Вы тут

Мастацтва, яшчэ больш мастацтва!


Адкрыццё кінафестывалю «Лістапад-2013»: сціпла і з густам?

Учора нарэшце стартаваў юбілейны 20-ы Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Урачыстае адкрыццё найбуйнейшага і самага ўплывовага кінафоруму краіны адбылося ў вялікай зале Палаца Рэспублікі. Але перш чым на сцэне вядучыя павіталі гасцей і ўдзельнікаў фестывалю больш чым з 10 краін свету, а старшыня фэсту Генадзь Давыдзька разбіў традыцыйную «кінематаграфічную» талерку (перад пачаткам кіназдымкаў аб камеру заўжды б'юць талерку з назвай фільма і аўтографамі ўдзельнікаў), у холе Палаца Рэспублікі па чырвонай дарожцы прайшлі ганаровыя госці фестывалю.

1383369327331_1

На выпадак непагадзі сёлета чырвоную дарожку вырашылі размясціць унутры палаца. Звязана гэта яшчэ і з тым, што па ёй меліся прайсці не проста «зоркі», а «зоркі» ў сукенках ад французскага куцюр'е Дэні Дзюрана, які адзявае славутасцяў для чырвонай дарожкі Канскага кінафестывалю. Строі куцюр'е — гэта ўнікальныя, выкананыя ў адным экзэмпляры сукенкі ручной работы, аздобленыя вышыўкай, бісерам, карункамі, крышталямі Swarowskі. Менавіта ва ўсёй гэтай прыгажосці і з'явіліся на «лістападаўскай» чырвонай дарожцы беларускія актрысы Ганна Палупанава, Паліна Сыркіна, Яўгенія Жуковіч, Аляксандра Балышава, Юлія Палубінская ды іншыя.

Усяго па чырвонай дарожцы прайшлі больш за 130 беларускіх і замежных славутасцяў, сярод якіх Тамара Міронава, Валерыя Арланава, Аляксандр Яфрэмаў, Алег Гарбуз, Зоя Белахвосцік, Віктар Манаеў, Ганна Хітрык, Таццяна Мархель, Ігар Сігоў, Галіна Данэлія, Уладзімір Гасцюхін, Кіра Муратава, Брыянтэ Мяндоса, П'ер Леон, Рэно Легран ды іншыя.

Ганаровымі гасцямі цырымоніі адкрыцця кінафестывалю сталі філіпінскі рэжысёр Брыянтэ Мяндоса, украінскі рэжысёр Кіра Муратава, французскі рэжысёр П'ер Леон, які ўжо неаднойчы бываў у Мінску з майстар-класамі, і акцёр Рэно Легран.

Вядучымі цырымоніі адкрыцця сёлета былі рэжысёр і сцэнарыст Сяргей Кацьер, вядучая Белтэлерадыёкампаніі Вікторыя Сянкевіч і акцёр размоўнага жанру Вадзім Галыгін.

Напэўна, у сувязі з абмежаваным фінансаваннем, а таксама ў сувязі са зменай статусу кінафестывалю на больш сур'ёзны і дарослы, прыкладам для якога з'яўляюцца такія сусветныя кінафестывалі класа «А», як Канскі, Венецыянскі ды Берлінскі, дарагіх расійскіх «зорак», якія выбягаюць на сцэну на 10 хвілін, каб памахаць ручкай, сёлета не было. Абышліся выступамі класічных беларускіх калектываў кшталту «Класік-Авангард» ды цудоўнымі галасамі беларускіх оперных спевакоў, сярод якіх прагучаў, напрыклад, наш выдатны барытон Ілья Сільчукоў. Словам, высакародная класіка і высокая мода сталі галоўнымі на адкрыцці 20-га кінафестывалю «Лістапад». Яно і зразумела. Усё ж кінафестываль — гэта не шоу-бізнес-падзея, а самавіты арт-івэнт. Тут галоўнае — не дарагія «зоркі», а сапраўднае кіно. «Лістапад» даволі слушна выбраў менавіта такі шлях развіцця. Праўда, арганізатары фестывалю — «АРТ Карпарэйшн» — несупынна за яго змагаюцца. Назіраеш за некаторымі працэсамі збоку, і часам здаецца, што Міністэрства культуры — адзін з заснавальнікаў фэсту — бачыць фестываль нейкім іншым. І не ўпэўнена, што гэты вобраз у стылі «Харацьян-Галыгін-Башараў» мне асабіста надта падабаецца...

