Вы тут

Якія работы ў пад'ездзе выконвае ЖЭС, а якія — самі жыльцы?


У рэдакцыю патэлефанаваў наш чытач Вячаслаў Пісарык са Слуцка і паскардзіўся, што ў іх над пад'ездам ёсць ліхтар, але ў ім няма лямпачкі. І што нагадваць ЖЭСу, каб укруцілі ў ліхтар лямпачку, трэба па 2—3 месяцы! То ў ЖЭСа няма вышкі, то няма лямпачак... А між тым каля пад'езда вечарамі пануе несусветная цемра. Ці нармальнае такое становішча спраў? — цікавіцца чытач.

Вядома ж, не. Дарэчы, ліхтар над пад'ездам Вячаслава Васільевіча загарэўся на наступны ж дзень пасля яго званка ў рэдакцыю. Ну, а мы вырашылі даведацца ў спецыялістаў, якія работы ў пад'ездзе і ў які тэрмін павінен выконваць ЖЭС, а якія — самі жыльцы.

Пра гэта мы запыталіся ў намесніка дырэктара ЖРЭА Цэнтральнага раёна г. Мінска па добраўпарадкаванні Таццяны Несцяровіч:

— ЖЭС павінен ажыццяўляць мыццё вокнаў — 1 раз у год, мыццё пад'езда — 2 разы на месяц, падмятанне пад'езда штодня.

Жыльцы, са свайго боку, павінны падтрымаць парадак, не засмечваць пад'езд (мы прыбіраем так званае выпадковае смецце), не павінны пускаць туды старонніх, асабліва асоб без пэўнага месца жыхарства.

Мы стараемся прыбіраць усе пад'езды, — адзначыла Таццяна Несцяровіч. — Але калі на нейкім участку няма прыбіральшчыцы, то мы на экране якасці, які штодня вядзецца па кожным доме і кожным пад'ездзе, адзначаем працу як нявыкананую або выкананую няякасна. Жыльцы ў нас аплачваюць камунальныя паслугі толькі на 24%, таму мы здымаем аплату за нявыкананую працу не з іх, а з бюджэту — ці, іншымі словамі, не бяром за гэтую працу грошай з бюджэту горада.

А вось што адказаў на наша пытанне намеснік дырэктара ЖРЭА Цэнтральнага раёна г. Мінска па вытворчасці Аляксей Собаль:

ЖЭС ажыццяўляе замену лямпачак у пад'ездзе. Прычым такая заяўка павінна быць выканана на працягу працоўнага дня, або, як мы кажам, «дзень у дзень». Таксама мы выконваем нейкія дробныя работы — напрыклад, рамантуем уваход у пад'езд, калі яго заліла. Што тычыцца рамонту пад'езда, то, згодна з новым Жыллёвым кодэксам, ён ажыццяўляецца з долевым удзелам жыльцоў. Гэта значыць, што на агульным сходзе жыльцоў усе запаўняюць апытальны ліст, і калі 50% ці больш галасуюць «за», то прызначаецца старэйшы па пад'ездзе, з якім ЖЭС у далейшым вядзе дыялог. Менавіта са старэйшым па пад'ездзе ўзгадняецца аб'ём работ, якая будзе выбрана фарба, яе колер і г.д. Затым робіцца рамонт, а выдаткі на яго дзеляцца на ўсіх пароўну і выстаўляюцца ў жыроўках пакватэрна.

Святлана Бусько.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?