Учора, 20 лютага, беларускія алімпійцы былі вольныя ад спаборніцтваў і прысвяцілі гэты дзень адпачынку. Тым больш што надвор'е стала наладжвацца: зноў па-веснавому прыгравае сонца. А сёння ўвечары пройдзе жаночая біятлонная эстафета, у якой трохразовая чэмпіёнка Гульняў Дар'я Домрачава і яе сяброўкі зноў будуць змагацца на складанай, але такой шчаслівай для нас трасе. Будзем спадзявацца — за перамогу. У суботу — эстафета мужчынская, у нядзелю — лыжныя гонкі мужчын з агульнага старту на 50 кіламетраў.
А сёння, калі нашы спартсмены ўзялі «дзень цішыні», мы раскажам пра іншыя навіны алімпійскага Сочы.
Пазаўчора, нягледзячы на пахаладанне і дождж, многія балельшчыкі з самай раніцы цягнуліся ў спартыўны комплекс «Ружа Хутар», які ўяўляе сабой адзіны аб'ект для правядзення спаборніцтваў па ўсіх гарналыжных дысцыплінах: хуткасны спуск, камбінацыі (хуткасны спуск і слалам), слалам-супергігант і слалам-гігант.
Вядома, убачыць адразу ўсе спаборніцтвы немагчыма: яны праводзяцца ў розны час. Але нагода наведацца туды была: усе хацелі ўбачыць выступленне дэбютанткі Алімпіяды з далёкага Тайланда — Ванакорн. Яе, праўда, ведаюць пад другім іменем — Ванэса Мэй, скрыпачка і кампазітар
.
Ванэса пры ашаламляльнай падтрымцы рознагалосай публікі заняла 67-е месца ў гіганцкім слаламе. «Расія можа ганарыцца Сочы, заявіла яна журналістам. — Тут была праведзена вялікая арганізацыйная работа. Калі ты знаходзішся ўнутры падзеі, то разумееш, што насамрэч справе хаваецца за інфармацыйнай заслонай. Асабліва я шчаслівая быць тут і ўпэўнена, што яшчэ не раз прыеду ў Расію. У тым ліку і для таго, каб пакатацца на лыжах».
Паводле слоў знакамітасці, уражанне ад Сочы ёй крыху сапсавала толькі надвор'е, якое, у адрозненне ад мінулых алімпійскіх дзён, было дажджлівым. «Але ўсё астатняе зроблена на «выдатна», — адзначыла яна. Расказала Мэй і пра тое, чаму яна наогул вырашыла ў свае 35 гадоў паспрабаваць сілы ў прафесійным спорце. «Праз кожныя дзесяць гадоў свайго жыцця, як мне здаецца, кожны чалавек проста павінен пакорпацца ў сабе і адкрываць што-небудзь новае. Гэта магчыма нават тады, калі ты разумееш, што не дасягнеш вышынь у сваім пачынанні. Быць захопленым чым-небудзь ніколі не позна. Калі хтосьці вырашыць пачаць гуляць на скрыпцы — калі ласка! Ты можаш не быць выдатным выканаўцам-музыкантам, але гэта можа прыносіць табе задавальненне. Можна іграць хоць для сябе, хоць для іншых... Праўда, як мне здаецца, гарналыжны спорт больш відовішчны, чым выкананне кампазіцый на скрыпцы. Таму для мяне выступленне тут — гэта спроба даказаць, што ўзрост не перашкода для новых адкрыццяў», — сказала яна.
«Ці завяршу я кар'еру пасля Алімпіяды? Ды я толькі два месяцы таму пачала спаборнічаць на прафесійным узроўні. Алімпіяда — найвялікшая падзея на планеце Зямля. І выступаць тут разам з наймацнейшымі гарналыжнікамі свету дарагога каштуе», — дадала яна.
У заключэнне Мэй прызналася, што не прывезла ў Сочы сваю знакамітую скрыпку, бо не захацела, каб тая «прыраўнавала» яе да лыжаў.
Што ж, Ванэса Мэй пацвердзіла ў чарговы раз галоўны прынцып алімпійскага руху: важная не толькі перамога, важны сам удзел у спартыўным спаборніцтве. Алімпіяда для яе скончана. І зусім няважна, якую ацэнку дадуць яе выступленню спецыялісты і балельшчыкі ў такім далёкім адсюль і зусім бясснежным Тайландзе.
