Вы тут

20 гадоў фестывалю: паказанні сведак...


...адлюстраваны ў кнізе кінакрытыка Людмілы Саянковай

Яна ведае фестываль ад пачатку. За два дзесяцігоддзі яго існавання Людміла Саянкова была на ім у розных іпастасях: кіравала прэс-цэнтрам, неаднаразова працавала і нават узначальвала журы розных конкурсных праграм, была госцем і нават звычайным гледачом. Але ўвесь час пільна прыглядалася да таго, што адбываецца на фесты-валі і як ён уплывае на развіццё кінапрацэсу ў Беларусі, аналізавала, пісала пра яго ў розных выданнях. Вынікам назіранняў і роздумаў стала кніга: «Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад»: праз 20 гадоў».

1384000372612_1

Кніга вядомага кінакрытыка і журналісткі Людмілы Саянковай убачыла свет да 20-годдзя «Лістапад» ў выдавецкім доме «Звязда».
Гісторыя фестывалю разглядаецца ад пачатку, ад першых крокаў, якія тады, у 1994-м, шмат каму здаваліся дзіўнымі, наіўнымі, нават смешнымі, да цяперашняга моманту, калі «Лістапад» ужо сцвердзіўся як міжнародны кіна-форум. Але ўсё гэта — праз уласную душу і клопат за тое дзіцятка, якое ў Беларусі стваралі шмат людзей.
Людміла Саянкова распавядае:
— У гэтай кнізе паядналіся журналістыка і кінакрытыка. Я паставіла сабе за мэту абавязкова паразмаўляць з усімі тымі, хто рабіў фестываль. Першы чалавек, які быў на маім шляху, — Сяргей Арцімовіч, цяпер расійскі кінарэжы-сёр, прадзюсар, сцэнарыст. Менавіта яго ідэя ляжала ў аснове арганізацыі фестывалю ў Мінску. Мне было скла-дана яго знайсці, але дапамаглі сучасныя тэхналогіі. Я вельмі хацела, каб было інтэрв'ю з Валянцінай Сцяпана-вай, якая даўжэй за ўсіх кіравала фестывалем. Але, на жаль, не атрымалася. Аднак нейкая форма зносін і дыялогу з Валянцінай Сцяпанавай усё ж ёсць. Яе праца вялізная, яна зрабіла шмат для таго, каб «Лістапад» развіваўся. Я вельмі ўдзячная Аляксандры Захарэвіч, якая кіравала фестывалем адзін год. Удзячная Анжаліцы Крашэўскай, якая апошнія некалькі гадоў адказвае за арганізацыю форуму. Яна гаварыла са мной вельмі шчыра. Яшчэ адзін герой — праграмны дырэктар фестывалю Ігар Сукманаў, які яшчэ са школы быў кінаманам. Вельмі ўдзячная Іры-не Дзям'янавай, адказнай за дакументальную праграму, з якой у нас агульнае кінамінулае і кінасучаснасць. Раз-маўляючы з усімі гэтымі людзьмі, я зразумела адну рэч: у іх адны і тыя ж праблемы, пачынаючы з 1994 года і да 2013-га. Яны пераадольваюць адны і тыя ж бар'еры. Іх магло б быць меней, каб у нас было пачуццё нацыяналь-нага гонару. Фестываль вельмі важны для краіны: тут складваецца поле дыялогу. Мы знаёмімся, спазнаем адзін аднаго, глядзім новае кіно, даведваемся пра новых аўтараў. Усе хацелі б аднаго: каб ён працягваўся. Гэта наш брэнд. Таму што «Лістапад» выводзіць краіну ў сусветную культурную прастору.
Пра гэта Людміла Саянкова пісала як кінакрытык і як кінажурналіст шмат гадоў. Таму смела можна казаць, што кніга пісалася 20 гадоў. Таму што ў ёй сабраныя артыкулы і агляды, надрукаваныя ў беларускіх выданнях, у асноўным у часопісе «На экранах». Аўтар прызналася, што разам з фестывалем яна пражыла доўгае жыццё. Ён мяняўся — і яна мянялася. Але нават раннія працы вырашыла змясціць у кнізе: гэта сведкі часу.
Аднак галоўныя сведкі — людзі, якія прычыніліся да існавання фестывалю. Аўтар ідэі і першы арганізатар Сяргей Арцімовіч узгадвае:
— Я працаваў урачом, але нечакана для сяброў і блізкіх паступіў на рэжысёрскія курсы ў Маскве. Гэта быў той час, калі кіно амаль перасталі здымаць. Але «Беларусьфільм» заўсёды працаваў. Я ў той час жыў на два гарады: на Маскву і на Мінск. У Маскве нават пры разбураным кінапракаце фільмы, якія з'яўляліся, паказваліся на нейкіх пляцоўках. Рэшткі савецкай кінапрасторы былі завязаны на кінацэнтр. Я падумаў: трэба паказаць гэтыя фільмы ў Мінску. Шмат у каго гэта выклікала смех. Пасля доўгага хаджэння па ўсялякіх дзяржаўных і недзяржаўных установах я амаль адчаяўся, але «Белпрамбудбанк» пагадзіўся мне даць 20 тысяч долараў. Гэта бюджэт першага фестывалю «Лістапад» у 1994 годзе. Сума пайшла на квіткі і на гасцініцы... Пасля першага фестывалю адным з са-мых вялікіх скептыкаў сярод беларускіх артыстаў быў Расціслаў Янкоўскі. Ён казаў: «Гэта баль падчас чумы. Які фестываль, калі кіно няма?..» Я лічу яго адным з яркіх артыстаў у савецкім кіно. І вось я як прадзюсар Мінскага кі-нафестывалю паехаў на «Кінатаўр», дзе быў прэзідэнтам Алег Янкоўскі. Аднойчы была такая карціна: бачу, ідзе па пляжы Алег Іванавіч у белай кашулі з люлькай. Побач з ім Марк Рудзінштэйн. І Расціслаў Іванавіч з жонкай. Увесь пляж на іх развярнуўся. У мяне ўспышка: трэба і нам мець Янкоўскага ў якасці прэзідэнта. Гэта будзе вель-мі правільна, будзе роднасць з галоўным фестывалем Расійскай Федэрацыі. І Расціслаў Іванавіч вельмі яркі, ма-гутны чалавек, здольны быць на чале «Лістапад». Я вельмі рады, што ён стаў старшынёй, таму што ўсе гэтыя гады ён падтрымліваў фестываль сваім аўтарытэтам...
Такіх успамінаў шмат, як і шмат людзей, якія мелі дачыненне да «Лістапада» ў розныя перыяды. Некаторыя героі кнігі, як, напрыклад, Ірына Дзям'янава, удзячныя аўтару, што здаюцца разумнейшымі ў інтэрв'ю. Але не кожны паасобку, а ўсе разам ствараюць летапіс мінскага кінафестывалю і вобраз кінематаграфічнай Беларусі.
— Я мару пры тыя дні, калі тут будзе годна прадстаўлена беларуская праграма — не толькі дакументальнага кіно, але і ігравога, — прызналася аўтарка.

1384000376976_2

Алесь Карлюкевіч, дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда», адзначыў:

— Што ўразіла ў кнізе: досвед Людмілы Пятроўны, які тут выяўляецца, ён грунтуецца на глыбокім веданні сусветнага кінематографа. І навідавоку імкненне наблізіць да сусветнага кінематографа Беларусь.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».