Але адкрыццё кінафестывалю — гэта толькі пачатак. Сёлетняе сціплае, але амбітнае мерапрыемства ў Палацы Рэспублікі хіба што дало старт вялікай машыне, якая будзе працаваць на працягу ўсяго фестывальнага тыдня. У гэты час аматары кіно, кінадзеячы і журналісты звычайна амаль нічога не ядуць і праводзяць увесь час на паказах і творчых сустрэчах. 5 фільмаў за дзень на вялікім экране — гэта нармальны расклад жыцця ва ўмовах фестывалю. І гэта нездарма. Насамрэч «Лістапад» — бадай, адзіная магчымасць для большасці прадстаўнікоў прэсы распавядаць пра ўсё шаноўным чытачам. А таксама для многіх кінадзеячаў — паглыбіцца ў сусветны кінакантэкст не завочна, а наўпрост. Кіно на вялікім экране, сусветна вядомыя рэжысёры, акцёры і дырэктары кінафестываляў... Наўрад ці многія могуць пахваліцца пастаяннымі паездкамі за мяжу на міжнародныя кінафэсты класа «А», каб, як той казаў, быць у тэме. А ў кіно насамрэч цяпер адбываюцца такія працэсы татальных змен, эвалюцыі і дэградацыі, што не быць у тэме — проста сорамна і непрыемна.

Наперадзе яшчэ шмат розных цікавінак. Так, адбудзецца і закрыты паказ калекцый «ат куцюр» і «прэт-а-партэ» французскага куцюр'е Дэні Дзюрана. А 2 лістапада а 23-й гадзіне ў сталічным клубе «Loft cafe» адбудзецца вечарынка ў французскім стылі з удзелам спецыяльна запрошанага дыджэя Сезара Мэрвэя. Такім чынам, фестываль набывае новы, свежы, больш моладзевы фармат і прываблівае маладую аўдыторыю на свае пляцоўкі. Тым самым спрабуючы выхаваць новае пакаленне беларусаў, якое будзе любіць, паважаць якаснае кіно і разбірацца ў ім.

Асобнай увагі заслугоўвае і прэзентацыя фотавыставы народнага артыста Літвы Юозаса Будрайціса, з якім нядаўна ў «Звяздзе» выходзіла асобнае інтэрв'ю і які сёлета з'яўляецца не толькі ганаровым госцем фестывалю, але і членам журы асноўнага конкурсу ігравога кіно.

Асобныя сустрэчы адбудуцца з дырэктарам Варшаўскага міжнароднага кінафестывалю Стэфанам Лаўдынам і праграмным дырэктарам Адкрытага расійскага кінафестывалю «Кінатаўр» Сіторай Аліевай (яна таксама сёлета ў журы асноўнага ігравога конкурсу). Яны распавядуць пра асаблівасці сваіх кінафэстаў, пра трэнды і тэндэнцыі ў сусветным кінематографе, а таксама пра тое, як фестывалі адкрываюць новыя імёны ў кінаіндустрыі.

Ну, і традыцыйна звяртаю асобную ўвагу на праграму дакументальнага кіно. Часам яна незаслужана застаецца па-за ўвагай. Але памятайце, што на «Лістападзе-2013» пройдзе: а) асобная рэтраспектыва беларускіх дакументальных фільмаў; б) спецыяльная праграма «The Best», у якой сабраны дакументальныя фільмы-пераможцы сусветна значных кінафестываляў вытворчасці ад Індыі і Аўстраліі да Швейцарыі; в) у Акадэміі мастацтваў (вул. Чычэрына, 1), — асобная праграма музычных дакументальных фільмаў «Музыка. DOC», у рамках якой пакажуць, напрыклад, фільм «SVET» пра лідара вядомага беларускага блюз-бэнда «Svet Boogіe Band» Святаслава Хадановіча (Свет), які трагічна загінуў некалькі гадоў таму; г) усе конкурсныя фільмы дакументальных конкурсаў рэкамендуюцца для прагляду таксама.

Па магчымасці «Звязда» будзе інфармаваць вас пра ўсе самыя цікавыя падзеі кінафестывалю «Лістапад». Шукайце таксама інтэрв'ю з вядомымі гасцямі фэсту на нашых старонках.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».