Вы тут

З авансам на будучыню


Прэзідэнцкі спартыўны клуб раздаў стыпендыі на 2014 год

1387402028410_19-52

Больш за 200 чалавек сярод перспектыўных спартсменаў, у тым ліку паралімпійцаў, і іх трэнераў атрымалі імянныя сертыфікаты. На агульным рахунку усіх стыпендыятаў у гэтым годзе больш за 100 узнагарод, заваяваных на самых прыстыжных юніёрскіх спаборніцтвах — ад чэмпіянатаў Еўропы і свету да алімпійскіх фестываляў моладзі.

Па словах намесніка цэнтральнага савета Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрыя Лукашэнкі, амаль палова стыпендыятаў пацвердзіла свае вынікі, атрымаўшы права на стыпендыю і на будучы год. Так, чэмпіёнка Еўропы сярод юніёраў у акадэмічнай грэблі Таццяна Клімовіч ужо чацвёрты год запар атрымлівае прэзідэнцкую стыпендыю. Дзяўчына адзначае, што гэта не толькі прыемны бонус да медалёў, але і адчувальная падтрымка, якая стымулюе яшчэ больш працаваць над сабой. «У наступным годзе мяне чакае пераход з юніёраў у катэгорыю «моладзь» — а гэта зусім іншы узровень. Прыйдзецца больш трэніравацца і больш часу праводзіць на зборах. Так што стыпендыя тут вельмі добра дапаможа».

А вось лёгкаатлет Станіслаў Дарагакупец упершыню апынуўся на падобным мерапрыемстве. «Пра тое, што стаў стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, даведаўся пасля перамогі на Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі, дзе выступаў на дыстанцыі 200 метраў, — распавёў дэбютант. — У гэтай жа дысцыпліне заваяваў «золата» на Еўразійскіх спартыўных гульнях. Безумоўна, прыемна, што мяне заўважылі і адзначылі стыпендыяй. Для маладых спартсменаў — гэта істотная дапамога». У наступным годзе Станіслаў спадзяецца трапіць на юнацкія Алімпійскія гульні ў кітайскім Нанкіне. А ўжо праз некалькі гадоў марыць паўтарыць алімпійскія подзвігі свайго куміра — ямайскага бегуна Усэйна Болта.

Павіншаваць юных спартсменаў прыйшлі міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, памочнік Прэзідэнта па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў, а таксама праслаўленая алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы Марына Лобач. Дарэчы, сярод стыпендыятаў былі і беларускія «грацыі» — Ганна Бажко, Крысціна Шэйда, Яўгенія Венска, Кацярына Далінкіна, Улада Зыранава і Крысціна Новікава. Сёлета беларускія «групавічкі» заваявалі сярэбраныя медалі на этапе Кубка свету ў Токіа. Яшчэ адно «серабро», у індывідуальным шматбор'і, на рахунку Ганны Бажко. Карацей, рэнамэ беларускай школы мастацкай гімнастыкі ў бяспецы.

Як адзначыў Дзмітрый Лукашэнка, юныя спартсмены пачнуць атрымліваць стыпендыі ўжо са студзеня 2014 года.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.