Вязынка


Сёлета, натхнёныя леташнiм цудоўным падарожжам у Азярцо, у Беларускi дзяржаўны музей архiтэктуры i побыту пад адкрытым небам, мы вырашылi замацаваць традыцыю i Дзень друку зноў адзначыць на выездзе. 

Павагаўшыся-паспрачаўшыся, куды б паехаць — бо ў нас з гэтым узнiклi пэўныя цяжкасцi, выбралi ўрэшце купалаўскую Вязынку. Дадаўшы ў якасцi бонуса «Лiнiю Сталiна». На тым большасцю галасоў i спынiлiся...

З Вязынкай у мяне звязаны асабiстыя ўспамiны яшчэ са студэнцкага жыцця — дакладней, шкадаванне аб iх адсутнасцi.

1383623453565_5-7

Здаецца, на першым цi другiм курсе факультэта журналiстыкi БДУ мае аднагрупнiкi надумалiся ехаць на традыцыйнае Купалле ў Вязынку. I паехалi. А ў мяне не атрымалася — ужо нават не памятаю чаму. Потым я з непрыхаванай зайздрасцю слухала iх расповеды i марыла: калi-небудзь я там абавязкова пабываю! Гэта стала ў нейкiм сэнсе назойлiвай iдэяй.

I вось сёлета «калi-небудзь» наступiла — усяго праз нейкiя тры дзясяткi гадоў. Падумаеш — такая дробязь для нас, вечна маладых душой!

Вязынка — адзiн з фiлiялаў Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы. У iншых фiлiялах — Акопах, Ляўках, Яхiмоўшчыне — бываць не даводзiлася, але, здаецца мне, што ў Вязынцы атмасфера асаблiвая. Нездарма ж менавiта тут да дня нараджэння народнага паэта Беларусi Янкi Купалы праводзяцца рэспублiканскiя святы паэзii, а таксама традыцыйныя злёты студэнтаў-фiлолагаў БДУ. А апошнiм часам, чула, тут сталi традыцыйнымi яшчэ i фiнальныя канцэрты конкурсу аўтарскай песнi «Купалаўскiя вакацыi», а таксама каляндарныя народныя святы.

Але мэта нашай вандроўкi — не адно з гэтых свят. Па-першае, святкаванне Дня друку да таго часу адкладваць было проста непрыстойна, а па-другое, няма нiчога горшага для першага знаёмства з мясцiнай цi музеем, чым патрапiць туды падчас нейкага вялiкага свята цi любога iншага ўрачыстага мерапрыемства: мноства народу, таўкатня, афiцыйныя (пераважна) прамовы, выступленнi — словам, нi духу мясцiны, нi настрою ты не адчуеш. Але гэта маё асабiстае меркаванне. Калi нехта палiчыць за лепшае пасля ўзгадаць «I я там быў...», дык, як той казаў, сцяг (у нашым выпадку — карту) вам у рукi.

1383623457711_5-8

Дарэчы, пра карту. Вязынка знаходзiцца непадалёк ад нашага Астраўца, у Маладзечанскiм раёне. I калi ехаць у Мiнск па старой маладзечанскай шашы, то збочыць — ёсць адпаведны ўказальнiк — трэба зусiм недалёка.

Па дарозе мы спрабавалi ўспомнiць i пачытаць на памяць вершы Купалы. Да нашага агульнага сораму, спаборнiцтва не атрымалася: успомнiлася класiчнае «А хто там iдзе?», «Мужык», папулярная дзякуючы «Песнярам» «Малiтва», колькi радкоў з «Бандароўны» i «Гусляра»... Шчыра скажам, не густа, — пасыпаем галовы попелам. Але, думаю, пасля вандроўкi ў Вязынку ў многiх, як i ў мяне, узнiкла жаданне ўзяць у рукi купалаўскi зборнiк — перачытаць любiмыя творы...

Цяжка сказаць, чаму фiлiял у Вязынцы мае такую асаблiвую папулярнасць. У жыццi народнага паэта Беларусi Янкi Купалы гэтыя мясцiны — безумоўна, чароўныя i непаўторныя ў сваёй прыгажосцi — тым не менш не адыгралi (проста не маглi адыграць!) асаблiва значнай ролi. Па той простай прычыне, што сям'я арандатараў Луцэвiчаў Дамiнiка Ануфрыевiча i Бянiгны Iванаўны жыла ў гэтым доме, дзе i нарадзiўся ў 1882 годзе iх старэйшы сын Ясь, усяго год. А затым беззямельным шляхцiцам давялося арандаваць зямлю ў розных паноў, каб пракармiць сваю шматдзетную сям'ю.

