Першае, чым здзівіў мяне архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, — сваёй надзвычай прыгожай, сакавітай беларускай мовай. Аказалася, уладыка ведае і любіць класічную беларускую літаратуру, падчас гутаркі не раз прыводзіў вялікую колькасць вершаваных радкоў, не ўтойваў сваёй сімпатыі да творчасці Якуба Коласа. Высветлілася, што архіепіскап — даўні чытач нашай газеты. Да чытання «Звязды» прызвычаіўся ў школьныя гады, газету выпісвалі бацькі. Нават у арміі, у далёкай Туркменіі, атрымліваў беларускую газету, якую выпісала для яго сваячка. А сваіх настаўніц беларускай мовы, Таццяну Васільеўну Сакалову і Марыю Арцёмаўну Бурак, уладыка Стэфан і цяпер згадвае самымі лепшымі словамі.
За адведзены для гутаркі час мы паспелі абмеркаваць асаблівасці палескага краю і палескай ментальнасці, а таксама некаторыя праблемы сучаснага грамадства. Асабліва непакояць архіепіскапа хібы ў сямейным выхаванні падрастаючага пакалення, недастаткова адказнае стаўленне да стварэння маладымі ўласнай сям'і, памяншэнне духоўнасці грамадства ў цэлым.
— Шаноўны ўладыка, раскажыце, хаця б коратка, пра свой шлях да веры, да духоўнага служэння.
— Родам я з Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. У маім дзяцінстве гэта быў адзін з самых бязбожных раёнаў Беларусі. На той час у ім не засталося ніводнай царквы. У адным нашым Смілавіцкім прыходзе было раней тры храмы, а ў 30-я гады іх зруйнавалі і знішчылі. Рабілі нядобрую справу не якія-небудзь прышэльцы, а свае ж вяскоўцы. Потым, як правіла, мы чулі пра іх незайздросны лёс. Вечарамі збіраліся аднавяскоўцы, успаміналі, як раней маліліся ў храме, адзначалі святы. У многіх традыцыі падтрымліваліся ў сем'ях, людзі захоўвалі абразы, у нядзелю не працавалі, вялікія рэлігійныя святы адзначалі па хатах. У царкву я ездзіў у Мінск ужо ў школьныя гады.
— Бацькі накіроўвалі да Бога?
— Зусім не. Бацькі прывівалі інтарэс да вучобы. А да Бога я прыйшоў сам. Пасля службы ў сталічным храме часта заходзіў у вялікую кніжную краму. Там на той час было шмат бязбожнай літаратуры — цэлыя паліцы. Але я прастойваў ля іх гадзіны паўтары-дзве і ўсё ж знаходзіў нешта патрэбнае для сябе. Некаторыя кнігі мне здорава памаглі, там была інфармацыя, што сеяла сумненні і будзіла цікавасць. Хацелася самому знайсці адказы на многія пытанні... Пасля сямігодкі паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум, вывучыўся на агранома і атрымаў накіраванне ў гаспадарку Пастаўскага раёна. У вёсцы жылі два старыя дзядкі, якія нейкім чынам мяне прыкмецілі, давалі чытаць рэлігійныя кніжкі. Вядома, употай. Потым тры гады адслужыў у войску, у Туркменіі. Вярнуўся дадому, зноў працаваў аграномам. А ў 1972 годзе паступіў у Маскоўскую семінарыю. Пасля семінарыі была акадэмія. Потым працаваў у Жыровічах, і вось ужо 24-ы год — у Пінскай епархіі.
— Чым адрозніваецца епархія два дзясяцігоддзі таму і цяпер?
— Калі я прыйшоў сюды на служэнне, у епархіі — гэта значыць, у васьмі раёнах вобласці — было 80 храмаў, цяпер іх амаль 180. Пабудавалі новыя альбо адрадзілі каля сотні цэркваў. Сёння ўжо не толькі ў гарадах, але і ў некаторых вялікіх сельскіх населеных пунктах па дзве царквы (у такіх, як Альшаны, Давыд-Гарадок). Як часта кажуць, прыйшоў час збіраць камяні, тыя, што параскідалі падчас бязбожжа, калі руйнавалі цэрквы. Цяпер вось збіраем. Праўда, на Палессі не столькі разбурылі і закрылі, як у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі. Але і тут многае давялося збіраць, аднаўляць.
Радуе, што многія людзі пацягнуліся да веры, што адпраўляюць дзяцей у нядзельныя школы. А дзеці-слухачы нашых школ, бывае, потым бацькоў агітуюць прыйсці ў храм і запоўніць прабелы ў рэлігійных ведах. Самыя першыя наведнікі нядзельнай школы ўжо самі сталі бацькамі і прыводзяць сюды дзяцей. Усяго па епархіі лік такіх школ набліжаецца да ста. Прыемна, што некаторыя дарослыя адчулі патрэбу ў духоўнай асвеце. Пры нядзельнай школе жаночага манастыра ў нас утварылася група дарослых слухачоў, якія ходзяць на заняткі. Дарослыя групы цяпер ёсць пры храмах амаль усіх райцэнтраў.
