Вы тут

КАЛЯДЫ Ў ШВЕЦЫІ


Упершыню ў Швецыі я была ў 2010 годзе, калі Беларускі саюз журналістаў накіроўваў туды для стажыроўкі ў мясцовай рэгіянальнай газеце некалькі груп журналістаў-«раёншчыкаў», у адну з якіх пашчасціла патрапіць і мне. Ад той паездкі засталося шмат уражанняў. Пагадзіцеся, адна справа — знаёміцца з краінай з акна турыстычнага аўтобуса пад расповед экскурсавода ці з балкона атэля і зусім іншая — паглядзець на іх жыццё, што называецца, знутры.

1387257977684_17-16

Такія падобныя — і такія розныя

Гадзіна пералёту з Каўнаса ў Стакгольм — і я ў Швецыі. Якім жа было маё здзіўленне, калі не ўбачыла разнаколернасці агнёў. Так, усё вельмі прыгожа і з густам: у кожным акне ззяе ці калядная зорка, ці ёлачка-пірамідка з сямі ці дзевяці агеньчыкаў-свечак. У кожным двары зіхаціць убраная агнямі жывая ёлачка.

Але ўсё гэта — толькі аднаго, звычайна жоўтага, у крайнім выпадку — белага колеру. Ніякіх табе сіне-зялёна-чырвона-малінава-ружовых агеньчыкаў, ніякіх «спецэфектаў»!

Дарэчы, у шведаў ёсць выраз, які ў значнай ступені характарызуе іх, калі хочаце, стыль жыцця. На рускую мову ён перакладаецца прыкладна так «не вылучацца». Ні ў чым: ні ў адзенні, ні ў ладзе жыцця, ні ў аздабленні жытла...

...Назаўтра, загрузіўшы ў машыну калядныя падарункі і прысмакі, мы накіраваліся на поўнач, у горад Худзіксваль, які мясцовыя жыхары любоўна называюць «радасны Худзік» — менавіта там жыве сімпатычная жанчына Гертруда, у доме якой мы і збіраемся адзначыць «Раство па-шведску».

Ад Стакгольма да Худзіка — прыкладна 300 кіламетраў роўнай аўтастрады, якая, як страла, перасякае выцягнутую краіну з поўдня на поўнач (ці наадварот?). Імчыш па такой (хуткасць у 120 кіламетраў зусім не заўважаецца) і думаеш: як добра, што хоць бы правілы дарожнага руху і дарожныя знакі ва ўсіх краінах Еўропы прыкладна аднолькавыя: святлафор — ён паўсюль аднолькавы, і «зебра», і дарожная разметка, і ўказальнікі... І нават вадзіцелі, калі мінуць паліцэйскі патруль, міргаюць фарамі сустрэчным машынам гэтак жа, як нашы — хоць і далёка не ўсе (штраф за перавышэнне хуткасці ў Швецыі — 130 еўра).

За акном праносяцца амаль такія ж краявіды, што і ў Беларусі: гонкія сосны, разлапістыя елкі, беластволыя бярозкі. Сям-там яны перамяжаюцца невялікімі палеткамі па тры-пяць гектараў. Побач з палеткамі мільгаюць аднолькавыя, як блізняты, чырвоныя домікі з белымі налічнікамі. Вёсак амаль няма, усё гэта ў нашым разуменні — хутары, на якіх жывуць фермеры — гаспадары тых самых палеткаў ды навакольных лясоў. Але кожны дамок — прыдарожны і аддалены — ззяе каляднай зоркай і мігціць свечкамі.

Але пры ўсім падабенстве шведскія краявіды вельмі адрозніваюцца ад беларускіх. І не толькі палеткамі ды кандыцыянерамі на сельскіх дамах: уздоўж дарогі то злева, то справа ўзнікаюць сапраўдныя каменныя сцены, пакрытыя слоем глебы і расліннасцю. Счасаныя камяні — шэрыя, чорныя, ружовыя — выглядаюць вельмі прыгожа, і спачатку яны здаюцца мне ўпрыгажэннямі, элементамі дэкору.

