Вы тут

Работнiкам дашкольнай адукацыi паднiмуць заробкi


Павышэнне заробкаў у сiстэме дашкольнай адукацыi можа адбыцца ўжо з 1 студзеня 2014 года. Пра гэта ў сваiм выступленнi перад педагогамi на пленуме Цэнтральнага камiтэта Беларускага прафесiйнага саюза работнiкаў адукацыi i навукi паведамiў мiнiстр адукацыi Сяргей МАСКЕВIЧ.

Нагадаем, што з 1 лiпеня гэтага года тарыфныя стаўкi выхавальнiкаў былi павышаны на 25%, а памочнiкаў выхавальнiкаў — на 10%, што прывяло да росту рэальных заробкаў выхавальнiкаў у сярэднiм толькi на 12-13% (да 2,6-2,7 млн рублёў), а памочнiкаў выхавальнiкаў — на 7% (да 1,5 млн рублёў). Такiм чынам, заработная плата выхавальнiкаў i памочнiкаў выхавальнiкаў па-ранейшаму застаецца зусiм невысокай, а па астатнiх катэгорыях работнiкаў дашкольных устаноў яна ўвогуле не пераглядалася. Нядзiўна, што сiстэма дашкольнай адукацыi сутыкнулася з вострым дэфiцытам кадраў. Асаблiва актуальная гэта праблема для Мiнска: у дашкольных установах сталiцы сёння налiчваюцца 973 вакансii выхавальнiкаў, 1190 вакансiй памочнiкаў выхавальнiкаў i 365 вакансiй кухараў.

Сяргей Маскевiч падкрэслiў, што запланаванае павышэнне заробкаў закране ўсе катэгорыi работнiкаў дашкольных устаноў. Ён таксама паведамiў, што цяпер разглядаецца пытанне аб павышэннi заработнай платы настаўнiкаў i педагогаў дадатковай адукацыi i паабяцаў, што памер надбавак за квалiфiкацыйныя катэгорыi будзе ў наступным годзе перагледжаны, а рознiца ў надбаўках за першую, другую i вышэйшую квалiфiкацыйную катэгорыю стане больш iстотнай, каб матываваць педагогаў да прафесiйнага развiцця i, адпаведна, якасцi iх работы:

— Я ведаю, што новая Iнструкцыя аб атэстацыi педагагiчных работнiкаў выклiкае ў педагогаў шмат пытанняў. Работа над ёй вялася на працягу двух гадоў, узгаднялася з усiмi зацiкаўленымi бакамi, але пазбегнуць пэўных пралiкаў усё роўна не ўдалося. За год, што дзейнiчае Iнструкцыя, стала зразумела, што i дзе трэба будзе падкарэктаваць.

Прадстаўнiкi Брэсцкага рэгiёна звярнулi ўвагу мiнiстра адукацыi на наступную акалiчнасць: у вобласцi толькi 60% выхавальнiкаў маюць спецыяльную адукацыю. I, паводле дзейнай Iнструкцыi па атэстацыi, для 40% выхавальнiкаў перспектыў у рабоце няма, паколькi яны пазбаўлены права атрымаць квалiфiкацыйную катэгорыю. Тыя, хто ўжо атрымаў другую катэгорыю, не могуць разлiчваць на першую i вышэйшую катэгорыi, а маладыя спецыялiсты-педагогi, для якiх не знайшлося працы ў школе i якiя былi накiраваны ў сiстэму дашкольнай адукацыi па размеркаваннi, больш чым на два гады там не затрымаюцца. А што рабiць загадчыкам дашкольных устаноў i iх намеснiкам, якiя пазбавiлiся магчымасцi пацвердзiць або атрымаць квалiфiкацыйную катэгорыю?

На думку мiнiстра адукацыi, прапановы брастаўчан вельмi слушныя. Сiтуацыя ў дашкольнай адукацыi непакоiць ўсiх. Таму пры пераглядзе iнструкцыi трэба будзе ўлiчыць усе абставiны, у тым лiку i сiтуацыю з атэстацыяй кiраўнiкоў устаноў адукацыi. Асноўная iх дзейнасць — кiраванне i эканомiка, гэта, хутчэй, менеджары ў адукацыi. Таму па кiраўнiках устаноў адукацыi ўсiх узроўняў (дашкольнай, сярэдняй, прафесiйна-тэхнiчнай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi) трэба будзе прымаць асобнае рашэнне.

Надзея НIКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.