Беларусы аддаюць перавагу звычайным банкаўскім рахункам, аднак даход ад уласных грошай можна атрымаць і іншым спосабам, напрыклад, набываючы акцыі розных прадпрыемстваў. Праект закона «Аб рынку каштоўных папер» мае намер расставіць акцэнты ў гэтай сферы, у прыватнасці, зрабіць закон адпаведным часу. На «круглым стале», прысвечаным абмеркаванню законапраекта, прадстаўнікі пастаянных камісій Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах і Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах сумесна з Беларускай валютна-фондавай біржай зрабілі свае прагнозы па развіцці рынку каштоўных папер у нашай краіне.
Мяняецца мысленне — мяняецца закон
Ранейшы закон быў прыняты ў 1992 годзе, натуральна, за больш чым 20 гадоў ён зрабіўся неактуальным. На практыцы і ў юрыдычных арганізацый, і асабліва ў звычайных людзей узнікае шмат пытанняў, звязаных з каштоўнымі паперамі. Валерый БАРАДЗЕНЯ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па бюджэце і фінансах,
адзначыў, што адной з навацый стане стварэнне самарэгуляванай арганізацыі прафесійных удзельнікаў рынку каштоўных папер, якая будзе вырашаць многія праблемы.
Праект новага закона змяшчае намнога больш артыкулаў, чым стары. «Вядома, ён у большай ступені ўлічвае вопыт Расійскай Федэрацыі — абавязкова павінны былі быць улічаны сур'ёзныя дамоўленасці пра тое, што мы будзем рухацца да агульнага рынку фінансаў, — падкрэсліў Барадзеня. — У аснову пакладзены ўсе прынцыпы, якія ёсць у адпаведных заканадаўчых актах Расіі і Казахстана, так што ён максімальна ўніфікаваны ўжо сёння».
Крок насустрач інвестарам
Уладзімір ПАНЦЮХОЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах канстатаваў, што ад узроўню развіцця рынку каштоўных папер залежыць агульны ўзровень канкурэнтаздольнасці эканомікі нашай краіны. Так, у 2014 годзе ўрад плануе прыцягнуць праз размяшчэнне валютных аблігацый прыкладна палову сродкаў, неабходных для плацяжоў па знешнім доўгу.
Панцюхоў назваў некаторыя праблемы сферы — гэта нежаданне інвестараў уваходзіць у рынак каштоўных папер, недахоп інвестыцыйных магчымасцяў, недастатковая дасведчанасць патэнцыяльных удзельнікаў рынку каштоўных папер пра яго магчымасці. «Нам вельмі важна прыцягнуць увагу насельніцтва да магчымасцяў рынку каштоўных папер як крыніцы ўласных даходаў, — заявіў ён. — Мы плануем прыняць якасны закон па рынку каштоўных папер».
Рынак праблемны, але перспектыўны
«Пакуль што на ўсіх важных сустрэчах у Беларусі і за мяжой мы пазіцыянуем рынак каштоўных папер як рынак, які знаходзіцца на стадыі станаўлення, — заявіў Сяргей СУШКО, дырэктар дэпар-
тамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. — Сёння створаны ўсе неабходныя умовы для прыцягнення рэсурсаў у эканоміку краіны праз выпуск акцый, аблігацый — сфарміравана заканадаўства і інфраструктура».
Па словах дырэктара дэпартамента па каштоўных паперах, для эфектыўнага функцыянавання адпаведнага рынку сёння значна спрошчаны адміністрацыйныя працэдуры, звязаныя з выпускам і абарачэннем каштоўных папер. Колькасць дакументаў, якія трэба падаваць для дзяржаўнай рэгістрацыі каштоўных папер, зменшана, з 30 да 15 дзён скарочаны тэрмін іх рэгістрацыі. «Мы працуем ва ўмовах зніжанай падатковай нагрузкі на ўдзельнікаў рынку каштоўных папер, — адзначыў Сушко. — Сёння эмісійны даход па акцыях і даход па аблігацыях вызвалены ад падаткаабкладання. Зніжаны падатковыя стаўкі па даходах ад продажу акцый — сёння яны складаюць 12% для фізічных асоб і эмітэнтаў і 9% для юрыдычных. Няма абмежаванняў на набыццё каштоўных папер нерэзідэнтамі (грамадзянамі іншых дзяржаў)».
Разам з тым Сяргей Сушко прызнаў, што ўзровень развіцця рынку каштоўных папер застаецца нізкім з-за адсутнасці ў Беларусі інстытутаў калектыўных інвестыцый (інвестыцыйных фондаў), стрыманай палітыкі ў сферы прыватызацыі і кіравання дзяржаўнай маёмасцю.
Надзея ЮШКЕВІЧ.
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.