Вы тут

«Шчасце — не месца, куды можна прыйсці»


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена БЕРАСНЕВА падзялілася ўласным рэцэптам жыццярадаснасці і распавяла, як да яе трапіла ручка Васіля Быкава.

1386734872238_1

Сустрэліся з Аленай Берасневай пасля працоўнага дня ў трэнажорнай зале. «Прыходжу сюды, калі маю час», — вітае прыязнай усмешкай Алена Пятроўна і пачынае круціць педалі велатрэнажора. Быццам бы паскарае тэмп свайго жыцця, якое не так даўно кардынальна змянілася. Год таму вядомая на Гродзеншчыне журналістка вырашыла ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў. І перамагла ў няпростай барацьбе траіх мужчын. Сёння, прызналася, хоць часам і сумуе па рэдактарскай працы, але не шкадуе, што змяніла яе на дэпутацкую дзейнасць.

Пра мыс Шміта, хакей і вершы Вадзіма Дзевятоўскага

Прызвычайвацца да новага — для мяне звыклая справа (усміхаецца). Мой тата быў афіцэрам, таму мы пераязджалі з месца на месца. Было цяжка развітвацца з сябрамі і... любімымі кнігамі. Калі пакавалі рэчы, часам даводзілася пакідаць тое, што не змяшчалася ў кантэйнер. На мысе Шміта, а затым у Ніжніх Крастах, адкуль можна было вылецець толькі самалётам, пакінулі наогул усё...

Настойлівасць у дасягненні мэты мне дапамагаў развіваць былы губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Шапіра. Часам паказваў, як гэта робяць іншыя. Запрашаў разам з кіраўнікамі розных прадпрыемстваў і работнікамі аблвыканкама на хакейныя матчы. «Хварэлі», вядома, за гродзенскую каманду «Нёман» і вельмі радаваліся, калі нашы перамагалі. Ды я і сама, калі шчыра, не люблю прайграваць.

Раней лічыла, што для публічнага чалавека галоўнае — дух, душа і духоўнасць. І менавіта гэта развівала ў сабе. Цяпер жа адчула, што і ўласнае здароўе — не асабістая справа палітыка, а грамадскі рэсурс.

Паважаю Вадзіма Дзевятоўскага не толькі як алімпійскага чэмпіёна і свайго калегу-дэпутата, але і як вельмі крэатыўнага чалавека. Аднойчы мы з ім удзельнічалі ў радыёпраграме, якая ішла ў прамым эфіры. Потым Вадзім запрасіў папіць кавы. За кавай ён мне прызнаўся, што піша вершы. У кожным з іх — глыбокія перажыванні. У Вадзіма ёсць нават верш пра журналіста, дакладней, пра свае ўражанні ад інтэрв'ю. Цікава, што не толькі мае былыя калегі пішуць пра вядомага спартсмена, але і ён — пра іх. У сваім парламенцкім жыцці я сустрэла і іншых вельмі яркіх і разумных людзей. Надзейных, якія ўмеюць падставіць плячо.

1386734875205_2

Пра нямецкую мову, знакамітасць і сына Васіля Быкава

У дзяцінстве пра журналістыку я не марыла. Вельмі хацела быць перакладчыцай. У школе настаўнікам нямецкай мовы ў нас быў дырэктар Аляксандр Пятровіч Шчурскі. Час ад часу яго тэрмінова выклікалі, і ён прасіў мяне працягнуць урок. Я гэта рабіла з задавальненнем. Але перад паступленнем даведалася, што ў Маскоўскім інстытуце замежных моў на перакладчыцкі факультэт набіраюць толькі хлопцаў...

Аднойчы тата прапанаваў мне ісці вучыцца на журналіста. Можа, пажартаваў тады, а можа, нешта і прадбачыў, калі сказаў: «Будзеш знакамітай!». Гэтым мяне і купіў (смяецца).

