Вы тут

Вясковы дызайн на «Млыне моды»


«Мы з Рагіні, і ў нас свой тэатр моды!»

Гэтыя словы заснавальніца і кіраўніца тэатра моды Жанна Крывашэева кажа з сапраўдным гонарам — у тым ліку і за сваю вёску ў Буда-Кашалёўскім раёне.

Яна падкрэслівае і даказвае: геаграфічная аддаленасць ад сталіцы Беларусі яшчэ не азначае, што іх аграгарадок Рагінь знаходзіцца на перыферыі.

І гэта не проста гучныя словы. Вось ужо на працягу некалькіх гадоў вясковы дызайнер разам з юнымі мадэлямі ўпэўнена заваёўвае «Млын моды» — зноў і зноў разам з вучаніцамі трапляе на фінальныя паказы рэспубліканскага конкурсу фота і
моды. І неаднаразова ўжо станавілася прызёрам гэтага і іншых фэстаў.

— Мы на конкурсе былі адзінай сярэдняй школай і адзінай — з сельскай мясцовасці. Многія не вераць: няўжо сапраўды вясковая школа? Таму і назву нашага населенага пункта ўвесь час блытаюць... А нашаму школьнаму тэатру моды ўжо 8 гадоу. За гэты час школьніцы навучыліся не толькі карысным навыкам кройкі і шыцця. Некаторыя мараць самі стаць дызайнерамі адзення...

Калі на паперы, дык гэта завецца сціпла — «пазакласнае аб'яднанне па інтарэсах». А калі ў рэальнасці, —  пра Жанну Крывашэеву і яе тэатр ведае дакладна ўся Гомельшчына. Яе з навучэнкамі запрашаюць дэфіляваць на самых розных прэстыжных подыумах.

млын

I юных мадэляў гэта зусім не псуе. Звычайныя прыгожыя сціплыя дзяўчынкі, якія нават саромеюцца расказваць пра свае дасягненні. I няма ў настаўніка мэты вывесці школьніц у мадэлі сусветнага ўзроўню. А вось прывіць густ, навучыць прыгожа адзявацца і культурна сябе паводзіць — іншая справа. І на вёсцы гэта не менш патрэбна, чым у горадзе.

Між тым Жанна Пятроўна настаўніцай працоўнага навучання стала амаль выпадкова. Спачатку пасля заканчэння каледжа папрацавала закройшчыцай у мясцовым КБА. Але чагосьці для шчасця не хапала. Чаго дакладна, зразумела, калі прывяла малодшую сястру першы раз у першы клас.

— Я на «першым званку» так расчулілася, што вырашыла: пайду ў настаўнікі. Паступіла на завочнае аддзяленне ў Мазырскі педагагічны, вывучылася. Ну а потым — у кожнай школе пачалі праводзіць конкурсы «Міс». Трэба было рыхтавацца, паказваць візітоўку, дэфіле, касцюм... Калі мае вучаніцы першы раз выйшлі, зала абамлела, а потым — «узарвалася». Вось з гэтага ўсё пачалося, а потым — пайшло-паехала...

Так гурток «Умелыя рукі» і стаў ператварацца ў тэатр моды. Традыцыйна першыя касцюмы рабілі з усяго, што пад руку трапляла: з паперы, з цэлафану, з вінілавых кружэлак, з газет...

— Мы іх «шуршунчыкі» называлі — бо першыя калекцыі не шылі, а склейвалі. Усё было аднаразавае. Той вопыт даў нам вельмі шмат. Важна ж не толькі пашыць, але вынікам здзівіць! Апошнія гады робім адзенне, якое можна насіць. І цяпер нам раённы аддзел адукацыі сродкі выдзяляе — на тканіну, каб рабіць новыя калекцыі. Глядзіце, як усё якасна пашыта!

Да працэсу падбору тканін і фурнітуры даўно падключыліся не толькі вучні школы са 150-гадовай гісторыяй, але і настаўнікі. Ды і ўсе жыхары вёскі ведаюць: калі дзе які абрэзак заваляўся — тут, у школе, ён абавязкова спатрэбіцца.

— Вось гэтая тканіна да нас у школу прыйшла тады, калі яшчэ «гуманітарку» пасля Чарнобыльскай аварыі атрымлівалі. Яна вельмі доўга чакала свайго часу. А потым мы з яе зрабілі калекцыю «Дых байдых». Тут чукоцкія матывы пераплецены з беларускімі. Атрымалася такое незвычайнае адзенне з футрам. З ёю і занялі першае месца на рэспубліканскім конкурсе.

Калекцыі дзіцячага адзення ад Жанны Крывашэевай маюць сапраўдныя народныя карані. І няхай навеяныя яны не толькі беларускімі матывамі, але ж вельмі прыстасаваны да вясковага жыцця.

—  

Вазьміце «Печкіны дзеці» — тут увесь наш беларускі побыт, наша вёска... А потым вырашыла зрабіць нешта з буркамі. У нас на вёсцы іх многія носяць, а мне захацелася прыдумаць на аснове гэтага зручнага абутку нешта святочнае. Так і атрымалася калекцыя «Вышэй за сонца».

Жанна Пятроўна заўсёды думае не толькі пра асаблівасці крою. Ёй патрэбны вобраз і натхненне.

— 

Апошняя калекцыя — «Вясняначка» — пачалася з погляду на... дыван маёй свекрыві. Ён вельмі старажытны і зроблены з ужываннем тэхнікі «пэчварк». Я паглядзела і думаю — трэба і нам нешта такое паспрабаваць. Так мы і «даспрабаваліся» да фіналу «Млына моды».

Дарэчы, пры падрыхтоўцы калекцыі прадумваецца кожны аксесуар: не толькі сукенка ці спадніца, але і абутак, і сумачка, і прычоска, і музыка... Галоўнае, лічыць настаўніца, вобраз стварыць і ўкласці ў яго душу.

— Высокая мода робіцца для таго, каб паказаць, што ты можаш як дызайнер, а ўся іншая — для жыцця. Нам, безумоўна, далёка да высокай моды, але ж нашы сукенкі таксама выхоўваюць эстэтычны густ. Дарэчы, бабулькі з нашай вёскі вельмі радуюцца за сваіх прыгожа адзетых унучак! Яны могуць быць шакіраваны сучаснай вулічнай модай падлеткаў, а калі .. ■ бачаць тое, што робім мы, толькі захапляюцца.

У Жанны Пятроўны добры тыл. I дачка з сынам натхняюць натворчасць, і муж падтрымлівае дызайнерскія пошукі жонкі — возіць, калі трэба, на паказы мод. А ўжо што тычыцца вучаніц — тут пакаленне за пакаленнем ідуць за любімай настаўніцай следам. Прафесіі розныя выбіраюць, але ж амаль усе — звязаныя з прадметам, які яна ім выкладала. Крывашэева імі вельмі ганарыцца: швачкамі, закройшчыцамі, цырульніцамі, кухарамі, настаўніцамі... Нават калі дзяўчаткі набылі іншыя прафесіі, тое, чаму яны навучыліся на ўроках абслуговай працы, абавязкова спатрэбіцца ў жыцці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».