— Апошнім часам шмат гавораць і пішуць пра сацыяльнае служэнне праваслаўнай царквы. Якія самыя значныя справы на гэтай ніве робяцца ў вашай епархіі?
— У Святой Волі Івацэвіцкага раёна служыць айцец Мікалай, вялікі энтузіяст стварэння прытулку для тых, хто па розных прычынах яго не мае. У вёсцы ўзводзіцца дом, дзе змогуць атрымаць дах над галавой, кавалак хлеба і слова спагады тыя, хто мае ў гэтым вострую патрэбу.
А ў Пінску вядзецца вялікая работа па падрыхтоўцы да ўзвядзення цэнтра сацыяльнай дапамогі. Тут запланавана размясціць дзіцячы хоспіс, аддзяленне рэабілітацыі, прытулак для старых. Нельга сказаць, што названыя ўстановы давядзецца пачынаць з нуля. Дапамогай хворым, адзінокім, абяздоленым праваслаўныя святары і вернікі займаліся і да гэтага, толькі ў розных месцах горада, у розных прыходах. Цэнтр жа дазволіць «звесці» добрую справу ў адно месца і пашырыць нашы магчымасці. У агульным цэнтры нават хворыя людзі змогуць адзін аднаго падтрымліваць. Сюды стане магчымым залучаць больш валанцёраў, асабліва з ліку моладзі. Гэтай дзейнасці кіраўнік аддзела сацыяльнага служэння епархіі айцец Сергій надае асаблівае значэнне. Пінск — моладзевы горад, тут працуе ўніверсітэт, ёсць цэлы шэраг сярэдніх навучальных устаноў. Вельмі важна да добрай справы прыцягнуць як мага больш моладзі. Калі хлопцы і дзяўчаты прыйдуць папрацаваць у цэнтр, яны атрымаюць на ўсё жыццё бясцэнныя ўрокі спагады, міласэрнасці, цярпення. Гэта хоць крышачку дапаможа ім у далейшым стаць добрымі бацькамі, свядомымі грамадзянамі сваёй краіны.
Вялікая бяда нашага грамадства ў тым, што занадта шмат бацькоў не займаюцца выхаваннем дзяцей. Дзеці растуць самі па сабе. А бацькі, знаходзячы апраўданне ў сваёй вялікай занятасці, адкупляюцца ад дзяцей дарагімі цацкамі, такімі, як камп'ютар. І што атрымліваецца? Дзіця не развіваецца, не думае, за яго думае машына. Цяпер стала амаль што нормай, калі з камп'ютара спісваюць сачыненні, выконваюць такім чынам іншыя школьныя заданні. Цяперашнія школьнікі табліцу множання на памяць не ведаюць. У сеціве, на жаль, юны чалавек знаходзіць шмат таго, што яму наогул не патрэбна альбо прыносіць шкоду. Калі нешта ідзе не так, бацькі і грамадства пачынаюць шукаць вінаватых, кажуць, што школа вінавата. Я з гэтым не згодзен. Школа сапраўды аслабла апошнім часам. Але глыбінныя прычыны праблем трэба шукаць у саміх сабе, у кожнай сям'і.
— І як жа можна пераадолець бездухоўнасць, якой, на жаль, як вірусам, заражаецца пэўная частка маладога пакалення?
— Калі ўважліва чытаць разважанні старцаў, можна знайсці такую думку: мы знаходзімся ў падарожжы. Духоўны сэнс падарожжа вельмі вялікі. Памятаеце, як Майсей вадзіў па пустыні яўрэйскі народ? Якая ж там адлегласць — з Егіпта да Святой зямлі, а яны ішлі доўгія сорак гадоў. Такі прамежак часу быў патрэбен, каб старое пакаленне з яго дрэннымі звычкамі і няправільнымі духоўнымі ўстаноўкамі памерла, і на змену яму прыйшло новае пакаленне, свабоднае ад заган. Так і тут патрэбен час, каб пераадолець пустыню бязбожжа, атэізму, шматлікіх перамен і перабудоў. За пэўны час чалавек мусіць пераасэнсаваць сваё стаўленне да матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў. Вядома, шлях надзвычай цяжкі. Тыя ж старцы гаварылі: «Калі б усе разам сказалі адначасова: «Госпадзі, даруй нам і памілуй!», свет стаў бы лепшым. Здаецца, простая рэч, толькі ажыццявіць яе немагчыма. Да лепшага нельга прыйсці хутка.
— Відаць, нярэдка да вас звяртаюцца вернікі з пытаннем, як жыць у цяперашнім няпростым свеце, за што трымацца душой? Што вы адказваеце на такія ці падобныя пытанні?