Рэдактарам «Гродзенскай праўды» я стала ў крызісны для газеты час. Калектыў вельмі хацеў перамен, але спачатку мы з цяжкасцю знаходзілі паразуменне. І тады я падумала: трэба даведацца, што адбывалася тут да мяне. Пачала гартаць газетныя падшыўкі і ўбачыла ўсё: і прычыну праблем, і шмат яркіх старонак. Так, у «Гродзенскай праўдзе» пачыналі свой творчы шлях многія знакамітыя журналісты і пісьменнікі, у тым ліку Васіль Быкаў, Алесь Карпюк, Міхась Васілёк, Андрэй Колас, Аляксандр Чарняк, Аляксандр Акулік... У кабінетах і падвале мы знайшлі цікавыя рэчы: сцяг, даваенныя працоўныя кніжкі і пасведчанні, унікальныя чорна-белыя фотаздымкі, дзённікі. І тады я зразумела, што трэба стварыць у Гродне музей журналістыкі, інакш усё з часам згубіцца.

Сын Васіля Быкава, таксама Васіль, даведаўся пра музей і падарыў нам бацькаву ручку. Хто ведае, магчыма, менавіта ёй аўтар «Сотнікава», калі працаваў у рэдакцыі, не шкадуючы, падпісваў паштоўкі ды кнігі, якія перадалі музею былыя супрацоўнікі газеты. А старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец аддаў рэдакцыі аб'ёмную папку копій перапіскі з Васілём Быкавым. Сярод цікавых экспанатаў — і ліст Алесю Карпюку ад Валянціны Церашковай.

Не ацэньваю фемінізацыю нашай прафесіі як адмоўны факт. Бо, калі я працавала рэдактарам «Гродзенскай праўды», у газеце быў пераважна жаночы калектыў. Жанчыны — усе, як адна, не толькі таленавітыя, але і адказныя. Яны ні разу мяне не падвялі. Магчыма, таму, што я нічога не прымушала іх рабіць супраць волі. Бо па сабе ведаю, што пад прымусам дрэнна справа робіцца. А вось калі папросяць і я адчую, што лепш за мяне ніхто гэта не зробіць, то зусім іншая справа...

1386734877210_3

Пра сатаністаў, трох прэзідэнтаў і гуляючага «трэнера»

Журналіст — прафесія, звязаная з рызыкай. У тыя гады, калі я толькі пачынала працаваць, у сярэднім у свеце працягласць жыцця журналіста складала 45 гадоў. Праца ў «гарачых кропках», пастаянныя стрэсы. Але і сёння ў нашай прафесіі без стрэсу не абыходзіцца.

Аднойчы пісала пра сатаністаў, якія пераварочвалі і ламалі крыжы на могілках. Начальнік крымінальнага вышуку быў маім сябрам і дазволіў папрысутнічаць на допыце. У той дзень, калі выйшаў артыкул, сатаністы прыйшлі ў рэдакцыю «разбірацца». Аказалася, што адзін з іх жыў са мной у суседнім доме. А ў мяне якраз было маленькае дзіця... Пасля журналісцкага расследавання «Уваходзячы ў царкву, здымаюць капялюш, а не галаву», кіраўнікі дзвюх дэструктыўных сектаў пераўтварылі маё жыццё ў кашмар. А пасля артыкула «Гестапа ў гасцініцы» настойліва прапаноўвалі «пагаварыць» прадстаўнікі бандыцкай групоўкі. Я была смелым журналістам. Цяпер, калі стала выкладаць у інстытуце журналістыкі БДУ, разумею, што маладым журналістам трэба прывіваць псіхаэмацыянальную ўстойлівасць.

Мая дачка працуе ў Маскве на тэлеканале Саюзнай дзяржавы. Не паспела яна туды ўладкавацца, як яе акрэдытавалі на сустрэчу, у якой удзельнічалі адразу тры прэзідэнты — Беларусі, Расіі і Казахстана. У самы адказны момант у камеры выйшла са строю гукавая дарожка, таму прыйшлося пісаць усё на дыктафон. Вось вам яшчэ адна стрэсавая сітуацыя.

Калі газета будзе салодкай, як цукерка, або зусім не будзе мець смаку, людзі перастануць яе чытаць. Таму я — за крытыку. Але не за крытыку дзеля крытыкі, а абгрунтаваную. Я была не проста рэдактарам, а гуляючым «трэнерам». Самыя складаная крытычныя матэрыялы брала заўсёды на сябе. Старалася ўказваць мясцовай уладзе на вузкія месцы. Але мая крытыка заўсёды была праверанай. З аднаго раёна да нас прыходзілі скарга за скаргай. Я з'ездзіла на месца, пераканалася, што яны небеспадстаўныя. Неўзабаве выйшаў артыкул, які я скончыла прыблізна так: «Калі становішча не зменіцца, не выключаю, што ў вышэйшым эшалоне ўлады раёна могуць быць кадравыя змены». У хуткім часе так і адбылося.

