Калинові мости» дзякуючы ўкладальніку быў змешчаны такі радок: «Выступае і як даследчык роднае літаратуры». Бо не толькі вершы ў перакладах друкаваліся, а і літаратуразнаўчыя даследаванні беларуска-ўкраінскага духоўнага сужыцця. На маіх калінавых мастах рухаліся насустрач Цётка і Свянціцкі, Багдановіч і Лучук… І я раскідваў уздоўж пераправы старонкі канфіскаваных у Львове (1932) беларускіх газет «Жыцьцё» і «Беларускае жыцьцё». А потым трапляў у Відэнь (Вену) да А. Ярэмчанкі, які ў кожным нумары тыднёвіка «Воля» (1919–1921) змяшчаў свае пераклады вершаў беларускіх класікаў, каб у Шарлотэнбургу пад Берлінам выдаць на шапірографе зборнік перакладаў «Білорусь» (1922).

Дакументалістыка архіваў, музейныя артэфакты, аўра львоўскіх размоў насычалі мой імпэт, ахвоту выявіць у творчасці вось гэтыя магутныя хвалі спараднення, калі асобы мацуюць нацыянальныя мацерыкі.

—Што яшчэ не зрабілі для ўкраінцаў?

—З назапашанага ў Львове матэрыялу, падараваных і набытых рарытэтных выданняў у музеі Янкі Купалы ў 1996 годзе была зладжана мною выстава да 120‑годдзя Іларыёна Свянціцкага, вучонага, збіральніка скарбаў, сябра Яна Дамінікавіча. А праз год прайшла выстава «У сугуччы культур. Беларусь — Украіна. Да 90‑годдзя першага беларускага замежнага музея ў Львове». Справа ў тым, што 100 гадоў назад браты Луцкевічы хацелі стварыць беларускі музей за мяжой. Надзей хапіла на Беларускі аддзел пры Царкоўным, потым — Нацыянальным, а пазней — пры Музеі ўкраінскага мастацтва на вуліцы Драгаманава. Усё, што я там выявіў, чакае свайго ўвасаблення ў кнізе пра мой залаты Львоў.

Слова «патрыёт» перакладаецца так: зямляк, суайчыннік. Таму на заканчэнне аповеду прашу маіх суайчыннікаў знайсці суадпаведны адказ вучонаму Івану Крып'якевічу (1886–1967) на словы, якія ён выклаў у сваёй брашуры «Білоруси» (Львоў, 1909): «Сярод беларусаў знайшлі мы, украінцы, шчырых сяброў і суседзяў. А іначай не магло быць. Амаль усю мінуўшчыну пражылі мы разам з беларусамі; ніколі не было між двума народамі якой-небудзь нязгоды… У долі і нядолі ішлі мы ўсе разам».

Прапаную як варыянт: на нязмерклы спадзеў дасведчанага львавяніна — будзем разам і надалей.

Гутарыў Алег Зібурзал

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?