— Ну што вы! — развенчваюць маю наіўнасць спадарожнікі. — Гэта было б вельмі дорага. Так Швецыю ўпрыгожыла сама прырода — гэта наступствы ледавіка.

Але тое, што для турыста — прыгажосць, для мясцовых жыхароў — вялікая нязручнасць і дадатковая праца. І колькі трэба было прыкласці намаганняў, каб у гэтых суцэльных скалах пабудаваць дарогі, дамы, каб расціць тут хлеб?! Сапраўды, шведы — вельмі працавіты народ. Як і мы, беларусы.

А вось адна з іх традыцыйных нацыянальных страў — катлеты (яны ў шведскім варыянце маленькія, велічынёй з грэцкі арэх, на порцыю — восем штук), толькі шведы падаюць да іх чамусьці яшчэ і бруснічнае варэнне — соус з бульбяным пюрэ, шчыра кажучы, на аматара. Не ўпэўнена, што беларускім мужчынам ён спадабаецца. А яшчэ — бруснічны морс, які прадаецца ў аўтаматах побач з «Колай», «Фантай» і «Спрайтам».

Пры ўсім гэтым падабенстве нашых дзвюх краін узровень жыцця ў нас абсалютна розны. Мы жывём не так, як шведы, можа таму, што яны нічога не разбуралі, а толькі будавалі ўвесь час свой капіталістычны сацыялізм? А можа таму, што ў сваёй халоднай Скандынавіі нікому асабліва не былі патрэбны. А па беларускіх землях увесь час хадзілі чужынцы — то з захаду на ўсход, то з усходу на захад...

У шведаў нацыянальны гонар — на ўзроўні падсвядомасці: нацыянальны сцяг развяваецца ці не на кожным балконе. Любяць яны і сваю краіну, і свой народ, і манархію, і прэм'ер-міністра з яго кабінетам — па-сапраўднаму любяць, хоць і крытыкуюць даволі часта. Напэўна, гэта і з'яўляецца адной з асноўных прычын іх поспехаў...

Раство па-шведску

Дом у Худзіксвалі, каля якога спыняецца наша машына, стаіць на ціхай вулачцы, побач з лесам — той пачынаецца літаральна за агароджай. Домік — традыцыйны шведскі: чырвоны з белым балкончыкам, налічнікамі, вушакамі...

Дом невялікі, драўляны, двухпавярховы, але вельмі зручны і ўтульны. У двары яшчэ адзін невялічкі, амаль што цацачны домік, але такі ж цёплы і ўтульны — для гасцей.

Ужо звыклыя калядныя зоркі на вокнах, вазоны, якія ў нас называюцца «калядная зорка». І — свечкі, свечкі, свечкі... Яны сустракаюць нас яшчэ на вуліцы, на сцяжынцы, што вядзе да дома, а таксама на ганку... і нават у снежнай гурбе! Свечкі ў самых розных падсвечніках: шкляных, драўляных, металічных, керамічных; падвесных і настольных; строгіх, традыцыйных і арыгінальных; вялізныя і «таблетачкамі»... Дзеля цікавасці хацела палічыць, колькі адначасова ў доме гарыць свечак, і вельмі хутка адмовілася ад гэтай задумы. Яны паўсюль — нават у ванным пакоі. У маім я налічыла іх пяць...

І пры гэтым на другім паверсе ў невялікім холе стаіць амаль што наш традыцыйны беларускі калаўрот — крыху іншай, праўда, канструкцыі, але ж прызначэнне і прынцып работы — тыя ж. У спалучэнні традыцый і неабходнага сучаснага камфорту, як я зразумела, і заключаецца стыль жыцця тыповай шведскай сям'і....

