У нашай краіне шмат цікавых людзей, захопленых сваёй справай, тых, што любяць сваю працу. Я хацела б пазнаёміць вас з сям'ёй Алены Рыгораўны і Дзмітрыя Генадзевіча Алепкаў, для якіх сэнсам жыцця стала выхаванне дзяцей. Дзіцячы дом сямейнага тыпу Алены Рыгораўны і Дзмітрыя Генадзевіча існуе з 2007 года. У сям'і Алепкаў двое родных дзяцей: дачка Вікторыя і сын Данііл. За час працы бацькі-выхавальнікі прынялі на выхаванне 13 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Сёння на выхаванні знаходзяцца шасцёра прыёмных дзяцей. Сямёра ўжо пакінулі дзіцячы дом сямейнага тыпу, чацвёра вучацца ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Трое выхаванцаў стварылі свае шчаслівыя сем'і.
Выйшаўшы са сцен дзіцячага дома сямейнага тыпу, дзеці не застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. Бацькі-выхавальнікі пастаянна падтрымліваюць з імі сувязь, дапамагаюць. Для юнакоў і дзяўчат і па дасягненні паўналецця па-ранейшаму важнымі застаюцца парады іх мамы Алены. Для яе не існуе паняцця «былыя дзеці», яна ўпэўнена, што чалавек на працягу ўсяго свайго жыцця мае патрэбу ў парадзе і маральнай падтрымцы.
Муж і жонка разам з дзецьмі пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах, канцэртных праграмах. Самі добра спяваюць і прывіваюць творчы пачатак сваім дзецям. Дачка Вікторыя мае цудоўны голас, іграе на сінтэзатары; усе выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу наведваюць Краснапольскую школу мастацтваў.
Бацькі ніколі не павышаюць голас на дзяцей, стараюцца спакойна абмяркоўваць пытанні, якія ўзнікаюць. Галоўнай жыццёвай каштоўнасцю лічаць дзяцей і іх здароўе. У сям'і культывуецца здаровы лад жыцця, культура паводзін і зносін. Штодня на сямейных нарадах абмяркоўваюцца навіны за дзень, дасягненні, праблемы, вучоба, сямейны бюджэт, і гэта яднае членаў сям'і.
Нельга не сказаць пра эмблему гэтага дзіцячага дома. Яна адметная! У цэнтры знаходзіцца сям'я, намаляваная ў выглядзе сэрца, бо менавіта сэрца з'яўляецца сімвалам любові, адданасці, вернасцІ, цяпла, памяці. Рукі ў форме даху — сімвал абароны і дапамогі ўсім, хто мае патрэбу ў ёй. Вянок спрадвеку выкарыстоўвалі як узнагароду пераможцу, ён увасабляў сабой перамогу. Разам з тым гэта сімвал перамогі над усімі нягодамі і цяжкасцямі, з якімі сутыкнуліся дзеці ў мінулым. У вянку пераплецены лаўр (як сімвал перамогі), рамонак (як сімвал міру і любові, якія павінны панаваць у душы кожнага дзіцяці) і верас (сімвал вернасці, памяці і надзеі на добрую будучыню).
Бацькі-выхавальнікі разумеюць важнасць кантактаў дзяцей з біялагічнымі бацькамі, іншымі сваякамі і, па магчымасці, дапамагаюць ім з гэтым, усведамляючы, што стасункі дзіцяці са сваякамі дапамагаюць зразумець абставіны, якія прывялі да расстання з бацькамі.
Алена Рыгораўна так распавядае пра сваю працу: «Усё жыццё я марыла аб вялікай дружнай сям'і. Але ніколі не думала, што стану мамай для 15 добрых, гарэзлівых, даверлівых, але пакрыўджаных лёсам хлопчыкаў і дзяўчынак. У кожнага з іх свая жыццёвая гісторыя: смерць блізкіх, пазбаўленне бацькоў правоў і адсутнасць самага галоўнага — любові, цяпла сямейнага ачага.
Мы зразумелі, што выхаваць можна толькі любоўю. І наша нялёгкая праца дае свой плён. Нашы хлопцы і дзяўчаты — студэнты вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Іх дасягненні адзначаны граматамі і дыпломамі. У іх разнастайныя інтарэсы і захапленні.
Мы любім збірацца ўсе разам за адным вялікім сталом. Залівісты дзіцячы смех у нашай сям'і ніколі не змаўкае. Бываюць, вядома ж, і цяжкасці, але з імі спраўляемся разам. Мы вельмі любім разам адзначаць святы, адпачываць, працаваць. У нас ёсць падсобная гаспадарка, і дзеці ахвотна дапамагаюць яе даглядаць. А яшчэ з нашага агарода мы кожны год збіраем цудоўны ўраджай і робім нарыхтоўкі на зіму.
Аддаваць сваю любоў дзецям, дарыць ім радасць, падтрымліваць у цяжкую хвіліну — у гэтым мы знаходзім сваё шчасце і бачым сваё сапраўднае прызначэнне. Уся сутнасць нашай працы адлюстравана ў словах прыёмнага дзіцяці: «Мой сын ніколі не даведаецца, што такое праблемная сям'я».
...Калі я пазнаёмілася бліжэй з гэтай сям'ёй, то падумала пра сваю будучыню, сваю ўласную сям'ю і вырашыла, што я таксама буду мець шмат дзяцей. Няхай маё шчасце будзе памножана на некалькі маленькіх сэрцаў, і тады, я ўпэўнена, можна будзе сказаць, што жыццё ўдалося.
Ірына МАЛІНОЎСКАЯ,
вучаніца 10 класа
сярэдняй школы
г.п. Краснаполле.
Пра аўтара
— Я жыву ў невялікім гарадскім пасёлку Краснаполле. Мне 15 гадоў. Вучуся ў 10-м профільным класе з філалагічным ухілам з вывучэннем беларускай мовы. Сябрую са сваімі аднакласнікамі. Мы вельмі часта збіраемся разам, расказваем пра свае захапленні, мары, жаданні, — расказвае па сябе Ірына. — У школу я хаджу з жаданнем. Мяне цікавяць усе прадметы, але любімым з'яўляецца літаратура. Часта ўдзельнічаю ў розных конкурсах сачыненняў, таму вырашыла паспрабаваць сябе і ў вашым конкурсе, расказаць пра сям'ю сваёй аднакласніцы.
А мама Ірыны Ала Уладзіміраўна «па сакрэце» дадала нам, што дачка думае ў далейшым стаць журналісткай.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.