Пра матушку Гаўрыілу, здраду і надзейныя рукі

Наша гутарка працягнулася ў кабінеце. «Гарбаты? Кавы?» — цікавіцца Алена Пятроўна. ...Праз некалькі хвілін мы ўладкоўваемся на мяккай канапе і разглядаем фотаздымкі з жыцця «да парламента». «Вось тут я ў Палацы Рэспублікі атрымліваю чарговую «Залатую літару». А вось Мітрапаліт Філарэт уручае мне медаль Святой Прападобнай Еўфрасінні Полацкай...»

Вельмі люблю прыходзіць у Свята-Раства-Багародзічны жаночы манастыр у Гродне. Ён знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Якая там цішыня! Першым на гэта звярнуў увагу былы губернатар Аляксандр Іосіфавіч Дубко. Ён прыходзіў туды гэтай самай цішынёй... дыхаць.

Асабліва цёплае, даверлівае стаўленне ў мяне да ігуменні Гаўрыілы. Матушка летась атрымала прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». У той час, калі яна выходзіла на сцэну, апошнія гадзіны дажывала яе ўласная матуля. Я ведала аб гэтым і была побач з ігуменняй. Ведаю, матушка зрабіла б тое ж самае: калі на сэрцы цяжка, яна запрашае да сябе. Заварвае незвычайна смачную гарбату, і мы размаўляем. Такія хвіліны, паверце, дарагога каштуюць.

Я вельмі рада, што разам з матушкай Гаўрыілай і актывісткамі Беларускага саюза жанчын Надзеяй Ермаковай і Марыяй Біруковой была ў ліку тых, хто адраджаў у Беларусі сямейнае свята — свята Пятра і Фяўронні. Прыгожая гісторыя кахання мурамскага князя і сялянкі, якія пражылі шчаслівае жыццё і памерлі ў адзін дзень, можа стаць узорам для пераймання парам, якія плануюць пабрацца шлюбам. Сапраўднае каханне не можа быць эгаістычным, сапраўднае каханне — ахвярнае. А ўзаемная вернасць мужа і жонкі — паняцце святое. Тут варта прыгадаць эпізод з легенды, калі Пётр і Фяўроння плылі па рацэ. А ў суседняй лодцы мужчына, хоць побач з ім сядзела яго жонка, пачаў заглядвацца на княгіню. Фяўроння вырашыла яго правучыць і кажа: «Зачарпні вады з левага боку лодкі і з правага — і адпі. Ці аднолькавая вада?» — «Аднолькавая, спадарыня.» — «Вось і жаночая існасць аднолькавая». Так проста і даступна Фяўроння растлумачыла непатрэбнасць і бязглуздасць здрады.

Муж мой таксама, як і я, усё жыццё будаваў сваю кар'еру. Таму ў гэтым плане ў нас узаемапаразуменне. Праўда, гэта цяпер прасцей. А раней, калі дачка была маленькая, без бацькоў мы наўрад ці справіліся б. Яны заўсёды нам дапамагалі. У дэкрэтным водпуску я была ўсяго 1,5 года. Затым аддала дачку ў садок. Там працавала мая мама, таму я ведала, што дачка ў надзейных руках. Мама і зараз імкнецца мяне апякаць. Хоць я ўжо дарослая цётачка (усміхаецца). Але я цаню гэты клопат і стараюся не хваляваць бацькоў, бо разумею, што мы застаёмся дзецьмі, пакуль жывыя нашы бацькі.

1386734880431_4

Пра Бетховена, джынсы і «крутую» масквічку

У музычнай школе я любіла іграць Бетховена «Да Элізы». Дзесяцісекундны ўрывак з гэтага твора падчас пленарных пасяджэнняў гучыць у Авальнай зале. Пад гэтую музыку ідзе галасаванне.