...Гертруда частуе нас з дарогі гарачым глінтвейнам і спецыяльнымі каляднымі пернікамі, якія крыху нагадваюць наша аўсянае пячэнне. Увогуле, як мне падалося, да Раства ў Швецыі выпускаюць усё спецыяльнае, каляднае, традыцыйнае, што ставіцца ў гэты дзень на стол з года ў год, з пакалення ў пакалення: хлеб, піва, квас, пернікі...

— Вы пацікаўцеся ў шведаў, ці ёсць у іх пост, вігілійная вячэра, — наказаў калега, даведаўшыся, што я планую сустракаць Раство ў шведскай сям'і.

Дык вось, як мне патлумачылі, посту ў нашым разуменні, калі забаронена ўжыванне мясных страў, у Швецыі няма. Тут вельмі вялікую сілу маюць менавіта традыцыі, а не рэлігія.

Увогуле святкаванне Раства адбываецца 24 снежня. Хоць яшчэ 23-га з вечара добры Тамтэ — шведскі Дзед Мароз — кладзе пад ёлку падарункі для ўсіх членаў сям'і, прычым па два: адзін — невялікі, другі — асноўны (што ж, у багатай краіне і Дзед Мароз багацейшы). А раніцай 24-га, адразу пасля снедання, усе збіраюцца каля ёлкі і дастаюць па адным невялікім падарунку — астатнія будуць ляжаць там да вечара (бедныя шведскія дзеці — ну як ім трываць цэлы дзень, калі і дарослых разбірае нецярпенне і цікаўнасць: што ж там?). Каб ніхто нічога не пераблытаў і не ўхапіў незнарок чужы падарунак, яны не толькі прыгожа ўпакаваны — да кожнага прымацавана спецыяльная паштоўка: каму і ад каго павінен даставіць пакунак Тамтэ.

...Вечарам сям'я і запрошаныя госці садзяцца за калядны стол. Спецыяльна для свайго калегі і іншых цікаўных падрабязна пералічваю, што на ім было: адмысловы калядны хлеб — чорны, кшталту нашага «Радніковага» (у звычайныя дні ў Швецыі, як я зразумела, аддаюць перавагу беламу, які чамусьці заўсёды застаецца свежым і мяккім). Калядныя пернікі, пра якія я ўжо гаварыла. Селядцы — ажно ў трох соусах. Вараная бульба — яна абавязкова павінна быць на святочным стале, як і спецыяльны салат з чырвоных буракоў, які падаюць, здаецца, толькі на Каляды. Катлеткі, пра якія я ўжо расказвала. Спецыяльная калядная вяндліна, а таксама цяляціна... Здаецца, нічога не забылася. Як бачыце, ніякага намёку на пост! І ніякіх нашых абавязковых дванаццаці страў, трох «гарачых»...

Наступная інфармацыя спецыяльна для мужчын: з напояў на стале — толькі калядны квас і такое ж піва. Ну як, будзем укараняць новыя традыцыі?

Праўда, пазней, пасля таго як з-пад ёлкі дасталі, распакавалі і ацанілі захопленымі ахамі і падзякамі падарункі і кампанія перацякла ў гасцёўню, на стале разам з фруктамі і шакаладам з'яўляецца віно. Толькі не варта чакаць, што вас, згодна з беларускай традыцыяй, будуць запрашаць выпіць да дна з дапамогай доўгіх пранікнёных тостаў і элементарнага прымусу... Тут кожны, каму хочацца віна, падыходзіць, налівае сабе столькі, колькі лічыць патрэбным, і п'е, расцягваючы асалоду. А тост там адзін: «Сколь!» — прыкладна тое ж, што наша «Будзем здаровыя!». Праўда, нашы шведскія сябры вельмі хутка асвоілі і беларускае «На здароўе!». А таксама словы «так» і «не». А я — «так», што па-шведску азначае «дзякуй». Так што адно аднаго мы ў асноўным разумелі — аказалася, што гэта не так і складана.

Пра іншыя ўражанні ад Швецыі, якіх назапасілася шмат, як-небудзь іншым разам. А пакуль — з надыходзячым!

Ніна РЫБІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».