Затое выступленне кожнага прадстаўніка Расіі тут, на іх радзіме, выклікае шквал эмоцый — станоўчых ці расчараваных. Ужо ўчора ўсе сталі казаць, што Алімпіяда для Расіі скончылася заўчасна. Тут лічаць так: можна прайграць усё, што заўгодна, любыя спаборніцтвы на Алімпіядзе і адначасова ўсё... выйграць. Усё залежыць ад таго, як выступіць нацыянальная хакейная дружына. У сераду на стадыі чвэрцьфіналу расіяне саступілі фінам. Як прызнаюцца расійскія балельшчыкі, больш чорнага дня і ўявіць сабе цяжка — на сваёй, хатняй, Алімпіядзе так рана сысці з дыстанцыі. За каго цяпер «хварэць» — за амерыканцаў, канадцаў ці, можа, латышоў, якія ў чарговы раз скочылі вышэй за галаву і пазмагаюцца ў паўфінале? Дылема — што ні кажыце...
Між тым, паражэнне гэтае, як, аказалася, было невыпадковым, яно было прадказана. Дзве мясцовыя выдры з Мацэсцінскага акварыума — Эшлі і Гары — па прыкладзе славутага васьмінога Паўля з Германіі ўзяліся прадказваць вынікі алімпійскіх спаборніцтваў. І яны ўжо паспелі вызначыцца не адзін раз. У нас была магчымасць паназіраць за іх «работай» з дапамогай намесніка дырэктара Сочынскага акварыума Жанны Зазінай.
— Збылося ўжо не адно прадказанне звяркоў, — расказвае Жанна. — Так, напрыклад, спраўдзіліся зыходы хакейных матчаў мужчынскай зборнай Расіі са славенцамі, амерыканцамі і славакамі. У жаночым хакеі яны прадказалі перамогу расіянкам у гульнях з немкамі і японкамі і паражэнне ў матчы са Швецыяй, нават адгадалі зняцце Плюшчанкі з індывідуальнага турніру, якое нарабіла столькі шуму. Калі ў ваду кінулі два кольцы, якія сімвалізавалі Расію і Японію, Гары, апярэджваючы сяброўку, адразу выцягнуў кольца з надпісам «Японія», а да другога, «расійскага», нават не дакрануўся. У танцах на лёдзе, на думку выдры, першай павінна стаць пара з ЗША, другім — расійскі дуэт, а пара з Канады возьме «бронзу».
Тое ж здарылася з матчам Расія — Фінляндыя. Двойчы кідалі ім кольцы, і двойчы Гары выцягваў тое, на якім быў надпіс «Фінляндыя». Мы тут не хацелі вялікага шуму і да часу аб гэтым не расказвалі. Але ёсць відэазапіс, які гэта пацвярджае. На жаль...
Кажуць таксама, што даведацца пра пераможцаў спаборніцтваў можна і ў дэльфіна па мянушцы Юнона з дэльфінарыя Адлера. Праўда, на думку арганізатараў акцый, дакладнасць прадказанняў — не галоўная мэта. Значна важней прыцягнуць увагу да неабходнасці захавання на зямлі рэдкіх відаў жывёл. Дэльфіна Юнону некалькі гадоў таму ўдалося перахапіць з рук браканьераў у Ціхім акіяне. Самку перавезлі ў Сочы і змясцілі ў дэльфінарыі мясцовага парку Рыўера. Там яна прыжылася і цяпер, акрамя звычайных забаўляльных выступленняў, займаецца таксама дэльфінатэрапіяй.
Раней Юнона «чытала» пол дзіцяці для будучых мам. Методыка была простая: падзяліўшы ліст на дзве часткі і пазначыўшы іх, адпаведна, літарамі «м» і «д», давалі дэльфіну пэндзлік і фарбы. Юнона зафарбоўвала адно з палёў і такім чынам прадказвала, народзіцца хлопчык ці дзяўчынка. Для спаборніцтваў на Гульнях-2014 вырашылі крыху змяніць тактыку. Зараз у басейн кідаюць спецыяльна пазначаныя мячы, Юнона выхоплівае патрэбны і плыве да мастка, каб паказаць трэнеру. Мы ўпэўнены, што яна не памыліцца. Тым больш што жывёла ведае: калі адгадае — атрымае ў якасці «ўзнагароды» смачную свежую рыбку.
Карэспандэнт «Звязды» Анатоль Сланеўскі — з алімпійскай сталіцы
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».