Працоўная кніжка ў мяне з'явілася ў 16 гадоў. Я скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, і мама ўладкавала мяне папрацаваць летам музычным кіраўніком у вясковы дзіцячы садок. Мне там так спадабалася, што я ўмудралася сумяшчаць працу з вучобай у дзясятым класе. Школу я скончыла з залатым медалём. Пра тое, што я адначасова вучуся і працую, мае настаўнікі нават і не здагадваліся.

Апошнім часам я палюбіла адзіноту. Калі разумееш, што ты цікавы сабе, зусім не цяжка пабыць сам-насам са сваімі думкамі. Калі адчуваю лёгкае засмучэнне, іду туды, дзе шмат людзей (у тэатр, на выставу), гуляю па Мінску, часам заходжу ў якую-небудзь краму і штосьці набываю.

Ёсць некалькі месцаў, дзе я набываю адзенне. Там ведаюць мой густ, прапаноўваюць тое, што мне трэба. І я не губляю час упустую. Раней, калі жыла ў Гродне, у мяне нават быў свой стыліст. Сёння ж маім іміджам займаецца мой памочнік Надзея Сакалова. Яна шмат гадоў працавала на тэлебачанні і падказвае, як правільна зрабіць, каб спалучаліся і душа, і думкі, і адзенне.

Імкненне добра выглядаць — гэта ў мяне з дзяцінства. Я, нягледзячы на ўзрост, люблю моладзевы стыль. Але праца ў парламенце патрабуе выключна дзелавога. Джынсавыя касцюмы і лёгкія сукенкі я нашу ў паўсядзённым жыцці, каб не адрознівацца ад іншых людзей. Гэта, да слова, мой галоўны прынцып.

Карыстаюся грамадскім транспартам і ніколі не набываю квіткі ў дэпутацкай касе. Аднойчы са мной у цягніку ехала «крутая» масквічка. Калі яна набывала каву, правадніца неяк да слова сказала, хто я. Адносіны жанчыны да мяне сталі падкрэслена ветлівымі... А мне так хацелася працягнуць цікавую гутарку, якая часам завязваецца паміж выпадковымі спадарожнікамі.

Пра псіхалагічна старых, брытанскага афіцэра і манну нябесную

Жыццё — гэта займальнае падарожжа. Калі ў чалавека няма мары, мэты, планаў, калі ён сёння робіць так, як рабіў учора, і гэта яго цалкам задавальняе, — ён ператвараецца ў псіхалагічна старога. І ніхто яму не можа дапамагчы, акрамя яго самога.

Графа «ваеннаабавязаная» дапамагла мне патрапіць на НАТАўскую інспекцыю айчыннай авіябазы. Стала ваеннаабавязанай дзякуючы вучобе на ваеннай кафедры ва ўніверсітэце. Акрэдытацыю мне зрабіў камандзір вайсковай частцы, які мяне паважаў як журналіста. Тады ўпершыню ўбачыла грозную баявую зброю, трапіла ў кабіну баявога МІГа і ўзяла інтэрв'ю ў маёра ВПС Вялікабрытаніі. У той дзень на мяне звярнулі ўвагу ўсе, бо на аэрадроме я была адзінай жанчынай. Маю ж увагу зачапіў брытанскі афіцэр, які стаяў на вышцы непадалёку і назіраў за авіяшоу. Лётчык выглядаў вельмі напружаным і пазней прызнаўся, што не хацеў бы сустрэцца ў баі ні з такімі самалётамі, ні з беларускімі асамі, якія былі за штурваламі. Няхай будзе мір ва ўсім свеце, падумалі і я, і ён...

Шчасце — не месца, куды можна прыйсці. Калі б гэта было так, то людзі не супакоіліся б, пакуль не выпыталі адно ў аднаго, дзе яно знаходзіцца. Шчасце — гэта стан, які не трэба чакаць як манны нябеснай. Да яго трэба імкнуцца, шукаць у сабе, пастарацца ствараць, адкрываць. Яно абавязкова здараецца, калі проста робіш добрыя справы і пры гэтым не чакаеш нічога ўзамен.

