Вы тут

Сітуацыя вакол Беларусі становіцца больш дынамічнай


Мінулы тыдзень быў адзначаны цэлым шэрагам гучных падзей, якія сведчаць аб тым, што сітуацыя ў краіне і вакол яе набывае ўсё большы дынамізм.

Самай гучнай навіной для рэгіёна стала, безумоўна, адмова ўкраінскага ўрада ад далейшай падрыхтоўкі да падпісання дагавора аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам. Прымаючы такое рашэнне, урад і прэзідэнт Украіны спаслаліся на тое, што гэты працэс прывёў да пагаршэння гандлёва-эканамічных адносін з Расіяй. Гэтая заява суправаджалася шматлікімі ўцечкамі інфармацыі аб тым, што меў месца шантаж з боку Масквы ў дачыненні да Кіева.

Аднак відавочна, што за адмовай на гэтым этапе ўкраінскага ўрада ад еўраінтэграцыі ёсць яшчэ дзве не менш істотныя акалічнасці. Па-першае, няздольнасць Бруселя прапанаваць украінскаму боку прымальныя ўмовы інтэграцыі. Апублікаваны праект дагавора аб асацыяцыі з ЕС прадугледжваў вялікую колькасць аднабаковых абавязацельстваў Украіны перад ЕС і фактычна ўяўляў сабой легальную форму каланізацыі ўкраінскай тэрыторыі. Па-другое, і еўраінтэграцыя, і палітычная рэформа, якую яна прадугледжвае, магла прывесці да істотнага змянення балансу сіл у краіне і страты пазіцый вядучымі фінансава-палітычнымі групоўкамі.

Як бы там ні было, на гэтым этапе такое развіццё падзей азначае паражэнне Еўрасаюза. Але ў той жа час становіцца відавочным, што самае цікавае — яшчэ наперадзе.

На фоне гэтага ўзмацнення напружанасці Рэспубліка Беларусь працягвала рэалізацыю складанай «міжблокавай» палітыкі. З аднаго боку, міністр замежных спраў Уладзімір Макей выступіў з сенсацыйным інтэрв'ю польскаму выданню Dzіеnnіk Gаzеtа Рrаwnа. У ім кіраўнік беларускага МЗС не выключыў магчымасці далучэння Беларусі да Еўрапейскага саюза ў будучыні. Мабыць, гэта першая заява такога зместу на падобным узроўні за многія гады.

Адначасова на мінулым тыдні Беларусь актыўна ўзаемадзейнічала з партнёрамі ЕС у рэгіёне — Турцыяй і Азербайджанам. Візіт прэзідэнта нашай краіны ў Баку быў адзначаны дасягненнем стратэгічных дамоўленасцяў аб магчымым удзеле азербайджанскага капіталу ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Перш за ўсё, гаворка ідзе аб продажы дзярждолі ў капітале кампаніі МТС, але таксама і пра шэраг іншых прывабных праектаў.

Што тычыцца Турцыі, то прыезд спікера парламента гэтай краіны ў Мінск спрыяў замацаванню дасягнутых раней пагадненняў і фарміраванню палітычнай сферы беларуска-турэцкіх адносін. Кіраўнікі парламентаў дзвюх краін падпісалі дакументы аб развіцці супрацоўніцтва паміж гэтымі прадстаўнічымі органамі.

На гэтым фоне не быў забыты і «ўсходні вектар». 20 лістапада Генеральная пракуратура Беларусі прыняла рашэнне аб экстрадыцыі арыштаванага ў Мінску топ-менеджара кампаніі «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера. А ўжо ўвечары 21 лістапада ён быў перададзены расійскім праваахоўным органам і накіраваны ў СІЗА ў Маскве. Такім чынам, Мінск пайшоў насустрач патрабаванням расійскага ўрада, што дазволіла адысці ад даволі далікатнай сітуацыі ў двухбаковых адносінах.

Праўда, якраз у дзень прыняцця рашэння ў дачыненні да Баўмгертнера прэм'ер-міністр Расіі, выступаючы на савеце кіраўнікоў урадаў СНД, адхіліў прапанову беларускага боку аб выпрацоўцы на прасторы Садружнасці скаардынаванай прамысловай палітыкі. Ды і наогул паводзіў сябе даволі рэзка, ва ўльтыматыўнай форме паставіўшы пытанне аб завяршэнні перамоў па аб'яднанні МАЗа і КамАЗа. Гэта яшчэ раз пацвярджае адсутнасць канструктыўнага настрою ў інтэграцыйных справах у расійскага савета міністраў. А значыць, пацвярджаецца і абгрунтаванасць крокаў, накіраваных на нармалізацыю адносін з Еўрапейскім саюзам і яго партнёрамі ў рэгіёне. Беларусь павінна пашыраць свае магчымасці для дзеяння і манеўру.

Дарэчы, гэтаму ў немалой ступені можа спрыяць паспяховае і больш хуткае рашэнне праблем у сферах будаўніцтва і дрэваапрацоўкі. Па сутнасці, як высвятляецца сёння, правал мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны стаў сур'ёзным ударам па пазіцыях краіны на міжнароднай арэне. Па-першае, ён паказаў слабасць прамысловай палітыкі краіны, пазбавіў яе магчымасці прэтэндаваць на ролю лідара ў працэсе мадэрнізацыі прамысловасці. Па-другое, ён абумовіў недаатрыманне значных сум валютнай выручкі беларускай дзяржавай. Таму цяперашнія намаганні па завяршэнні мадэрнізацыі і адпаведныя жорсткія кадравыя рашэнні з'яўляюцца, безумоўна, неабходнымі.

Дарэчы, жорсткія кадравыя рашэнні з'яўляюцца не паказухай, а часткай новага палітычнага стылю, які адпавядае новай палітычнай сітуацыі. На нарадзе ў Прэзідэнта краіны па пытанні рэфармавання судовай сістэмы 19 лістапада стала зразумела, што Аляксандр Лукашэнка пайшоў на яшчэ адно сур'ёзнае рашэнне — правядзенне рэферэндуму ў Беларусі. Падставай для такога кроку з'яўляецца прынятае рашэнне аб ліквідацыі ў краіне гаспадарчых судоў, уключаючы Вышэйшы Гаспадарчы Суд, палажэнні аб якім замацаваны ў Канстытуцыі краіны. Пераўтварэнне судовай сістэмы павінна быць завершана да 1 студзеня 2014 года. А гэта значыць, што мы ўжо фактычна ўступілі ў новы палітычны сезон. Няхай звязаны ён з даволі фармальнай нагодай, але ў любым выпадку правядзенне рэферэндуму — гэта заўсёды вырашэнне пытання аб даверы таму курсу, які праводзіць кіраўніцтва краіны.

Юрый ЦАРЫК

 

Загаловак у газеце: Вынікі тыдня 16-22 лістапада. Сітуацыя вакол Беларусі становіцца больш дынамічнай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».