— Трымацца трэба найперш за веру, бо без веры нікуды не ступіш... А другое, трэба трымацца за добрую сям'ю. Адзін з вельмі шаноўных нашых святароў сказаў мне аднойчы: «У наш час сям'я — найбольшы духоўны подзвіг». Так яно і ёсць. Чалавек, які стаў добрым сямейнікам, заслугоўвае найлепшай пахвалы. Бо ў сям'і можна навучыцца спагадзе і цярпенню, навучыцца клапаціцца пра іншага, пераадолець уласны эгаізм. А на практыцы мы бачым: працэнт разводаў у адносінах да шлюбаў недзе даходзіць да палавіны. Разводзяцца людзі, якія пражылі ў шлюбе не толькі год-два, але і дзесяць, пятнаццаць, дваццаць гадоў. На маім працоўным стале ёсць папка, дзе зафіксавана скасаванне шлюбаў тых людзей, якія вянчаліся ў царкве. Тут захоўваюцца гісторыі, якія ў пэўнай ступені адлюстроўваюць стан грамадства. А ён характарызуецца тым, што людзі несур'ёзна ставяцца да самага галоўнага ў жыцці кожнага — да стварэння сям'і.
Да мяне гады два таму прыходзіла адна пара. Яны не пражылі ў шлюбе ні дня і прыйшлі разводзіцца. Маладыя людзі распісаліся, павянчаліся, а за вясельным сталом дзве свацці не знайшлі агульнай мовы. У выніку канфлікту паміж маці жаніха і нявесты вяселле проста разагналі. Гэтая гісторыя падобна да анекдота, але, на жаль, гэта чыстая праўда...
Раней у беларускай вёсцы, ды і не толькі ў вёсцы, у традыцыі панавала іншае стаўленне да шлюбу. Без бацькоўскага блаславення ніхто пад вянец не ішоў. Цяпер згоды не пытаюць, над рашэннем доўга не думаюць, і вынікі не прымушаюць сябе чакаць.
Значыць, недастаткова пераканаўча мы даводзім маладому пакаленню, што сям'я — гэта малая царква, аснова ўсяго. Будзе моцная сям'я — будзе моцная дзяржава. Так было спакон вякоў на нашай зямлі. Але за апошняе стагоддзе страчана нямала традыцый, якія мелі ўплыў на духоўны стан грамадства. Я кажу пра пашану да сваіх каранёў, самабытнасці, веры бацькоў і дзядоў. Хоць тут, на Палессі, што прыемна, многае засталося, праўда, найбольш у асяродку старэйшага пакалення. Вяскоўцы не забыліся пра звычаі продкаў, не выкінулі народны касцюм. Калі ў Жыровічы на 20 мая з'язджаюцца вернікі, то давыд-гарадоцкіх жанчын можна лёгка адрозніць па адмысловых галаўных уборах. Жыхаркі ганцавіцкіх вёсак вылучаюцца яркімі колерамі сваіх строяў. Прыемна, што і ў хатах многіх палескіх гаспадынь захоўваюцца вышыўкі, абрусы, адзенне з часоў іх бабуль і матуль. Палешукі — людзі разважлівыя, няспешныя ў прыняцці рашэнняў, разам з тым настойлівыя, працавітыя.
— Такія, якімі апісаў іх Якуб Колас у сваім рамане «На ростанях»?
— Так, усё апісана праўдзіва, і многае актуальна. Тут жа спрэс коласаўскія мясціны, дзе ён маладым настаўнічаў: і Пінкавічы, і Люсіна. Дарэчы, Канстанцін Міцкевіч вянчаўся са сваёй жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай у нашай Свята-Варварынскай царкве. У яго творы напісана, што вянчаліся маладыя настаўнікі ў чыгуначнай царкве. Я нядаўна знайшоў звесткі, што Пінская Варварынская царква была перададзена чыгуначнаму ведамству ў 1906 годзе. Значыць, гаворка ідзе менавіта пра гэтую царкву. Думаю, было б нялішнім з гэтай нагоды змясціць мемарыяльную дошку на будынку храма. Ёсць жа такая дошка на саборы ў Маскве, дзе вянчаўся Пушкін.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Даведка «Звязды»
Архіепіскап Стэфан (Ігар Пятровіч Корзун) нарадзіўся ў 1944 годзе ў вёсцы Корзуны Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. У 1975 годзе скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю, а ў 1979 годзе — Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. У 1989-1990 гады — рэктар Мінскай духоўнай семінарыі. З 4 сакавіка 1990 года — епіскап Пінскі і Лунінецкі. 25 лютага 2000 года ўзведзены ў сан архіепіскапа. Узнагароджаны ордэнам прападобнага Сергія Раданежскага ІІІ ступені, ордэнам прападобнага Сергія Раданежскага ІІ ступені, ордэнам святога дабравернага Данііла Маскоўскага ІІ ступені.
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».