Вы тут

Закрытыя сельскія школы вернуцца ў строй...


... каб прыняць на лета падлеткаў

«Увядзенне ўзроставых абмежаванняў на адпачынак у аздараўленчых летніках не зменшыла колькасці школьнікаў, якія аздараўліваліся падчас летніх канікул», — заявіў на сустрэчы з журналістамі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзь БАЛБАТОЎСКІ.

— У прыватнасці, падлеткі ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў мелі магчымасць адпачываць толькі ў профільных летніках або ў лагерах працы і адпачынку. І ў сувязі з гэтым была верагоднасць пачуць абвінавачанні ў тым, што падлеткаў абмяжоўваюць у рэалізацыі іх права на аздараўленне і адпачынак. Але адразу скажу, што гэта не адпавядае рэчаіснасці, — падкрэсліў ён.

За час летніх канікул у профільных летніках і лагерах працы і адпачынку прайшлі аздараўленне 32,5 тысячы падлеткаў. Для параўнання: у 2012 годзе — 28,8 тысячы падлеткаў.

— Нам удалося нарэшце спыніць негатыўную тэндэнцыю закрыцця стацыянарных летнікаў. У папярэднія гады штогод закрываліся па 20-25 летнікаў. А сёлета мы не страцілі ніводнага, — з задавальненнем адзначыў Генадзь Балбатоўскі. — Матэрыяльна-тэхнічная база стабілізавалася, і сёння мы маем па краіне 172 стацыянарныя лагеры на 32 тысячы ложка-месцаў.

Ва ўсіх рэгіёнах працавалі летнікі самай рознай накіраванасці: экалагічныя, біялагічныя, тэхнічныя, гісторыка-археалагічныя, сацыяльна-педагагічныя, лінгвістычныя; лагеры для актывістаў грамадскіх арганізацый, для высокаматываваных і адораных дзяцей, мастацкія, харэаграфічныя. Сярод профільных лагераў найбольшую колькасць дзяцей сёлета прыцягнулі спартыўна-аздараўленчыя лагеры, лагеры працы і адпачынку і турыстычна-краязнаўчыя лагеры.

Усяго па краіне працавала 716 лагераў працы і адпачынку, праз якія прайшлі 13,5 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў.

— Фактычна гэта быў пілотны праект, і рэгіёны не паспелі падрыхтаваць базу для адкрыцця для падлеткаў кругласутачных лагераў працы і адпачынку. Пэўныя праблемы ўзнікалі і з пошукам аб'ектаў, дзе падлеткі маглі б працаваць. Тым не менш у летніках з тэрмінам знаходжання 9 дзён заробкі падлеткаў вагаліся ад 94 тысяч да 1 млн 700 тысяч рублёў, а ў летніках, дзе дзеці працавалі і адпачывалі 18 дзён, заробак даходзіў нават да 2 млн 800 тысяч рублёў, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі. — Гэта нават больш, чым старшакласнікі атрымлівалі за работу ў складзе студэнцкіх атрадаў. Самыя высокія заробкі былі ў падлеткаў, якія працавалі на будоўлі падсобнымі рабочымі. Але нават на выкладцы тавараў у сталічных аб'ектах гандлю падлеткі змаглі зарабіць да 2 мільёнаў рублёў.

Налета практыка работы лагераў працы і адпачынку будзе пашырана. У Міністэрстве адукацыі лічаць, што трэба павялічваць колькасць летнікаў з працягласцю змены 18—21 дзень і паступова адмаўляцца ад 9-дзённых змен. Пералік аб'ектаў, дзе змогуць працаваць падлеткі, будзе фарміравацца на рэгіянальным узроўні, а патрэбы будуць пралічвацца, зыходзячы са спецыфікі рэгіёна: калі рэгіён — сельскагаспадарчы, то асноўнымі аб'ектамі стануць аграпрамысловыя арганізацыі, а калі рэгіён — прамысловы, то, безумоўна, для старэйшых школьнікаў знойдзецца работа на прамысловых прадпрыемствах.

— Пералік работ, якія могуць выконвацца падлеткамі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, павінен быць пашыраны. Напрыклад, у яго можна было б уключыць асобныя віды некваліфікаванай ручной працы на прамысловых прадпрыемствах. Мы ўжо ўнеслі ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны свае прапановы, — паведаміў намеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК. — да нас у міністэрства звярталіся прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, якія, даведаўшыся, што падлеткі працуюць на суседнім прадпрыемстве, таксама былі зусім не супраць забяспечыць іх «фронтам работ».

Так, таварыства «Камволь» гатова прапанаваць для працаўладкавання падлеткаў месцы чысцільшчыкаў тканін, работа якіх заключаецца ў ручным механічным ачышчэнні гатовых тканін ад нітак, смецця і інш. На зборачных прадпрыемствах, такіх як ААТ «Мотавела», захоўваюцца асобныя віды работ па нескладанай ручной зборцы дэталяў. Падлеткаў ва ўзросце 14-16 гадоў можна было б задзейнічаць у вырабе сувенірнай прадукцыі, у якасці адміністратараў сайтаў устаноў адукацыі або прамоўтараў пры правядзенні рэкламных акцый. Навучэнцы, якім ужо споўнілася 16 гадоў, у дадатак да ўсяго маглі б выконваць абавязкі лабаранта, сакратара (набіраць на камп'ютары тэксты дакументаў, прымаць тэлефонныя званкі і г.д), працаваць распаўсюджвальнікамі флаераў ці мерчандайзерамі.

Пакуль што дзейнічаюць паралельна два пералікі — пералік работ, дазволеных для выканання падлеткамі, і работ, да якіх падлеткі не дапускаюцца. З 2015 года мяркуецца пакінуць толькі адзін пералік — работ, якія не могуць выконвацца падлеткамі. Адпаведна ўсё, што не забаронена, будзе дазволена.

Таксама ў наступным годзе будзе павялічана колькасць лагераў працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем. Але за кошт чаго? Ігар Балбатоўскі сцвярджае, што яшчэ не ўвесь патэнцыял стацыянарных аздараўленчых летнікаў задзейнічаны: у асобных рэгіёнах, з-за малой колькасці дзіцячага насельніцтва летнікі працуюць не ў чатыры змены. Мяркуецца, што практычна ў кожным стацыянарным аздараўленчым летніку наступным летам будуць створаны ўмовы або для размяшчэння атрада, або для цэлай змены падлеткаў, якія будуць адпачываць і працаваць паралельна.

Яшчэ адзін рэзерв — гэта закрытыя з-за адсутнасці вучняў школы ў сельскай мясцовасці.

— У нас практычна ў кожным раёне ёсць пустыя будынкі пераважна пачатковых школ з добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай і харчблокам, дзе можна размясціць дзяцей, вытрымаўшы даволі жорсткія санітарна-гігіенічныя патрабаванні, — сцвярджае Віктар Якжык. — Падлеткі змогуць і працаваць, і адпачываць на прыродзе.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.