Тытан, спадарожнік Сатурна, можа быць самым зручным для чаяпіцця месцам у Сонечнай сістэме за межамі Зямлі. Да такой высновы прыйшлі маладыя брытанскія фізікі, якія апублікавалі вынікі сваёй работы ў часопісе Physіcs Specіal Topіcs.
Група навукоўцаў ацэньвала, наколькі для тыпова брытанскага баўлення часу падыходзяць Венера, Марс, а таксама спадарожнікі Сатурна, Нептуна і Юпітэра. Даследчыкі ацэньвалі не толькі тэмпературу кіпення вады, але і наступствы выпітага на кожным касмічным аб'екце кубка гарбаты для цела чалавека. Месяц фізікі адразу адверглі, паколькі вада там закіпае пры мінус 162 градусах па Цэльсію, што крышачку цяплей за вадкі азот і «можа выклікаць сур'ёзныя гастраэнтэралагічныя праблемы».
На Марсе вада закіпіць пры плюс 4 градусах па Цэльсію, што, як адзначаюць аўтары, «блізка да ідэальнай тэмпературы падачы марожанага»: выпіць такі напой будзе ўжо хоць і бяспечна, але наўрад ці прыемна. На паверхні Венеры вада закіпіць пры непрактычных 273 градусах па Цэльсію, аднак на вышыні прыкладна 50 кіламетраў умовы для чаяпіцця адпавядаюць зямным, таму брытанцы раяць перад высадкай пабудаваць платформу такой вышыні, каб «даследчыкі маглі, калі што, папіць гарбаты». Для Тытана значэнне кіпення вады складае плюс 16 градусаў, і такі чай брытанцы палічылі «нясмачным, але прыдатным для ўжывання».
Трэба дадаць, што маладых навукоўцаў, якія публікуюцца ў часопісе Physіcs Specіal Topіcs, цікавіць незвычайнае кола тэм. Напрыклад, летась яны высвятлялі, ці можна... ацяпляць памяшканне цяплом, якое выпрацоўваецца членамі брытанскага парламента падчас напружаных дыскусій.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.