Вы тут

«Вось табе і кулік, або З вялікіх банкетаў галодныя дахаты прыязджаюць»


«Звязда» распачынае новую рубрыку — «Байкі кухмістра Верашчакі», у якой пра гісторыю і культуру нашых продкаў — шляхты і сялян, праваслаўных і католікаў, духоўных і свецкіх людзей — будзе распавядацца праз даўнія кулінарныя і калякулінарныя байкі, легенды, анекдоты. Іх сабраў для нас вядомы даследчык беларускай старадаўняй кухні. Аднак яго імя мы пакінем у сакрэце.

Ежа заўжды займала і будзе займаць шмат месца ў жыцці чалавека, і не толькі ўласна спажыванне і прыгатаванне ежы, але і шматлікія сямейныя і таварыскія звычаі, рытуалы, забабоны, павер'і, кур'ёзы, якія спадарожнічаюць гатаванню і бяседзе. Памяць пра ўсё гэта — важны элемент культуры любой нацыі. Сучасныя беларусы кепска ведаюць гэты пласт культуры, і, спадзяёмся, будзе не лішнім пра яго нагадаць.

Нашым віртуальным гідам у мінуўшчыну будзе кухмістр Яго Вялікасці Станіслаў Верашчака. Кажуць, што кухмістр смачна і дасціпна карміў апошніх каралёў Рэчы Паспалітай, і між іншым, вынайшаў славутую цяпер страву — верашчаку, названую ў яго гонар. А ўжо колькі ён ведае розных смешных і павучальных баек і прыпавесцяў з нашай гастранамічнай гісторыі — то мусіць, не мае ў гэтым сабе роўных!

Куліг — кавалькада з запрэжаных саней, якія часта мелі дзіўную форму (напрыклад, у выглядзе лебядзінай галавы з выцягнутай шыяй або тулава мядзведзя), і вершнікаў з запаленымі паходнямі. Такім маляўнічым і шумным чынам даўней, у ХVІІ — ХІХ стагоддзях, шляхта адзначала Божае Нараджэнне і іншыя зімовыя святы (аж да самага Папяльца, з якога пачынаўся Вялікі пост), вандруючы ад аднаго маёнтка да наступнага. І ў кожным маёнтку ладзілася неўтаймаванае баляванне з музыкай, танцамі, гульнямі, раскладзенымі проста ў двары вогнішчамі, дзе смажылі «канфіскаванае» ў гаспадароў птаства і жывёлу. Калі ў адным доме гаспадароў аб'ядалі дачыста, іх забіралі з сабой і ехалі ў наступнае месца. Так куліг паступова разрастаўся, як снежны ком, і забавы рабіліся ўсё больш гарэзлівымі і свавольнымі.

1386650368622_10-23

Дагэтуль гісторыкі спрачаюцца, адкуль паходзіць польскае слова kulіg: ці то ад ад слова «кола», ці то ад «кулі» — крывой ляскі, або жазла, які перадавалі ад аднаго маёнтка да іншага, як эстафетную палачку. У любым выпадку, беларуская і літоўская шляхта часам не да канца разумела гэтае слова, як відаць з гэтай даўняй беларускай гумарэскі, дзе яго блытаюць з птушкай куліком. А наколькі добра ўдавалася пад'есці і павесяліцца некаторым удзельнікам куліга — залежала, відаць, ад іх спрыту.

У Літве і асабліва на Русі ў той час, калі ўжо ўсё з поля збяруць, жыта пасеюць і птушкі кулікі лятаюць над нівамі, дык мае шляхта звычай ездзіць гуртам ад двара да двара, ад хаты да хаты, цешыцца і час весела бавіць. Называюць яны гэты час куліком, кажучы: «Паядзім куліка!».

Дык вось, аднае матулі сын паехаў сабе з сябрамі да знаёмага і, забавіўшыся там дзён колькі ў прыемных пацехах, вярнуўся да маці.

Пытаецца ў яго маці:

— Дзе ж ты, маё дзіцятка, да гэтага часу бавіўся?

Ён расказаў матулі ўсю праўду.

— А сёння дзе ты быў? — кажа маці.

Адказвае:

— Быў там і там.

— А ці еў ты?

— Сёння мой кулік няўдалы быў. Еў стравы, гатаваныя кепска па-венгерску.

Тут матуля засмяялася і сказала:

— Маё дзіцятка, растлумач мне, што такое «кепска па-венгерску»? Бо я гэтага не ведаю.

Пытаецца далей, што там былі за стравы. Аж ён апавядае:

— Першая была страва, якую людзі ядуць, а свінні не. Другая страва такая, што свінні ядуць, а людзі не. А трэцяя такая, што ні людзі, ні свінні не ядуць, а толькі сабакі.

Маці, яшчэ больш зацікавіўшыся, пытаецца:

— Маё дзіцятка, раскажы мне, што гэта за страва, якую «людзі ядуць, а свінні не»?

— Гэта быў нямецкі гарох, альбо шабельбон.

— А што за другая страва, якую «свінні ядуць, а людзі не»?

— Гэта капуста, не кіслая, не прэсная, не салёная, не вараная, а толькі распараная, без усялякага смаку, якую я, адну лыжку ўзяўшы, жаваў-жаваў, але, глынуць не могучы, пад стол выплюнуў.

— А што за трэцяя страва, якую «ні людзі, ні свінні не ядуць, а толькі сабакі»?

— От, вашэць матка дабрадзейка, у тым доме для кулікоў спяклі цэлага індыка. Але іншыя панове кулікі да таго дому прыехалі, нас апярэдзіўшы, ды таго індыка так добра аб'елі, што адны толькі косці засталіся. Мы як на тыя косці глянулі, то кожны з нас і нож, і відэлец паклаў.

Маці, чуючы такое, ледзь ад смеху не лопнула:

— То ты, маё дзіцятка, можа, есці хочаш?

— Вядома, — кажа ён, — вашэць матка дабрадзейка, я да васпані дабрадзейкі і прыехаў куліка закончыць.

— Ну, то ёсць у мяне ў шафе смажаніна, еш яе халоднаю альбо загадай зразы прыгатаваць.

— Добра, матка мая дабрадзейка. Калі ўжо няма ні куліка, ні індыка, з'ем жа я кавалак і быка.

Кухмістр Верашчака

 

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.