Сумесны праект газеты «Звязда» і Міністэрства абароны «Плацдарм» прызнаны лепшым спецыяльным праектам аб Узброеных Сілах краіны. Дыплом першай ступені ўручылі выданню падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў штогадовага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Беларусі, патрыятычнага выхавання насельніцтва.
Вось ужо на працягу сямі гадоў запар на падвядзенне вынікаў збіраюцца лепшыя прадстаўнікі айчыннай журналістыкі — усе тыя, хто сваёй штодзённай працай дамогся перамогі ў прэстыжным рэспубліканскім конкурсе. Конкурсе, які прапагандуе непахісныя традыцыі нашага народа: любоў да Радзімы, гатоўнасць і ўменне яе абараняць.
— Сёння мы маем права казаць аб высокай эфектыўнасці і выніковасці супрацоўніцтва Узброеных Сіл і сродкаў масавай інфармацыі ў пытаннях ваеннага будаўніцтва і ваенна-патрыятычнага выхавання, — зазначыў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Юрый ЖАДОБІН.
— Больш за 3 тысячы публікацый у друкаваных СМІ, каля 100 гадзін тэле- і каля 150 гадзін радыёвяшчання штогод прысвячаецца Узброеным Сілам, людзям, адданым справе абаронца Айчыны.
Пераможцы былі вызначаны ў 17 творчых намінацыях, якія ахапілі ўвесь спектр інфармацыйнай дзейнасці, усе сучасныя жанры, формы і спосабы асвятлення ваенна-патрыятычнай тэматыкі.
— Сёлета для ўдзелу ў творчым конкурсе былі пададзены 73 заяўкі ад сродкаў масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь, што значна больш, чым летась, — падкрэсліў памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Аляксандр ГУРА. — Прычым журы адзначыла не толькі ўзрастаючую актыўнасць рэгіянальных СМІ, а і пашырэнне геаграфіі ўдзельнікаў конкурсу. Трэба сказаць і пра высокі прафесіяналізм і адказнасць журналістаў у асвятленні ваеннага будаўніцтва і ваенна-патрыятычнага выхавання.
Па словах намесніка міністра інфармацыі Дзмітрыя ШАДКО, у ваенна-патрыятычным выхаванні асаблівая роля належыць сродкам масавай інфармацыі. «Цешыць, што наш конкурс па праве заваяваў аўтарытэт і павагу ў журналісцкім асяродку. Пастаянны рост колькасці яго ўдзельнікаў сведчыць аб высокай грамадскай значнасці Узброеных Сіл і цікавасці беларусаў да пытанняў іх функцыянавання і развіцця», — адзначыў намеснік міністра.
Ніка МАЙСКАЯ.
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».