Вы тут

«Дняпро» захаваў месца ў вышэйшай лізе


Цяжкая вікторыя нашага баскетбольнага флагмана, паражэнне хакейнага «Дынама» і першая перамога валейбольнага «Шахцёра» ў адкрытым першынстве Расіі. «Звязда» прыгадвае самыя цікавыя падзеі ў айчынным спорце за апошнія дні.

1386650345639_10-7

1. Але спачатку пра футбол. Магілёўскі «Дняпро» захаваў прапіску ў вышэйшай лізе. Нагадаем, што па выніках турніру магілёўцы занялі перадапошнюю пазіцыю, а таму месца пад сонцам давялося адстойваць у двухматчавым супрацьстаянні з «Гарадзеяй», другім клубам першай лігі. Малодшыя па ранжыру прадэманстравалі характар і ў пэўныя моманты выглядалі не горш за вядомага саперніка. Першы паядынак завяршыўся перамогай каманды з усходу (3:1). Пры гэтым «цукровая дружына» не рэалізавала пенальці. Другі завяршыўся нічыёй (0:0). «Усе бачылі, што і мы, напэўна, былі вартыя выхаду ў вышэйшую лігу, — прызнаўся пасля гульні Андрэй Кіпра, галоўны трэнер «Гарадзеі». — Я лічу, каманда змагалася на роўных з прадстаўніком вышэйшай лігі».

2. У чарговым матчы Еўрачэленджа «Цмокі-Мінск» у напружанай барацьбе перайгралі румынскі «Тыргу-Мурэш» (84:82). Беларусы маюць на сваім рахунку 7 балаў і працягваюць барацьбу за выхад у плэй-оф еўракубка. А вось у Адзінай лізе ВТБ беларусы саступілі «Трыумфу» з Люберцаў (71:80) і пакуль знаходзяцца на трэцяй пазіцыі падгрупы B.

3. Парадаваў аматараў валейбола салігорскі «Шахцёр». «Гарнякі» ў гэтым сезоне атрымалі першую перамогу ў адкрытым чэмпіянаце Расіі. Салігорцы ўпэўнена на сваёй пляцоўцы перамаглі каманду «Грозны» — 3:0. Пасля пяці тураў айчынны клуб займае 11-е месца з 16 удзельнікаў чэмпіянату Расіі.

4. Таццяна Драздоўская перамагла ў Мельбурне ў этапе Кубка свету па парусным спорце. З дзесяці гонак у класе «Лазер-Радыял» беларуская яхтсменка шэсць разоў станавілася першай. Нагадаем, што Таццяна з'яўляецца сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы-2012 і ўдзельніцай чатырох Алімпійскіх гульняў.

5. На выхадных адбыліся першыя эстафетныя гонкі ў сезоне па біятлоне. Праўда, аўстрыйскі Хахфільцэн не ўзняў беларусак на п'едэстал. Першае месца заняла жаночая каманда Украіны. Нашы біятланісткі размясціліся на сёмай пазіцыі. Але ж не было б і гэтага, калі не б Дар'я Домрачава, якая на сваім этапе перагнала некалькіх біятланістак. Пасля выдатнага старту Надзеі Скардзіна, якая эстафету перадавала першай сярод удзельніц, Людміла Калінчык і Настасся Дубарэзава «прынеслі» Домрачавай адставанне ад лідара амаль у дзве хвіліны... У спрынце Домрачава прыйшла на фініш 36-й, а ў гонцы пераследавання — 11-й.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.