Вы тут

Усе дарогі вядуць да Храма


У кожнага чалавека свая дарога да храма. Некага прыводзяць сюды бацькі яшчэ ў дзяцінстве, хтосьці прыходзіць да святыні ў сталыя гады, каб знайсці супакаенне, загаіць душэўныя раны. А вось многія жыхары пасёлка Міханавічы, што пад Мінскам, знайшлі сюды шлях дзякуючы айцу Дзмітрыю.

Царкву — талакой

...Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Міханавічах была дзейная царква. У 20-30 гадах мінулага стагоддзя яе зруйнавалі. У 2002-м вернікі пажадалі аднавіць праваслаўную святыню і нават стварылі суполку. Але набажэнствы праводзілі спачатку ў невялікім вагончыку.

У пасёлку пражывае каля 9 тысяч чалавек. Як жа ім без царквы? Таму быў выдзелены зямельны ўчастак пад будаўніцтва. Справы зрушыліся з месца, калі ў 2009 годзе настаяцелем прыхода ў гонар свяціцеля Дзмітрыя Растоўскага быў прызначаны іерэй Дзмітрый Грыцэнка. Напачатку ён прыязджаў на службу з Мінска, але неўзабаве вырашыў быць са сваёй паствай і ў горы, і ў радасці. Разам з матушкай Таццянай і малалетнім сынам святар зняў жыллё ў Міханавічах. З дапамогай ініцыятыўнага бацюшкі храм вырас літаральна за тры гады. Узводзілі царкву талакой: вернікі, супрацоўнікі арганізацый, прадпрыемстваў. Ахвяравалі сродкі, ладзілі суботнікі.

Цяпер царкву наведваюць жыхары навакольных вёсак, дачнікі. Разам з сабой вядуць і дзяцей. Трэба бачыць, з якой цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі разглядваюць убранства храма, з якім задавальненнем слухаюць бацюшку. Іх тут ніхто не ўшчувае нават тады, калі дазваляюць сабе крыху пагарэзаваць: дзеці ёсць дзеці. Для малых на тэрыторыі царквы абсталявана пляцоўка для гульняў з атракцыёнамі. Пры храме працуе прыходская нядзельная школа.

Спяшайцеся рабіць дабро

Айцец Дзмітрый Грыцэнка — кіраўнік Цэнтра абароны мацярынства і сямейных каштоўнасцяў пры Беларускім экзархаце. Ён ладзіць шматлікія дабрачынныя акцыі ў падтрымку сям'і. У прыходзе створана сацыяльная служба, якая ўзяла пад сваю апеку шматдзетныя сем'і. Арганізаваны склад гуманітарнай дапамогі, дзе прымаюцца неабходныя бытавыя рэчы, адзенне, абутак, цацкі — зразумела, пры ўмове, што яны ў добрым стане. Царква працуе над пошукам спонсараў для аказання прадуктовай дапамогі гэтай катэгорыі насельніцтва, над стварэннем групы добраахвотнікаў, гатовых часткова ахвяраваць сва і м часам на карысць шматдзетных. Гэта і дапамога ў падрыхтоўцы ўрокаў, у хатніх справах. Напрыклад, маці трэба адлучыцца ў краму ці аптэку. Яе зможа падмяніць добраахвотнік, затраціўшы на гэта гадзіну-другую ў тыдзень. Але ўжо адно гэта дасць магчымасць шматдзетнай сям'і адчуць падтрымку і неабыякавасць грамадства да сваіх праблем.

Традыцыйная дабрачынная акцыя «Падары радасць» у чарговы раз адбылася падчас святкавання 140-годдзя з дня заснавання Міханавічаў. Як звычайна, у цэнтры ўвагі былі шматдзетныя сем'і. Мерапрыемству папярэднічала карпатлівая падрыхтоўчая работа: у арганізацыі былі накіраваны пісьмы з просьбай аказаць пэўную дапамогу. На пляцоўцы, дзе ладзілі мерапрыемства, быў арганізаваны збор грашовых ахвяраванняў. Людзі прыносілі прадукты, мёд, ласункі, цікавіліся, чым і калі можна яшчэ дапамагчы шматдзетным.

Па ініцыятыве настаяцеля зладжана і ўшанаванне ўдзельнікаў конкурсу на лепшую шматдзетную сям'ю. Такія мерапрыемствы ўжо сталі добрай традыцыяй і маюць на мэце паказаць святасць і прыгажосць мацярынства, каштоўнасць сям'і.

Формула дэмаграфіі

Шмат увагі надае айцец Дзмітрый стасункам з мясцовай уладай, установамі культуры і адукацыі. Напрыклад, у сярэдняй школе арганізаваў работу факультатыву праваслаўнай культуры. У Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэцы па яго ініцыятыве створаны духоўна-асветніцкі цэнтр. Настаяцель спадзяецца, што цэнтр дапаможа моладзі зрабіць правільны выбар на карысць духоўнасці і сямейных каштоўнасцяў, вернасці, узаемнай павагі. У цэнтры дзейнічае таксама выстава праваслаўнай літаратуры. Пачэснае месца займае нацыянальная святыня — факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля XVI стагоддзя, якое падарыла цэнтру выдавецтва Беларускага Экзархата.

— Айцец Дзмітрый — часты госць у сельвыканкаме, прысутнічае ў нас на пасяджэннях, дэпутацкіх сесіях. Ён вельмі паважаны ў Міханавічах чалавек. Пасля нядзельнай службы людзі застаюцца, каб абмеркаваць з ім надзённае ў нефармальных абставінах, за кубачкам гарбаты. А такіх пытанняў узнікае шмат: жыццё не стаі ць на месцы. Айцу Дзмітрыю ёсць справа да ўсяго — да выхавання дзяцей і моладзі, умацавання сем'яў, — сцвярджае старшыня Міханавіцкага сельвыканкама Святлана Давальцова.

У Міханавічах шмат моладзі, таму і вяселлі тут адбываюцца часта. Цяпер на тэрыторыі сельсавета пражывае 70 шматдзетных сем'яў, якія маюць трое і больш дзяцей, а ў самай вялікай — 9 выхаванцаў. На сёння 9 сем'яў, што жылі ў грамадзянскім шлюбе, афіцыйна зарэгістравалі свой саюз.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».