Хоць, зрэшты, такую папулярнасць зразумець усё ж можна. Не ведаю, цi зрабiла Вязынка ўплыў на творчасць Янкi Купалы — але паэзiяй у гэтым кутку, здаецца, напоена само паветра. I хоць недзе паблiзу грукочуць электрычкi, такое ўражанне, што цягнiкi iдуць у iншым свеце, iншым вымярэннi, адкуль даносяцца толькi гукi. А тут — незвычайныя цiшыня i спакой, i люстраная гладзь рэчкi, i жоўтыя вочкi дзьмухаўцоў, што гуллiва перамiргваюцца з блакiтнымi незабудкамi, нiбы запрашаючы дзяўчат сплесцi вяночак i пусцiць яго на ваду... А недзе там, у глыбiнi гушчару, хутка зацвiце папараць-кветка... Напэўна, тут проста немагчыма не пiсаць вершы! Ва ўсякiм разе, чытаць iх душа просiцца.

Сонцу-яснагрэю
Расплятае косы,
Ранiцамi сее,
Як брыльянты, росы.
Сцелецца травiцай,
Ветрыкам шапоча,
Коцiцца крынiцай,
Рыбкаю плюскоча...

Мы толькi выйшлi з аўтобуса — i нас сустрэў сапраўдны канцэрт, якi хорам (i сола) давалi... жабы. I было гэта настолькi сугучна са згадкамi вясковага дзяцiнства большасцi з нас, што мы ўсе — адразу i беспаваротна! — улюбiлiся ў Вязынку! А потым на змену жабам, якiя, вiдаць выступалi «на разагрэве», уступiлi салаўi — сярод белага спякотнага дня! I сталi выдаваць такiя «каленцы», што, скажам шчыра, нават iсцi ў музей не хацелася...

Купалаўскi музей, прызнаюся, саступае Азярыцкаму — зрэшты, параўноўваць iх, напэўна, не зусiм карэктна: статус, задачы i прызначэнне ў iх розныя. I, тым не менш, хоць хата, у якой размешчана музейная экспазiцыя, i збудавана па ўспамiнах старажылаў такой жа, як была пры Луцэвiчах, усё ж той факт, што ад колiшняй засталося толькi некалькi бярвёнаў (да якiх iмкнуцца дакрануцца госцi), ды сучасныя стэнды ўздоўж драўляных сцен наводзяць на думкi аб грунтоўна, дасканала зробленай — але ўсё ж бутафорыi... I свiран, у якiм таксама створана музейная экспазiцыя — цудоўная мэбля, дыхтоўная, арыгiнальная, зробленая сапраўднымi майстрамi з пнёў ды калод... Але ж яўна не купалаўская... Можа, таму (а можа, i не) у купалаўскiм музеi мяне чамусьцi, кажучы сучаснай мовай, не «торкнула»: неблагая экспазiцыя, але нейкая яна... Без душы, цi што?

Адзiнае, што зачапiла, — дык гэта расповед экскурсавода пра сям'ю Луцэвiчаў i той факт, што мясцовая панi Алiмпiя (а Луцэвiчы арандавалi зямлю ў мясцовых памешчыкаў Замбжыцкiх) некалi рабiла ласку маладой сям'i збяднелых шляхцiцаў, пагадзiўшыся пахрысцiць iх першынца Яську. А пазней, калi тут ствараўся музей народнага паэта Беларусi, апошнi з Замбжыцкiх, Юзаф, быў вельмi рады, што яму, нашчадку колiшнiх паноў, дазволiлi жыць пры доме-музеi ў прыбудаваным трохсценку... Такая вось яна, парадаксальнасць i непрадказальнасць жыцця...

Але Вязынка — гэта не толькi i не столькi музей, колькi запаведнiк вакол яго. Ах, як там хораша! Я думаю, што заўсёды. Але ў тыя майскiя днi — асаблiва! Настолькi, што не хацелася ад'язджаць. Блукаць бы i блукаць, забыўшыся на час i паўсядзённыя клопаты, па яго сцяжынках... Спынiцца каля крынiчкi, што выцякае з-пад каменя, узгадаўшы купалаўскiя радкi:

Коцiцца, ўецца далiнкай крынiца,
Б'ецца, плюскоча ў каменнях вадзiца...
Далей плыве i плюскоча.
Белымi грудкамi лёгшы на траўцы,
Хоча дзяўчынка к вадзiцы дастацца,
Губкамi чэрпнуцi хоча.

Прайсцi па драўляным мастку... Нарваць кветак i сплесцi вяночак... Пасядзець на вярбе, што спусцiла голле да самай вады... I паспрабаваць адчуць, як нараджаюцца вершы.

Пасля наведвання гэтых, без перабольшвання, цудоўных мясцiн мы зразумелi, чаму па рашэннi ЮНЕСКА Вязынка была ўключана ў сусветны турыстычны маршрут. Вядома, найперш гэта — данiна памяцi народнаму паэту Беларусi Янку Купалу. Але яшчэ — i беларускай зямлi, якая нарадзiла такога паэта...

Нiна Рыбiк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».