Вы тут

МАЛЕНЬКАЯ ЛАТВІЯ Ў ВЯЛІКІМ ХАКЕІ


Дзе хакей любяць так моцна, як і  ў Канадзе? Магчыма, адказу нехта здзівіцца, але ў Латвіі. Гульні там збіраюць заўсёды вялікую аўдыторыю, заўзятары на стадыёне ствараюць неверагодна добрую атмасферу — «хварэць» там любяць і ўмеюць. Хакей у Латвіі з'яўляецца самым папулярным відам спорту. Зборная ўпершыню прыняла ўдзел у чэмпіянаце Еўропы ў 1932 годзе і заняла перадапошняе 8-е месца. Да ўступлення ў СССР латвійцы не паказвалі высокіх вынікаў, самымі яркімі дасягненнямі таго часу былі 10-е і 14-е месцы на чэмпіянатах свету 1938 і 1939 гадоў адпаведна.

Латышы згулялі важную ролю ў развіцці хакея ў Савецкім Саюзе. Рыжскае «Дынама» было адным з адзінаццаці клубаў, якія гулялі ў першым савецкім чэмпіянаце. Латвійскі гулец Харыйс Мэлупс быў асноўным варатаром зборнай Савецкага Саюза на першым міжнародным спаборніцтве ў 1948 годзе.

Адным з самых выдатных гульцоў латвійскага хакея і да гэтага часу з'яўляецца Хелмут Балдэрыс. У чэмпіянатах СССР Балдэрыс забіў 333 галы. Ён быў лепшым бамбардзірам у 1977 і 1983 гадах. У складзе зборнай СССР стаў трохразовым чэмпіёнам свету і Еўропы, заваяваў сярэбраныя медалі Алімпійскіх гульняў 1980 года. Таксама за зборную СССР выступалі варатары Віталь Самойлаў і Артурс Ірбе. Самойлаў у складзе зборнай СССР стаў алімпійскім чэмпіёнам у 1988 годзе. Артурс Ірбе быў прызнаны лепшым варатаром на чэмпіянаце свету 1990 года, ён з'яўляецца двухразовым чэмпіёнам свету (1989 і 1990).

Нямала латвійскіх хакеістаў пагулялі і ў Нацыянальнай хакейнай лізе. Сандыс Озалінш, Артурс Ірбе, Сяргей Жолтак і Карліс Скрасціньш былі найбольш паспяховымі. Озалінш з'яўляецца адзіным латвійскім хакеістам, якому ўдалося выйграць Кубак Стэнлі (сезон 1995-1996). Озалінш і Ірбе гулялі ў матчы зорак НХЛ.

Зборная Латвіі вярнулася на міжнародную арэну самастойнай камандай у пачатку 90-х. Хакеісты атрымалі права выступаць толькі ў трэцім дывізіёне чэмпіянату свету, а ўжо ў 1997 годзе прабіліся ў эліту сусветнага хакея. Іх самымі высокімі вынікамі на чэмпіянатах свету было праходжанне ў 1/4 фіналу (8-е месца), самым нізкім — 13-е месца.

На Алімпійскіх гульнях найлепшым выступленнем стала 8-е месца ў Сочы. Зборная не выглядала слабай, паказала добры, змястоўны хакей, хоць прайграла і швейцарцам, і шведам, і чэхам. У першым раўндзе плэй-оф латышы перайгралі зборную Швейцарыі і выйшлі на канадцаў, дзе далі родапачынальнікам хакея сапраўдны бой. Хакеістам зборнай Канады толькі ў трэцім перыядзе атрымалася вырваць перамогу з мінімальным лікам 2:1.

У Латвіі гэтае выступленне ацанілі як удалае, і кіраўніцтва і заўзятары засталіся задаволенымі сваёй зборнай. Галоўны трэнер Тэд Нолан пасля турніру сказаў журналістам: «Апошнія некалькі гадоў я вывучаў латвійскі хакей. Для краіны такога памеру ўдзел у чатырох Алімпійскіх гульнях — вялікае дасягненне. Мы робім нешта, што, з майго пункту гледжання, з'яўляецца цудам, і гэта ўсе нашы гульні, усе нашы матчы.

Калі ў вас добры варатар, вы шмат чаго можаце дамагчыся. Наш капітан паказаў сапраўдныя лідарскія якасці, шмат якія гульцы праявілі сябе. І моладзь каманды яшчэ пакажа сябе. Мы чакаем гэтага ў будучыні. Хлопцамі варта ганарыцца, улічваючы тое, як яны гулялі супраць лепшай зборнай у свеце».

У аэрапорце каманду сустракалі сотні чалавек з нацыянальнымі сцягамі і кветкамі.

Штогод у краіне праходзіць свой чэмпіянат па хакеі, у ім удзельнічае, як правіла, 8 камандаў. У сезоне 2011/2012 «Металургс» з Ліепая ўдзельнічаў у Адкрытым чэмпіянаце Беларусі. У Кантынентальнай хакейнай лізе Латвію прадстаўляе рыжскае «Дынама». Першыя сезоны рыжан былі не вельмі паспяховымі, аднак кіраўніцтва клуба зрабіла стаўку на айчынных гульцоў і не пралічылася. Сёння рыжскае «Дынама» лічыцца «серадняком» лігі.

26-3

Касцяк зборнай складаецца менавіта з гульцоў гэтага клуба, яго прадстаўляюць 9 хакеістаў: Сандыс Озалінш, Георгій Пуяц, Крыш'яніс Рэдліхс, Арвідс Рэкіс, Крыстапс Сотніекс, Мікс Індрашыс, Марціньш Цыпуліс, Віталь Паўлаў, Лаўрыс Дарзіньш.

У алімпійскую зборную Латвіі ўвайшоў толькі адзін гулец НХЛ — Земгус Гіргенсанс («Бафала»).

Трэнерам зборнай на працягу 6 гадоў быў Алег Знарок, вядомы і даволі паспяховы настаўнік у КХЛ. Пасля няўдалага выступлення на чэмпіянаце свету 2011 года яго змяніў канадскі спецыяліст Тэд Нолан. Лепшым дасягненнем Знарка ў руля зборнай Латвіі стаў выхад у плэй-оф чэмпіянату свету 2009 года, калі каманда спынілася на стадыі 1/4 фіналу. Пад кіраўніцтвам Нолана латышскія хакеісты ўвайшлі ў васьмёрку наймацнейшых на Алімпійскіх гульнях.

Сёння зборная Латвіі займае 10-е месца ў рэйтынгу Міжнароднай Федэрацыі хакея. Няма сумненняў, што ў Мінск латышы прыедуць з сур'ёзнымі намерамі палепшыць свае вынікі.

Для зборнай Беларусі Латвія з'яўляецца вельмі нязручнай камандай, за апошнія гады беларускім хакеістам у афіцыйных матчах ні разу не ўдалося перайграць латвійскіх калег. Беларусы прайгралі ім на чэмпіянатах свету 1996, 2003, 2008 гадоў.

У маі ў Мінску з'явіцца выдатная магчымасць пераламаць гэтую тэндэнцыю: зборныя Беларусі і Латвіі згуляюць 19 мая на лёдзе «Мінск-Арэны».

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?