Асабістымі марамі дзяліцца не буду. Бо, як кажуць, хочаш рассмяшыць Бога — раскажы яму аб сваіх планах. А вось грамадска значнымі — іншая справа. Зараз шукаю інвестараў для рэалізацыі праекта аднаўлення гістарычнага цэнтра Гродна, праводжу дабрачынныя акцыі ў сваёй акрузе, працую над выкананнем сваіх перадвыбарных абяцанняў. На гэта накіравана ўся мая энергія.

Надзея ДРЫЛА.
Фота Надзеі БУЖАН.


 Усе матэрыялы праекта "Сустрэча без абцасаў"

2012 год 

Жанна РАМАНОВІЧ, старшыня Камітэта па працы, занятасці  і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама: "Я ніколі не была карміліцай у сям'і"

Жанна БІРЫЧ, віцэ-мэр Мінска: «Я дагэтуль прыношу дадому каштаны»

Ганна  ГАРЧАКОВА, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса: "Кожны раз плачу, калі паміраюць дзеці"

Людміла ГУЦЬКО, дырэктар цэнтра для дарослых з абмежаваннямі “Востраў надзеі”:  "Два крыжы на адну сям'ю не даюцца"

Наталля ПАСПЕЛАВА, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення: «Пастаянна адчуваю сябе цяжарнай»

Надзея КАТКАВЕЦ, намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта: «Калі выйду на пенсію, пайду экскурсаводам у музей»

Таццяна БАНДАРЧУК, экс-дырэктар Белдзяржцырка: "У мяне атрымліваецца "аЦЫРКачваць"

Іна МАЛІНОЎСКАЯ, дырэктар фабрыкі “Світанак”: "У маёй працоўнай кніжцы адзін запіс — "Світанак"

2013 год

Вольга МЫЧКО, галоўны ўрач “Бальніцы паліятыўнага догляду “Хоспіс”: "Трэба жыць, а не дажываць"

Людміла ТАЛМАЧОВА, дырэктар Жодзінскай жаночай гімназіі: "Выходзіць замуж трэба па каханні!"

Святлана ГЕРАСІМОВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні: «Аптымізм найлепш спрыяе ва ўсіх справах»

Людміла ШЧАСЛІВЕНКА, намеснік дырэктара новасібірскага  Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра імя Еўфрасінні Полацкай

Наталля НАВАЖЫЛАВА, дырэктар фітнэс-цэнтра “Багіра”: "Лянівыя старэюць раней!"

Валянціна ВАЙЦЯШОНАК, дырэктар ААТ “Заслаўе-тур”: "З такім сынам я не мела права быць слабай"

Алена ЖДАНОВІЧ, кіраўніца адвакацкага бюро “Права і сямейная медыяцыя”: "Шлюбныя адносіны спыняюцца — бацькоўскія застаюцца"

Валерыя КЛІЦУНОВА, старшыня праўлення ГА “Адпачынак у вёсцы”: "Сябры казалі: "Лера, знімі ружовыя акуляры!"

Настасся УНУЧАК, дырэктар цэнтра лазернай карэкцыі зроку “Оптымед”: «У жыцці вельмі важна дачакацца свайго чалавека»

Ірына КАБАСАКАЛ: «Я люблю, каб усё было так, як я люблю»

Алена БЕРАСНЕВА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу: «Шчасце — не месца, куды можна прыйсці»

2014 год

Свят­ла­на ЗЭРЭ, кі­раў­ні­ца пар­та­ла LADY.TUT.BY: «Не чакайце прынца, ляпіце з сябе прынцэсу»

Люд­мі­ла ХМЯЛЬНІЦКАЯ, дырэктар музея М.Шагала: «Так захапiлася Шагалам, што за­та­пі­ла су­се­дзяў…»

Ірына ДАЎГАЛА, галоўны ідэолаг Гомельскай вобласці. Жанчына-афарызм, або Спя­шай­це­ся па­спець ска­заць «дзя­куй»

Але­на ТРОІЦКАЯ, ды­рэк­тар На­цы­я­наль­най шко­лы пры­га­жос­ці:
«Навучыся танцаваць, а астатняму жыццё навучыць»

2015 год

На­дзея ЕР­МА­КО­ВА, экс-кі­раў­нік На­цы­я­наль­на­га бан­ка: «Нічога ў жыцці мне не давалася проста»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».