Вы тут

ПЕРШЫ ТОМ ПЕРШАДРУКАРА


У апошнія дні снежня ўрачыста падпісаны ў друк першы том факсімільнага выдання поўнага збору кніг Францыска Скарыны. Цягам бліжэйшых некалькіх гадоў свет пабачаць і іншыя працы нашага першадрукара і першавыдаўца.

Плануецца выпусціць факсімільнае выданне 25 кніг у 20 тамах, надрукаваных Скарынам у Празе і Вільні. У іх захаваюцца структура, змест, асаблівасці шрыфтоў і гравюры арыгінальных кніг, а таксама будуць перададзены асаблівасці, набытыя выданнямі за іх 500-гадовае існаванне. Усе тэксты будуць суправаджацца каментарыямі навукоўцаў, перакладамі прадмоў і пасляслоўяў на беларускую, рускую і англійскую мовы.

Першы намеснік міністра культуры Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ, які прысутнічаў на ўрачыстасці ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, адзначыў, што такім чынам ствараецца электронная бібліятэка выданняў першадрукара:

— Гэты праект уваходзіць у дзяржаўную праграму «Культура Беларусі» на 2011—2015 гады і прадугледжвае атрыманне па абмене або набыццё электронных копій усіх вядомых выданняў і рукапісных спісаў Францыска Скарыны, якія знаходзяцца ў сховішчах розных краін. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі ёсць толькі 10 арыгінальных пражскіх выданняў Бібліі нашага кнігавыдаўца. Увогуле ў свеце на сёння выяўлена каля 360 друкаваных асобнікаў выданняў Скарыны. Яны захоўваюцца ў бібліятэках і музеях Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Расіі і Украіны.

Адметна, што Францыск Скарына быў першадрукаром не толькі для беларусаў, але і для ўсіх усходніх славян. Большасць тых, хто пачынаў кнігавыданне пасля яго, спасылаліся на вопыт папярэдніка. Доктар гістарычных навук Рыгор ГАЛЕНЧАНКА заўважыў:

— Наша кнігадрукаванне з'явілася прыкладна на 50 гадоў раней, чым у Маскоўскім княстве, маюцца звесткі, што незадоўга да гэтага Скарына наведваў расійскую сталіцу. Ва Украі не ўласныя кнігі з'явіліся яшчэ пазней. Прычыну гэтага можна ўбачыць у тым, што ўзровень развіцця беларускіх земляў у складзе Вялікага Княства Літоўскага быў даволі высокім. XVI стагоддзе, параўноўваючы з антычнасцю, пісьменнікі называюць «залатым векам», адным з першых актыўных дзеячаў яго быў Францыск Скарына. За ім ішлі Сымон Будны, які спасылаўся і цытаваў пераклады папярэдніка, Васіль Цяпінскі таксама быў добра знаёмы з яго працамі. Скарыну можна лічыць першым рэнесансным дзеячам на Беларусі таму, што ён, свецкая асоба, адразу ўзяўся за самае сур'ёзнае і святое выданне — кніг Бібліі. Ён заклаў пачатак біблейскай пераемнасці, таксама апярэдзіўшы суседнія краі ны. Скарына ўспрымаецца намі і як дэмакрат, бо кнігі Пісання зрабіў даступнымі ўсім саслоўям.

Трэба дадаць, што ў 2017 годзе дзякуючы Скарыну ў Беларусі будзе адзначацца 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».